Кузьма Чорны

Кузьма Чорны, сапр.: Мікалай Карлавіч Раманоўскі нарадзіўся 11 чэрвеня 1900, маёнтак Лапацічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, Іншыя псеўданімы: Максім Алешнік; М. Біруля; Ігнат Булава з-пад Турава; Вясёлы; М. Сідарэўскі; Сусед-вясёлы; Раман Талапіла; Арцём Чамярыца; Сымон Чарапкевіч; А. Чорны; Крыптанімы: Р. М.; М. Р-скі; К. Ч.) — беларускі празаік, драматург, публіцыст.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Цімкавіцкае народнае вучылішча. У 1916 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, але скончыць яе не здолеў, бо ў 1919 годзе семінарыю зачынілі польскія ўлады. Першыя артыкулы і вершы апублікаваў у 1920 годзе. У 1923 годзе паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе правучыўся два курсы. З 1923 года член літаб'яднання «Маладняк». Яшчэ будучы студэнтам, у 1924 пачаў працаваць у газеце «Беларуская вёска». У 1925 выйшлі першыя кнігі — «Апавяданні» і «Срэбра жыцця». У 1926—1931 гг. быў старшынёй літаб'яднання «Узвышша». У 1932—1937 гг. — галоўны літкансультант кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года. Арыштаваны 14.10.1938. 8 месяцаў сядзеў у Мінскай турме, з іх 6 — у камеры-адзіночцы. Следчыя рэгулярна катавалі вязня. Змардаваны душой і целам пісьменнік вызвалены 8 чэрвеня 1939 года. Тры новыя раманы, аб'ёмнае літаратуразнаўчае даследаванне паэмы Я. Коласа «Новая зямля» згарэлі ў першыя дні вайны. З напісанага ў гэты час захавалася толькі п'еса «Ірынка» (1940). У 1941—1944 гадах знаходзіўся ў эвакуацыі (пераважна ў Маскве).

Удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў над раманамі «Вялікі дзень» (1941—1944), «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны Шлях» (1944), аповесцямі (засталіся незакончанымі) «Скіп'ёўскі лес», «Сумліцкая хроніка», «Смага». Апошнія творы пісьменніка доўгія гады заставаліся ў рукапісах. У гады Вялікай Айчыннай вайны выйшлі зборнікі фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942) і апавяданняў «Вялікае сэрца» (1945). У верасні 1944 года вярнуўся ў Мінск, працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь». Памёр ад інсульту ў выдзеленай Саўнаркамам кватэры-пакоі 22 лістапада 1944 года.

Помнік Кузьму Чорнаму. Вайсковыя могілкі, Мінск

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалем.

Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.