Максім Гарэцкі

Максі́м Іва́навіч Гарэ́цкі нарадзіўся 6 лютага 1893, в. Малая Багацькаўка— беларускі пісьменнік, дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, літаратуразнаўца, лексікограф, фалькларыст. Адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы. Зрабіў вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры і фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці.

Аўтар аповесці «Дзве душы», дакументальна-мастацкіх запісак «На імперыялістычнай вайне», раманаў «Віленскія камунары» і «Камароўская хроніка». Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры», аўтар літаратурна-крытычнай працы «„Маладняк“ за пяць гадоў. 1923—1928», «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.», «Руска-беларускага слоўніка», «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка».

Карыстаўся літаратурнымі псеўданімамі Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус і іншымі; у сваіх творах таксама выступаў як Кузьма Батура і Лявон Задума.

Першую навуку Максім Гарэцкі атрымаў у школе граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка. Потым некалькі гадоў вучыўся ў сяле Вольша Аршанскага павета ў царкоўна-прыходскай школе. У кастрычніку 1908 года прыехаў у Горкі, каб рыхтавацца да паступлення ў вучэльню.

У 1909 годзе Максім Гарэцкі паступіў у каморніцка-агранамічную вучэльню ў Горы-Горках, якую скончыў у 1913 годзе. У вучэльні пад кіраўніцтвам Максіма было створана невялікае таварыства аматараў беларускай літаратуры. Сябры гуртка пісалі невялікія допісы ў «Нашу Ніву». Гарэцкі адзін з першых пачаў пісаць па-беларуску карэспандэнцыі і малыя апавяданні з жыцця магілёўскіх сялян.

Каб не ісці на службу звычайным салдатам на 3 гады, Гарэцкі пачынае адбыванне вайсковай павіннасці ў якасці «вальнапісанага» царскай арміі. 1 ліпеня 1914 года яго накіравалі ў артылерыйскую брыгаду ў Вільню (2-я батарэя 27-й артылерыйскай брыгады), што супала з пачаткам Першай сусветнай вайны. Максім трапіў на фронт ужо 24 ліпеня і ўдзельнічаў у жорсткіх баях. Найбольш страшны бой быў 27 жніўня пад Аленбурга, за гэты бой Гарэцкі быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені. 25 кастрычніка пад Герытэнам быў паранены, ляжаў у шпіталі яўрэйскай абшчыны «Мішмэрэс хойлем» у Вільні, дзе яго наведалі бацька і брат Іван.

У кастрычніку вярнуўся ў Смаленск. Працуе ў Смаленску камендантам жыллёвага аддзела, дзе кіраваў рэквізіцыяй «лішкаў жытла ў буржуазіі» (1918), паралельна, потым і стала супрацоўнічаў у мясцовых газетах «Западная коммуна», «Звязда». Супрацоўнічаў з газетай «Дзянніца».

У 1919 годзе пачала дзейнічаць Народная рада БНР, старшынёй якой стаў Пятро Крачэўскі, а Максім Гарэцкі ўвайшоў у склад прэзідыума.

10 снежня 1928 года разам з Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, Вацлавам Ластоўскім, Сцяпанам Некрашэвічам, Язэпам Дылам, Уладзіславам Галубком, Фларыянам Ждановічам, Міхайлам Грамыкам напісалі хадатайніцтва ў абарону Францішка Аляхновіча, які быў абвінавачаны савецкімі ўладамі ў шпіянажы на карысць Польшчы.

Максім Гарэцкі разам з іншымі беларускімі дзеячамі стаў аб’ектам кампаніі «крытыкі» ў друку.

Арыштаваны 19 ліпеня 1930 года ў Менску. Абвінавачаны па сфабрыкаванай справе Саюза вызвалення Беларусі, у красавіку — траўні 1931 года асуджаны да высылкі на пяць гадоў у горад Вятку.

Арыштаваны ў ноч з 3 на 4 лістапада 1937 года. 21 снежня этапаваны ў Вязьму. Абвінавачаны ў варожасці да савецкай улады і контррэвалюцыйнай рабоце, выказванні тэрарэстычных намераў. 5 студзеня 1938 года адбылося пасяджэнне «тройкі», на якім Максім Гарэцкі прысуджаны да расстрэлу і канфіскацыі маёмасці. Расстраляны 10 лютага 1938 года а 15-й гадзіне. Жонцы паведамілі, што памёр ад кровазліцця ў мозг 20 сакавіка 1939 года.

Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года. Першая публікацыя паводле сапраўдных фактаў расстрэлу 10 лютага 1938 года ў Вязьме з’явілася ў кастрычніку 1992 года ў газеце «Літаратура і мастацтва».