Іван Чыгрынаў

Іва́н Гаўры́лавіч Чыгры́наў нарадзіўся 21 снежня 1934, Вялікі Бор, Магілёўская вобласьць — народны пісьменьнік Беларусі, драматург, грамадзкі дзяяч. Аўтар раманаў «Плач перапёлкі» і «Апраўданьне крыві», якія апавядаюць пра трагічныя падзеі пачатку нямецка-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Кавалер Ордэну Дружбы народаў.

Іван быў чацьвёртым дзіцём у сям’і, а пасьля яго нарадзіліся яшчэ тры сястры і брат. У дзяцінстве перажыў Вялікую Айчынную вайну, на якой згубіў бацьку.

Пасля сканчэньня Вялікаборскай сямігадовай школы (1949) працягнуў навучаньне ў дзесяцігадовай школе ў Саматэвічах, якая знаходзілася за восем кілямэтраў ад хаты. Вучыўся старанна.

У 1952 паступіў на аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту БДУ. У час вучобы Іван Гаўрылавіч друкаваўся ў рэспубліканскай пэрыёдыцы (вершы ў «Чырвонай змене», часопісе «Полымя»).

Пасля сканчэньня ўнівэрсытэту з 1957 па 1962 год працаваў рэдактарам у выдавецтве Акадэміі навук БССР, потым там жа загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва. З 1965 па 1975 год працаваў рэдактарам аддзелу публіцыстыкі часопіса «Полымя». У 1973 годзе далучыўся да КПСС. З 1975 зьяўляўся намесьнікам старшыні, а з 1976 году — сакратаром праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. У 1978 годзе ўдзельнічаў у працы XXXIII сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР.

З 1986 па 1990 год быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. З 1987 году — старшыня праўленьня Беларускага аддзяленьня савецкага фонду культуры. З 1989 году — галоўны рэдактар часопісу «Спадчына». З 1986 па 1990 год — старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савету БССР па нацыянальных пытаньнях і міжнацыянальных адносінах.

Памёр 5 студзеня 1996 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках у Менску.