Янка Брыль

Я́нка Брыль, сапр. Іва́н Анто́навіч Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917, Адэса — беларускі пісьменнік. Народны пісьменнік БССР (1981).

Нарадзіўся ў Адэсе ў сям'і чыгуначніка Антона Данілавіча Брыля. У 1922 разам з бацькамі вярнуўся на іх радзіму, у вёску Загор'е. У 1931 Я. Брыль скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцей.

У 1939 прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пасля пачатку II Cусветнай вайны, у верасні таго ж года трапіў пад Гдыняй у нямецкі палон, у 1941 уцёк, вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызанаў. У 1942 годзе Я. Брыль стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а ў 1944 годзе — разведчыкам партызанскай брыгады «Камсамолец». Рэдагаваў газету «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкома партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыга́ла». Па вызваленні Беларусі працаваў рэдактарам раённай газеты ў г. п. Мір, літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык».

У розныя гады Я. Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, вёў актыўную работу па ўмацаванню сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі народаў СССР і краін сацыялістычнай садружнасці. Шмат сіл Я. Брыль аддаваў працы ў якасці старшыні Беларускага таварыства «СССР — Канада».

З 1945 года член Саюза пісьменнікаў СССР. У 1966—1971 — сакратар праўлення СП БССР. Двойчы абіраўся дэпутатам ВС БССР (1963—1967, 1980—1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Канада» (1967—1990), член Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989. Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994).

Памёр 25 ліпеня 2006 года, пахаваны на могілках у Калодзішчах.