Францішак Багушэвіч

Франці́шак Бенедыкт Казімі́равіч Багушэ́віч нарадзіўся 21 сакавіка 1840, фальварак Свіраны, Віленская губерня — беларускі грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік.

Літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць Ф. Багушэвіча абуджалі нацыянальную самасвядомасць беларусаў, яго ідэйная спадчына з'явілася фундаментам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX ст.

Карыстаўся псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.

Пачатковую адукацыю Ф. Багушэвіч атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў 26 ліпеня 1861 года. Яшчэ гімназістам Ф. Багушэвіч не застаўся абыякавым да гісторыі і культуры края, усталяваў сувязі з музеем старажытнасцей у Вільні, перадаўшы туды ў 1865 г. некалькі прадметаў краязнаўча-археалагічнага характару.

У тым жа годзе паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Актыўны ўдзельнік паўстання 1863—1864, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі рэвалюцыянерам.

7 мая 1865 года ён падаў заяву з просьбай аб навучанні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі.

Вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 г. А 17 жніўня, калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо знаходзіўся на службе ў Чарнігаве, адкуль у 1869 г. перавёўся ў Кралявецкі павет судовым следчым.

У 1883 годзе каранацыя новага імператара Аляксандра III суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. 2 лютага 1884 годзе ён падаў прашэнне ў Нежынскі акруговы суд з просьбай звольніць са службы — фактычна, пайсці ў адстаўку.

Працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадская бедната. Пісаў артыкулы ў часопіс «Kraj» («Край») па-польску. Менавіта ў віленскі перыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць.


Дарункам лёсу была для Францішка Багушэвіча спадчына, атрыманая ім пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша ў 1896. Паэт здолеў разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць нанова занядбаную бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах. 20 мая 1898 Ф. Багушэвіч напісаў заяву на фактычнае вызваленне ад абавязкаў прысяжнага паверанага пры Віленскім акруговым судзе. Ён кінуў службу ў царскім судзе, дзе наспеў востры канфлікт з некаторымі калегамі і начальствам, каб аддацца творчай працы.

Пасля звальнення жыў у в. Кушляны, дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна.


Дом-музей Францішка Багушэвіча