Янка Купала

Я́нка Купа́ла, сапр. Іва́н Даміні́кавіч Луцэ́віч нарадзіўся 25 чэрвеня 1882, фальв. Вязынка былой Радашковіцкай воласці — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі. Акадэмік АН БССР, АН УССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за зборнік «Ад сэрца».

Творчасць Купалы адзначаецца за яркае апісанне сялянскага быту, нацыянальнага характару беларусаў і яго светаразумення.

З 1944 года дзейнічае Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. У гонар паэта ў 1957 годзе была заснавана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы. З 1995 года сістэматычна праводзяцца штогадовыя Купалаўскія чытанні — прафесійны форум для абмеркавання навуковых дасягненняў і праблем купалазнаўства. У 1996 годзе быў створаны Міжнародны фонд Янкі Купалы. Імем паэта названы Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, парк у Мінску і станцыя мінскага метрапалітэна, мноства вуліц у гарадах Рэспублікі Беларусь.

Скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча (1898).

З набліжэннем фронту эвакуіраваўся з Вільні, жыў у Арле, у верасні 1915 выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. Са студзеня 1916 на вайсковай службе: некалькі месяцаў служыў у Мінску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін, потым у Полацку, Смаленску.


Працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопіс «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920-22).

З пачатку 1921 намеснік загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, уваходзіў у склад Акададэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, член навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядала прадстаўленыя да друку творы (пазней яна называлася камісіяй і Я. Купала быў яе старшынёй); адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра, БДУ, Інбелкульта , літаратурнага аб’яднання «Полымя». Янка Купала ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).

У 1921 на паэта быў накладзены хатні арышт і канфіскаваны рукапісы. У 1930 былі раскулачаны маці і сястра паэта. Летам 1930 у друку з’явіўся артыкул Л. Бэндэ «Шлях паэта», у якім Янка Купала абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму».

Вялікая Айчынная вайна заспела яго ў Каўнасе. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. З самага пачатку вайны Я. Купала актыўна ўключыўся ў барацьбу. Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР (у Казані), дзе выступіў з дакладам «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя». Яго палымяны верш «Беларускім партызанам», публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і інш.


18 чэрвеня 1942 Я. Купала прыехаў у Маскву і праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква» пры нявысветленых абставінах — упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха. Існуе тры версіі — няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.


Магіла Янкі Купалы


Музей Янкі Купалы