У VI—IX стст. адбыўся працэс пераходу ад першабытнаабшчыннага ладу да феадалізму. Пачалі знікаць патрыярхальна-сямейныя пасёлкі-гарадзішчы.Члены родаў пачалі пакідаць іх, асобнымі сем'ямі, сяліліся ў папярэдне аблюбаваных мясцінах, дзе меліся ўмовы для вядзення гаспадаркі. Тэрыторыю Гомельшчыны ў VIII—X стст. засялялі славянскія плямёны дрыгавічоў і радзімічаў. У міжрэччы Дзясны і Дняпра, а таксама па Сажы і ягоных прытоках жылі радзімічы. Мясціны паміж рэкамі Прыняць, Дняпро і Бярэзіна былі пад уладай дрыгавічоў. Такім чынам, Светлагоршчына — гістарычная тэрыторыя дрыгавічоў. Першае ўпамінанне ў рускіх летапісах аб дрыгавчах не мае дакладнай даты. Таму першым дакладным пісьмовым паведамленнем аб нашых далёкіх прашчурах дрыгавічах можна лічыць упамінанне Канстанціна ІІарфірароднага. Яны, дрыгавічы, належалі да плямён, якія былі найбольш развітымі ў сацыяльных адносінах. Займаліся земляробствам, мелі шырокаразвітую жывёлагадоўлю, ведалі ткацкае рамяство, славіліся ганчарамі, кавалямі і ювелірамі, падтрымлівалі гандаль з іншымі плямёнамі і нават далёкімі краінамі. Разам з тым, дрыгавічы не былі ваяўнічымі. На гэта ўказваюць знаходкі ў іхніх курганах, на гарадзішчах і селішчах. Экземпляры зброі трапляюцца зусім рэдка. Дрыгавічы мелі сваё палітычнае аб’яднанне-княжанне. Ягоны цэнтр знаходзіўся ў Тураве. Тэрыторыя сучаснай Светлагоршчыны таксама ўваходзіла ў гэта княжанне. Археалагічыя помнікі дрыгавічоў — гарадзішчы, селішчы і курганныя могільнікі. У Светлагорскім раене яны выяўлены каля вёсак Вялікі Бор,Вярхлессе, Давыдаўка, Дражня, Залле,Затон, Здудзічы, Коўчіяцы-2, Краснаўка, Ліпнікі, Селішчы і інш., каля рабочага пасёлка Сасновы Бор.
I хаця раскопкі паселішчаў на Светлагоршчыне пакуль амаль не праводзіліся, мы многае ведаем аб іх па даследаваннях у іншых раёнах, а таксама з летапісу.