Светлагорск. Зараз гэта адзін з самых маладых гарадоў Беларусі, які, не гледзячы на такі малы ўзрост (толькі 51 год), па колькасці насельніцтва займае трэцяе месца на Гомельшчыне. Але ж Светлагорск не быў створаны на “пустым месце”. Яго сапраўды можна назваць маладым горадам на зямлі старажытнай.
Пачатак гораду на беразе ракі Бярэзіны дала невялікая вёсачка, сёння амаль невядомая на Беларусі. Але ж менавіта Шацілавіччы, якія з к. XIX ст. пачалі скарочанна звацца проста Шацілкамі, і ёсць той самы гістарычны папярэднік горада Светлагорска.
У 1989 годзе супрацоўнікамі Дзяржаўнага гістарычнага архіва Беларусі быў выяўлены дакумент, які мае прамое дачыненне да гісторыі Шацілак. Гэты дакумент – прывілей (грамата на права валодання зямлёй), падпісаны 15 ліпеня 1560 года вялікім князем Вялікага княства Літоўскага і каралём польскім Жыгімонтам II Аўгустам (правіў у 1548-1572, фармальна з 1529). Прывілей напісаны на польскай мове. Арыгінал яго не захаваўся, але існуе копія тэксту, зробленая ў 1798 годзе. Дакумент знаходзіцца ў актавай кнізе Менскага земскага павятовага суда (архіўны фонд “Менскі земскі павятовы суд”). На сённяшні дзень, прывілей, аб якім ідзе гаворка, – самая старажытная пісьмовая крыніца, што тычыцца Шацілак.
Згодна з тэкстам прывілея, зямельнае ўладанне пад назвай Востаў Шацілінскі, што размешчаны на гары, на тракце Горвальскім, на рацэ Бярэзіне ў Рэчыцкім павеце, пасля смерці папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадавалася зямяніну Ждану Манкевічу. Перадавалася пажыццёва, з умовай абавязковага выканання ім вайсковай службы.
Хаця ў дакуменце не названа сама вёска Шацілавічы, там даволі дакладна ўказана месца, дзе знаходзіўся Востраў з назвай “Шатылінскі”. Пад словам “Востраў” у той час разумелася не толькі зямля пасярод вады, але і любы ўчастак зямлі, які чымсьці выразна адрозніваўся ад наваколля. Згодна з меркаваннем доктара філалагічных навук А. Ф. Рогалева, супрацоўніка Гомельскага дзяржаўнага унівесітэта імя Ф. Скарыны, найменне Востраў Шатылінскі належала зямельнаму ўладанню побач з вёскай Шацілавічы. Гэта пацвярджаецца і архіўнымі дакументамі за 1805-1815 гады, якія захоўваюца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі. У іх сказана, што род Манкевічаў бярэ пачатак з маёнтка “Востраў і Шацілкі”. Дарэчы, старажытным беларускім шляхецкім родам быў і род Шацілаў. У наш час пасялення з назовам Востраў у гэтай мясцовасці няма, не азначаецца такі пункт і ў дакументах XVII-XVIII ст. Лічыца, што недзе ў канцы XVI ст. Востраў і Шацілавічы злучыліся ў адзін населены пункт, за якім і замацавалася назва Шацілавічы.
Прывілей 1560 года на Востраў Шатылінскі паведамляе аб Рамане Шаціле, які ў наш час набыў нават нейкі міфычны вобраз сярод жыхароў горада. Хто ж быў Раман Шаціла, з імём якога звязана нямала легенд і паданняў нашага края? Раман Шаціла – першы вядомы па пісьмовых звестках ўладальнік маёнтка Шатылінскі Востраў. Менавіта яго прозвішча сугучна з назвай вёскі, якая дала пачатак сучаснаму Светлагорску. Верагодна, Раман Шаціла не меў нашчадкаў, таму Вялікі князь ВКЛ і кароль польскі Жыгімонт II Аўгуст і перадаў яго валоданні зямяніну Ждану Манкевічу (зямянін – шляхціц, які валодаў зямлёй).
Такім чынам, мы даведваемся пра яшчэ адзін шляхецкі род нашага краю – род Манкевічаў. Гэты шляхецкі род працяглы час знаходзіўся на дзяржаўнай службе. Вядома, што ў другой палове XVII ст. адзін з іх – Стафан Манкевіч быў каралеўскім сакратаром і валынскім пісарам. Пасада сакратара на той час з’яўлялася вельмі важнай. Гэту службовую асобу прызначаў сам Вялікі князь (кароль) для вядзення “свайго” справаводства.
У наш час прозвішча Манкевіч даволі распаўсюджана сярод карэнных шацілкаўцаў. Відавочна, усе яны – нашчадкі Ждана Манкевіча, які калісьці і атрымаў ад караля зямельнае валоданне ў Шацілках. Па законах тых часоў маёнтак перадаваўся старэйшаму сыну ў сям’і каб пазбегнуць драблення валодання (гэтак званае правіла маярата). Астанія нашчадкі, якія не атрымалі вялікага зямельнага надзелу, маглі сяліцца ў тым жа населенным пункце. Часам узнікалі нават цэлыя шляхецкія вуліцы, дзе жылі шляхцічы аднаго роду. Па сваёй маёмасці яны часта амаль не адрозніваліся ад “простага люду” – сялян ды рамеснікаў. Але ж сваім шляхецкім званнем вельмі ганарыліся, імкнуліся захаваць яго і пры неабходнасці служылі ў войску. Адсюль і распаўсюджанне прозвішча Манкевічаў у Шацілках.
У інвентарным вопісе Бабруйскага староства за 1639 год Шацілавічы XVII ст. даволі падрабязна прадстаўлены. Згодна гэтаму вопісу, ў вёсцы налічвалася 17 сялянскіх дымоў (двароў). На самой справе двароў, верагодна, было болей, бо ў вопіс не ўключаліся шляхецкія двары. Гэтая думка падцвярджаецца і тым, што ў 1638 годзе ў Шацілавічах быў пабудаваны першы храм-касцёл, тут дзейнічаў місіянерскі пункт Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі (арганізацыі каталіцкага манаскага ордэна езуітаў). Гэта сведчыць аб тым, што ўжо ў гэты час Шацілавічы пачынаюць адыгрываць адметную ролю ў сваёй мясцовасці, яны становяцца сваеасаблівым духоўна-рэлігійным і культурным центрам для навакольных вёсак. Гэтаму спрыяла і тое, што вёска з самых старадаўніх часоў стаяла ля перакрыжавання двух сухапутных шляхоў (з Менска ў Рэчыцу і з Мазыра ў Рагачоў) і рачнога шляху па Бярззіне. Тут жа знаходзілася пераправа праз Бярэзіну (на шляху Мазыр — Рагачоў), якую абслугоўвалі жыхары Шацілавічаў. У 1800 годзе ў вёсцы засталося толькі 3 сялянскія двары, усе астатнія жыхары вёскі сталі шляхцічамі. Гэта сведчыць пра тое, што на працягу II паловы XVII-га і ў XVIII ст. значнасць Шацілавічаў у Бабруйскай воласці працягвала расці. Шацілавічы ператварыліся ў шляхецкую, прывілеяваную вёску. Такі стан вёскі, у сваю чаргу, паўплываў на тое, што ў XIX – пачатку ХХст. Шацілавічы становяцца гандлёва-рамесным цэнтрам мясцовасці і выходзяць па сваей значнасьці на другое месца (ужо ў складзе Парыцкай воласці) пасля Парыч. У 1916 г. праз Шацілкі была праведзена чыгунка, што яшчэ больш умацавала ролю вёскі.
Нельга лічыць, што 1560 год – абсалютна дакладная дата ўзнікнення Вострава Шатылінскага і Шацілак. Хутчэй за ўсё, гэтыя населеныя пункты існавалі і раней. Але пацвердзіць тое дакументальна немагчыма.