Нарадзіўся ў 1916г. у в.Любча пад Барысавам. У весцы скончыў сямігодку. У 1933г. уступіў у камсамол. Падчас службы ў радах Чырвонай арміі скончыў тэхнічныя курсы. З 1936г. член КПСС. У 1939-1941гг. працаваў у Скідзелі сакратаром райвыканкама. Пад час акупацыі Скідзеля разам з сям’ёй эвакуіраваўся ў Любчу.
Штаб партызанскага руху БССР накіраваў Антона Васільевіча камандуючым узвода ў Захаднюю Беларусь для арганізацыі партызанскага руху. Асноўнай прычынай важнага загаду была даваенная праца ў гэтых мясцінах. У выніку актыўнай дзейнасці партызана, Станкевіч стаў важнай персонай для фашыстаў. Нямецкае камандаванне за голаву жывога Станкевіча давала 40тыс. марак або 20тыс. марак за мертвага.
Паводле ўспамінаў сакратара падпольнага Васілішкаўскага райкама КП(б)Б і аднаго з камандзіраў партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола А.Патапава, з 1снежня 1943г. па 1 сакавіка 1944г. у брыгадзе адбылося каля 10 сутычак з байцамі Арміі Краевай. Канчаткова разбурыў надзеі на нейкае супрацоўніцтва “белых і “чырвоных” бой 15 лютага каля Вялікіх Бярозаўцаў. Паводле савецкіх дадзеных ў гэты дзень атрад АК колькасцю каля 150 чалавек атакаваў на хутары каля Вялікіх Бярэзаўцаў. Камандзіра брыгады імя Ленінскага камсамолу А.В.Станкевіча, які вяртаўся з разведкі з-пад Шчучына. У баі загінуў партызанскі камандзір Станкевіч, яго ад’ютант Лазар Кац і некалькі байцоў аховы
Разам са Станкевічам прыбыў у нашы мясціны і Марусік Матвей Людвікавіч. Родам ён з-пад польскага горада Вроцлаўка. Напачатку вайны трапіў у канцлагер. Вясной 1942г. уцек і хаваўся ў беларускіх лясах. Выйшаў на сувязь з партызанамі, якія яго адзелі, накармілі, далі прытулак і накіравалі ў 1-ю роту партызанскага атрада. У адным з баеў, у якім удзельнічаў з дубінай, здабыў сабе зброю. На працягу года зарэкамендаваў сябе як мужны, энергічны, здольны воін. У 1943г. аказаўся на Шчучыншчыне ў складзе групы лепшых партызан. У выніку актыўнай партызанскай дзейнасці даслужыўся да пасады начальніка асобага аддзела партызанскага атрада імя В.Васілеўскай. Загінуў у 1944г. каля вескі Шынкаўцы. Пасмертна быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Доўга вяліся пошукі яго магілы. Антаніна Сяменаўна Тарашчык падсказала, дзе знаходзіцца месца гібелі партызана і прапанавала шукаць яго магілу на шынкаўскіх могілках. Менавіта там, на левым баку могільніка ў самым канцы есць помнік з пяціканцовай зоркай. На ім золатам высечана, што тут пахаваны Квяткоўскі (Марусік). Помнік быў пастаўлены па ініцыятыве Дзембраўскага сельскага савета за сродкі калгаса імя Кірава пры актыўным удзеле навучэнцаў Багушоўскай школы.