Дарашкевіч Уладзімір Васільевіч нарадзіўся ў 1925г. ў весцы Сіняцеўка. Да нямецкай акупацыі жыў з бацькамі, працаваў на зямлі. З пачаткам вайны распачаў актыўную антыфашысцкую дзейнасць. Стаў членам партызанскага атрада імя А.Матросава. З прыходам Чырвонай Арміі стаў салдатам. Удзельнічаў у вызваленні Вены, Будапешта, шэрагу гарадоў Балканскага паўвострава. Быў узнагароджаны медалем “За баявыя заслугі”. Пасля заканчэння вайны, вярнуўся са сваей часцю ў Грузію, дзе ў кастрычніку 1945г. прапаў без звестак.
Нягледзячы на дзейнасць падпольшчыкў і партызан, фашысты здзяйснялі зверства на нашай зямлі, праводзілі карныя аперацыі сярод мясцовага насельніцтва.У многіх населеных пунктах нямымі сімваламі гэтых здзекаў з’яўляюцца помнікі, абеліскі, магілы салдатаў.
У апошнія дні верасня 1941г. каля вышкі ў 2км ад в.Лычкаўцы было растраляна каля 48 савецкіх ваеннапалонных. Прозвішчы іх невядомы.
У лістападзе 1941г. нямецкія войскі растралялі на ўчастку дарогі ад в.Сіняцеўка да в.Кірпічоўшчына 18 ваеннапалонных, якія былі пахаваны каля шашы на халме, які называецца ў народзе Зялёная Горка. Зялёная Горка стала і месцам растрэлаў мірных жыхароў Астрыны. Іх вывозілі або гналі туды групамі і сем ямі. Цікавымі ўспамінамі падзялілася Захарэвіч Марыя Антонаўна (1915г.н.) .Яе разам з дзецьмі, як сям’ю партызана, пагналі на Зялёную Горку, заставілі капаць магілу, паставілі на ўскрайку. Старэйшы афіцэр паехаў і тады той салдат, які быў пакінуты растраляць жанчыну і дзяцей, паказаў на пальцах, што ў яго дома таксама пяцёра дзяцей і загадаў ім уцякаць. Вось так нечакана смерць мінула сям ю Марыі Антонаўны. І ўсё ж можна з упэўненасцю сказаць, што Зялёная Горка была месцам масавых растрэлаў як мірных жыхароў, так і ваеннапалонных.
15 ліпеня 1943г. группа дэсантнікаў у складзе В.Асеева, Д.Табунова, А.Філіпава, В.Каваленка і В.Бульенчыкава на чале з Андрэевым арганізавала засаду на дарозе Азеры – Астрына. Фашысты вялі ў Гродна 3 заложнікаў з в.Шкленск, якія падазраваліся ў сувязі з партызанамі. За некалькі хвілін усе 17 фашыстаў былі знішчаны трапным аўтаматным агнем, а заложнікі вызвалены. Пазней нямецкія інфарматары распаўсюдзілі чуткі, што кожны жыхар Шкленска – лясны бандыт, парушальнік “новага парадку”. Па гэта прычыне 18 ліпеня 1943г. на досвітку немцы ацапілі в.Шкленск. Яны сабралі ўсіх жыхароў у вялікім хляве. Мужчын прымусілі капаць яму, пасля з кулямета былі расстраляны ўсе жыхары – 67 чалавек. Абрабаваўшы вёску, фашысты яе спалілі. Цяпер у Хатыні на мемарыяльных могілках неадноўленых вёсак ёсць і магіла в.Шкленск.
Год 1941-1945…Колькі гора, слёз і бед
Нашай зведана зямлёю, што хапіла б на ўвесь свет.
І хоць больш ужо паўвека вольна дыхае зямля
У Беларусі чалавека, што забыў вайну – няма.
Адрадзілася краіна, падняліся гарады
Але помніць уся Айчына тых, хто вызваліў з бяды.
Г. Сцяпанчанка.
Сёння мы схілім галовы ў вялікім смутку перад тымі, хто стаў ахвярамі фашызму.
Лёс Хатыні раздзяліла вёска Зінякі. У агні згарэла 419 жыхароў вёскі і 67 з навакольных вёсак. Вось некаторая інфармацыя пра гэтую трагедыю.
Зінякоўцы не скарыліся нямецка-фашысцкім захопнікам. Яны як толькі маглі супраціўляліся “новаму парадку”. Некаторыя пайшлі ў партызаны, другія сталі падтрымліваць з імі цесную сувязь, забяспечваць народных мсціўцаў патрэбнымі звесткамі, харчаваннем. І сама вёска, якую акружалі лясы, была надзейным прыстанішчам для партызан. Уласна кажучы, таму і стала веска вогненнай заложніцай. А яшчэ тут памятаюць, як у 1943г. праз Зінякі ішоў атрад Капусты, баі і перастрэлкі, аблавы і пастаяннае прадчуванне страшэннай бяды.
Фашысты наведвалі вёску, пакідаючы пасля сябе дрэнную славу. Кожны раз яны забіралі з сабой маладых зінякоўцаў. Адных пакідалі працаваць у Гродна, другіх адпраўлялі ў Германію. Апошняя бяда зваліласяна вяскоўцаў 22 студзеня 1944г. пасля таго, як партызаны абстралялі нямецкую легкавушку і захапілі далека не радавых гітлераўцаў. Расплата ж лягла на мірных жыхароў. Несправядліва. Жудасна. Страшна. Гэта была помста двуногіх істот, бо тыя, хто ўправе называць сябе людзьмі, ніколі б не дадумаліся да такога.
Сама трагедыя адбылася 22 студзеня 1944г. Напярэдадні, ноччу атрад карнікаў у колькасці 800 чалавек акружыў вёску. Ніхто з жыхароў не ведаў аб гэтым. Толькі раніцай, калі сяляне пачалі ўхожвацца па гаспадарцы, убачылі, што веска акружана фашыстамі. Спачатку людзі думалі, што гітлераўцы зноў
прыбылі за моладдзю для ўгону ў Германію. Днём сагналі людзей у хлеў і падпалілі яго. Людзі гарэлі жывымі, а тых, каму ўдавалася вырвацца з пекла растрэльваліся ва ўпор. Вёска была сцерта з зямлі. У агні загінулі жыхары і суседніх вёсак Раганічы і Сухары. Загінуўшыя былі пахаваны ў трох брацкіх магілах
Некаторыя людзі змаглі ўратаваць сваё жыцце. Некалькі маладых людзей у гэты дзень былі аформлены на выязд у Германію. Сям’я Змітрака Аляксандравіча Паліўкі была адзінай, якая выратавалася цалкам ад расправы дзякуючы выпадковасці. Немец прыняў гаспадара за аднаго з фурманаў, якія былі сагнаны для вывазу немцамі вясковага дабра. У суматосе Паліўка забраў сям’ю і галопам на кані з падводай уцёк у Карпанаўцы. Сярод цудам уцалеўшых была і Галіна Васільеўна Грабоўская. Пасля трагедыі яна пайшла ў партызанскі атрад. Сярод выжыўшых быў і дванаццацігадовы Мікалай Журун. Калі пачалі зганяць людзей у хлеў, ен змог схавацца пад страхой суседняга дома. Калі падпалілі веску, перабег у гумно на вотшыбе, а адтуль, пад кулямі немцаў, якія яго заўважылі, клубком кулячыюся дабег да лесу. А туды фашысты не сунуліся. Засталіся ў жывых таксама Аляксей Варонка, браты Сяргей і Сямен Шынкевічы, Іван і Іосіф Паліўкі і яшчэ некалькі чалавек. Большасць з іх пасля таго дня пайшла ў партызаны, каб помсціць за кроў сваіх родных і блізкіх.
Але жыццё бярэ сваё. Пасля вайны вярнуліся на папялішчы тыя, хто застаўся ў жывых. Першым разгарнуў будаўніцтва Змітрок Паліўка. Узводзіць дом яму дапамагала дзяржава, мясцовыя ўлады. Сталі вяртацца дамоў людзі, выгнаныя на працу ў Германію. Адбудавалі вёску. Але толькі 20 дамоў паўсталі замест той сотні, што была да трагедыі, аб якой не даваў забыць абеліск (1967 г.) з высечанымі словамі пра карную аперацыю фашыстаў. Замест сціплага абеліска на месцы вогненнай трагедыі 9 мая 1988 быў адкрыты мемарыяльны комплекс “Зінякі”.
Жудасны лёс ў яўрэйскага насельніцтва пад час вайны. Не мінуў ен і астрынскіх яўрэяў. Як вядома, іх колькасць на пачатак вайны складала больш паловы ад агульнай колькасці жыхароў Астрыны. Па ўспамінах старажыла М.І.Жукоўскага,перад вайной у Астрыне было амаль 5000 жыхароў і 3000 з іх складалі яўрэі.
Неабходна зрабіць невялікае адступленне па гісторыі яўрэяў нашага мястэчка. У 1765г.у Астрыне пражывала 436 яўрэяў, у 1847-405, у 1897-1440 (59,7%), у 1921г.-каля 1500. У пачатку 20ст. равінам у Астрыне быў Якаў Таўшунскі. У 1912г. працавала яўрэйскае ссуда-ашчаднае таварыства. У 1913г. яўрэям належалі адзіная аптэка, 11 лавак (у тым ліку 5 бакалейных, 6 мануфактурныя). У 1913г. сярод яўрэяў было 13 землеўладальнікаў. У 1921г. 150 яўрэяў-землеўладальнікаў. У 1920-30-х гг. у Астрыне дзейнічалі аддзяленні розных яўрэйскіх партый і арганізацый. Згодна з успамінамі нашчадкаў астрынскіх яўрэяў, можна прывесці пералік прозвішчаў і род заняткаў некаторых яўрэяў Астрыны ў міжваенны перыяд. З ніжэй прыведзенага можна зрабіць выснову наколькі разнастайнай і спрыяльнай была дзейнасць прадстаўнікоў яўрэйскага насельніцтва для развіцця Астрыны ў даваенны перыяд.
Хацкель – гандаль мясам; Зубель – выраб абутку; Палянскі – гасцініца; Міхалевіч – універсальны магазін, ферма буйной рагатай жывелы; Машіянкель – фатограф; Мэер – нарыхтоўка грыбоў; Горбельг – пекар,(пякарня знаходзілася у знесеным памяшканні па вуліцы Гродзенскай. Яго сына забіла маланкай на балконі уласнага дома.); Френкель – кераміка, цэгла; Нотка – прадуктовы магазін; Ліфшыц – пякарня кандытар; Капланскі – музычны аркестр; Ерыль – сад на месцы цяперашняй вуліцы Камсамольскай; Лынянскі – гасцініца; Кадыш – возчык; Харніцкі – аптэкар (дочка прыязджала з Ізраіля ў чэрвені 2010г); Рэзнік – мяса-малочны гандаль (сваяк прыязджаў з ЗША 9 чэрвеня 2010г.); Рубін – мануфактура; Рушкін – мануфактура, касцюмны матэрыял; Перац – аптэка; Крынскі – прадуктовы магазін (Крынскіх многа было ў паселку); Розін – сталяр; Стоцкі – dыраб абутку; Атлас – магазін алкаголю; Тоф – марожанае, салодкае; Нахман – гандаль лесам; Беразоўскі – цэнтральная аптэка; Канопка – прадуктовы магазін; Гідалька – гандаль і нарыхтоўка зерня, ювелірныя магазіны ў Варшаве, Кракаве; Бонча – здымаў шкуры з коней; Булан – нарыхтоўшчык ануч; Едышка – прадмаг; Варшаўскі – прадмаг; Цукерка – нарыхтоўшчык мяса; Гершка – нарыхтоўшчык ануч; Тэнда – кузнец.
Ніжэй прыводзяцца ўрыўкі ўспамінаў Мардэхая Цырульніцкага, былога вязня Асвенцыма пад №79414., якія былі змешчаны ў “Чорнай кнізе”. Яго расказ носіць назву “Дваццаць шэсць месяцаў ў Асвенцыме”. Яго расказ яскарава адлюстроўвае ўсю паўнату жудасу, болі і роспачы за лес сваіх суайчыннікаў, увесь працэс вынішчэння яўрэйскага насельніцтва фашысцкімі катамі. Тэкст прыводзіцца без рэдакцыі.
“Астрына размешчана недалёка ад граніцы. Ужо 23 чэрвеня 1941 года мястэчка з усіх бакоў было акружана немцамі, і тыя жыхары, якія спрабавалі бегчы, былі вымушаны вярнуцца назад. а 25 чэрвеня немцы ўвайшлі ў Астрыну.
Расстрэлы людзей пачаліся адразу ж пасля ўступлення немцаў у мястэчка. Першымі ахвярамі сталі тыя, хто ўдзельнічаў у арганізацыі Савецкай улады і ў рабоце Савета ў гэтым раёне.
Астрына ўваходзіла ў Шчучынскі раён. У пачатку верасня камендантам раёна быў назначаны немец-гестапавец. З моманту яго назначэння пачалася траўля і праследаванне яўрэяў. Спачатку яўрэям было забаронена выходзіць за межы мястэчка. За парушэнне гэтага загаду жыхароў расстрэльвалі. Так, быў расстраляны 80-гадовы Ар`е Танявіцкі, якога гітлераўцы дагналі непадалёку ад мястэчка. У той жа перыяд быў забіты і мясцовы равін Бязданскі. Разам з групай другіх жыхароў Астрыны ён быў вывезены нібыта у канцлагер, а праз некалькі дзён мы даведалісі, што ўсе яны растраляны.
Затым з`явіўся загад, які забараняў яўрэям паказвацца на вуліцах мястэчка па нядзельным дням. Ізноў, за парушэнне – растрэл. Прычым тут жа належалі растрэлу не толькі самі вінаватыя, але і члены іх сямей. Жонка Хаіма Хлябоўскага выйшла на вуліцу за вадой, яе схапілі і растралялі разам з мужам і двумя малалетнімі дзецьмі. 7-га лістапала 1941 года загарэўся нейкі хлеў. Немцы абвінавацілі яўрэяў у падпале і загадалі ўсяму яўрэйскаму насельніцтву сабрацца на плошчы “для праверкі”. Некалькі дзесяткаў чалавек, у тым ліку і тыя, хто не паспеў з’явіцца ў час, і тыя, у каго дакументы былі не ў парадку, былі тут жа растраляны.
Растрэлы сталі звычайнымі і частымі ў Астрыне. праводзіліся яны большай часткай у базарныя дні, каб напалохаць насельніцтва з акругі. Камендант, які пражываў у Шчучыне, часта прыязджаў у Астрыну, і тады ужо ўсе ведалі, што адбудуцца растрэлы. Сярод другіх былі растраляны ўсе настаўнікі: Міллер з жонкай і двумя дачкамі, Елін і іншыя. Таксама быў растраляны і сінагагальны стары Дразнін.
Аднойчы – гэта было напрыканцы лістападу 1941 года – усё яўрэйскае насельніцтва было зноў сагнана на плошчу, прычым прыказана было захапіць з сабою каштоўныя рэчы. Людзі меркавалі, што плануецца перасяленне куды-небудзь у другое мейсца. Аднак, справа закончылася тым, што ўсе рэчы, прынесеныя на плошчу, былі адабраны. У дамах у той час ішоў павальны крадзеж. Напрыклад, нямецкі аграном уварваўся у адзін дом і забраў нават школьныя сшыткі і алоўкі дзяцей. Хто спрабаваў аказаць малейшае супраціўленне, быў забіты.
Па прыказу каменданта ў кожным доме на сцяне павінен быў вісець спіс жыхароў. Калі пры праверцы спісу каго-небудзь не знаходзілі на месцы, растрэльвалася ўся сям’я. Так загінула сям’я Ашэра Амстыбоўскага з васьмі чалавек.
Гета ў Астрыне было арганізавана ў пачатку снежня 1941 года. У мястэчка сагналі ўсіх яўрэяў з усіх навакольных вёсак, з мястэчка Новы Двор, з Дэмбрава. Прыбыўшыя расказалі, што ўсе слабыя і хворыя былі забітыя па дарозе. Пры арганізацыі гета зноў было растраляна чалавек 10. Затым былі выдадзены новыя загады і новыя растрэлы. Лейб Міхалевіч і яго сястра Фейге-Сорэ былі растраляны за тое, што прывезлі ўкрадкай у гета крыху зерня. Ашэр Баярскі быў схоплены пры размоле зерня, і яго растралялі.
8 студзеня 1942г. было аб’яўлена, што Астрына разам з усім Гродзенскім раёнам уключаецца ў састаў “Рэйха”. Насельніцтва гета сталі штодзённа ганяць на работу ў лес. Мужчыны займаліся лесанарыхтоўкамі, гонкай смалы. Надзіральнікі білі людзей да паўсмерці, а адстаючых або слабых забівалі тут жа на месцы. Не раз здаралася, што людзей па абвінавачванню ў сабатажы адпраўлялі ў турму, а калі яўрэй пападаў у турму, то жыў ён толькі да бліжэйшай пятніцы, бо па пятніцах растрэльваліся выбарачна некаторыя вязні, у першую чаргу яўрэі.
“У лістападзе 1942г. усе яўрэйскае насельніцтва мястэчка Астрына было вывезена ў лагер Калбасіно, каля Гродна. Да таго там размяшчаўся лагер для савецкіх ваеннападонных. На момант нашага прыбыця ваеннапалонных там ужо не было. Туды паступова звозілі яўрэяў з усіх гарадоў і мястэчак Гродзенскага раена. Людзі былі размешчаны ў невялікіх зямлянках, прычым на кожную прыходзілася да трохсот чалавек. Ганялі ў балота на цяжкія работы. Хлеба выдавалі па 150гр. ў дзень і 1-2 мерзлыя бульбіны. Голад і тыф. Не было зямлянкі, ў якой за дзень не памірала бы некалькі чалавек. Целы памерлых нават не зарывалі ў землю. Стаяла заўседы адкрытая вылізная яма, у якую скідвалі нябожчыкаў. Іх прысыпалі тонкім слоем вапны. У Калбасінскім лагеры мы правялі месяц.
1 снежня 1942г. мы атрымалі загад падрыхтавацца да ад’езду. Рэчы было прадпісана запакаваць, напісаць імены і прозвішчы уладальнікаў, - іх абяцана было паслаць услед за намі .2 снежня нас усіх пагрузілі ў вагоны без даху, зачынілі і адправілі без усякай магчымасці есць і піць. Па дарозе мне ўдалося спусціць з вагона двух маіх сыноў : Якава і Іоэля з надзеяй на выжыванне. Не выжылі…
Па прыбыцці пачалася сарціроўка людзей. Я апынуўся сярод 1809 адабраных мужчын. Нас павезлі ў цэнтральны лагер-Асвенцым. У бані кожнаму з нас вытатуіроўвалі нумар і трохвугольнік. Мой нумар-79414. Гэта азначала, што некаторы час нас пакіуць у жывых для работы.Акрамя гэтага , мы павінны бвлі насіць на адзенні апазнавальныя знакі. Яўрэі – чырвоны трохвугольнік і на ім жоўты, пакладзены так, каб атрымоўвалася шасціканцовая зорка. Парушэнне гэтага правіла азначала ісці на верную смерць.
2 студзеня 1943г. я быў запісаны ў каманду па сарціроўцы прывезеных рэчаў. Праца працягвалася кругласутачна. Сказацца хворым, папасць у амбулаторыю было раўнасільна дабраахвотнай одпраўцы ў “газ”. Па прычыне звароту ў амбулаторыю загінулі астрынскія землякі: Мойшэ-Янкель Каміонскі, Шлойме-Гірш Шілкоўскі, Мотл Крымскі і іншыя.
12 студзеня 1943г. нашу каманду перасялілі ў Біркенау-фабрыку смерці, на якой забівалі за малейшую правіннасць або для запалохвання іншых. Праз два месяцы прыбыцця ў Асвенцым з групы ў 49 чалавек засталося 4 ці 5. Усе астатнія былі забіты або адпраўлены ў “газ”.
Частка нашых астрынскіх, працавала ў лесе, у камандзе, якая нарыхтоўвала дровы для крэматорыяў або для спальванняў рвах. Ад аднаго з іх Фішэля Любецкага, я даведаўся , што Лейбл Брыль, Якаў Слацнік, Лейб Слацнік былі павешаны эсэсаўцамі ў лесе. Сам Любецкі прабыў са мной у лагеры да апошніх дзен.
У лютым срод новай группы паступіўшых я ўбачыў свайго пляменніка, ад якого даведаўся, што мой сын Іоэль быў адпраўлены ў “газ”.
Летам мяне як слесара перавялі на завод, дзе я стаў членам арганізацыі супраціўлення, працаваўшай на працягу паўтара год.
У пачатку студзеня 1945г. пачаліся інтэнсіўныя налеты савецкай эвіацыі на лагер. Пачалася эвакуацыя лагера. Мне удалося двойчы збегчы і пасля доўгіх прыгод, я 3 лютага перайшоў лінію фронта і быў залічаны ў рады Чырвонай Арміі. Я быў паранены і два месяцы праляжаў у шпіталі. Пасля вайны я вярнуўся у Астрыну. Але мне было вельмі цяжка. Усе нагадвае маю сям’ю, маіх дарагіх дзяцей. І я вырашыў пажыць у іншым месцы. Савецкая улада мне такую магчымасць дала.”