Міхаіл Сцяпанавіч Дзербук (нар. у 1904г.) жыў і працаваў на хутары недалёка ад вёскі Ваўковічы (Дубраўскі сельскі савет). У лютым 1943г. да яго завіталі партызаны, якія накіроўваліся да раз’езда Жалудок, каб падарваць варожы эшалон. Міхаіл правёў партызан да чыгункі. Эшалон быў пушчаны пад адхон.
Па дарозе назад Міхаіл паказаў партызанам месца, дзе з першых дзён вайны засталіся каля двух дзясяткаў бомбаў, і дапамог іх вывезці.
Летам 1943 года Міхаіл Дзербук ужо быў камандзірам падрыўной групы. Аб праведзенай імі аперацыі паведаміла шчучынская газета “Чырвоны сцяг”: “Група партызан атрада “Кастрычнік” узарвала варожы эшалон, які накіроўваўся на фронт з жывой сілай. Забіта 160 гітлераўцаў”.
Неяк, калі атрад выконваў заданне ў Ліпічанскай пушчы, Дзербук папрасіў камандзіра дазволіць яму адлучыцца на 2 – 3 дні за Нёман, каб дабыць каня ў нямецкім маёнтку. Міхаіл заняўся разведкай. Здабытыя ім звесткі дапамаглі партызанам паспяхова правесці аперацыю. Атрад папоўніў запасы прадуктаў, а таксама ўзяў коней, павозкі, сёдлы. Дзербука перавялі ў конную разведку атрада, якая назірала за нямецкімі гарнізонамі, падтрымлівала сувязь з падпольшчыкамі, кіравала сувязнымі.
Загінуў Міхаіл Дзербук па-геройску 7 ліпеня 1944 года на беразе Нёмана ў няроўным баі з фашыстамі. Пасмертна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.