На пяты ці шосты дзень вайны нямецкія войскі захапілі Васілішкі. У той самы дзень па даносу здрадніка палявая жандармерыя немцаў арыштавала 7 найбольш вядомых і паважаных жыхароў пасёлка. Іх тут жа растралялі. Праз некалькі дзён расстралялі яшчэ дваіх, потым яшчэ і яшчэ.
Былі створаны рэгулярная паліцэйская і адміністрацыйная ўправы. Пачаўся жорсткі тэрор, ад якога пакутавала ўсё насельніцтва пасёлка і раёна. Але найбольшы тэрор праводзіўся у адносінах да яўрэяў.
Пад пагрозай смерці яўрэям забаранялася карыстацца сваімі агародамі, было загадана аддаць усю жывёлу, а з наступленнкм халадоў фашысты адабралі футравае адзенне. Яўрэйскае насельніцтва было сагнана ў так называемае гета. У пакоі, дзе жыў я, знаходзіліся 23 чалавекі.
Кожны дзень усе жыхары гета з 10-гадовага ўзросту выганяліся на прымусовыя работы, за якія не плацілі. Жыхар гета павінен быў насіць на грудзях і спіне адметныя знакі – жоўтыя шасцівугольныя зоркі. Замест 125 грам хлеба выдавалі каля 100 г. мукі. Паліва не было. Выходзіць за межы гета катэгарычна забаранялася. Хто аслухаецца – растрэл.
Фашысты ўстанавілі калектыўную адказнасць за правіннасці. У кожным пакоі вісеў спіс пражываючых у ёй асоб, завераны подпісам каменданта паліцыі і пячаткай. Вельмі часта ноччу праводзіліся праверкі. Калі каго-небудзь не было, ці знаходзілі лішняга, забівалі ўсіх.
Так, у голадзе і холадзе, цеснаце і страху прайшла зіма. На досвідку 8 мая прагучалі разрозненыя стрэлы. Выглянуўшы ў акно, мы ўбачылі на двары забітага суседа, далей – яшчэ дваіх. Такім чынам паліцаі папярэджвалі, што ўсе, хто выйдзе на двор будуць забыты.Мы заставаліся зачыненымі 2 дні – 8 і 9 мая, пакутавалі ад смогі і духаты.
Раніцай 10 мая 1943 года ўсіх сагналі на вуліцу Школьная. Вакол ужо было шмат забітых. Затым раздалася каманда падрыхтаваць дакументы і сем’ямі выходзіць з гета. На выхадзе стаялі немец Віндыш, бургамістр Васілішак Шмігіра, камендант паліцыі Яжэўскі і яшчэ нейкія асобы. Калі наша сям’я падыйшла да іх, нас пачалі збіваць.Праз некаторы час карнікі пачалі адлічваць па 10-30 чалавек і гнаць ў накірунку могілак. Там людзей распраналі, падводзілі да ямы і расстрэльвалі. Ў той дзень я назаўсёды згубіў маму, брата, сястру, дзядулю і бабулю, цётку, 2 стрыечных братоў