Дзмітрый Сяргеевіч Бутоўскі нарадзіўся ў 1917 годзе ў Петраградзе. Атрымаўшы адукацыю інжынера, Дзмітрый працаваў ў Куйбышаўскім раёне пад Сталінабадам. У 1938 годзе ён быў прызваны ў армію са Сталінабада (Душанбэ) Таджыкскай ССР, дзе пражывала яго сям’я. Удзельнічаў у Фінскай вайне. Вялікая Айчынная вайна для Дзмітрыя пачалася 22 чэрвеня 1941 года.
Аднойчы эшалон, у якім ехалі байцы, разбамбілі фашысты. Прыйшлося ісці пешшу. У баі старшы сержант Бутоўскі быў паранены і трапіў у палон. Пасля доўгіх пакут па адкрытых лагерах для ваеннапалонных, голаду і холаду, Дзмітрый Бутоўскі трапіў у горад Ліду. З групай другіх ваеннапалонных яго накіравалі на работу ў дэпо. Сярод палонных асабліва выдзяляўся Роберт Сасноўскі. Смелы, ініцыятыўны і знаходлівы, ён хутка арганізаваў вакол сябе групу з найбольш верных людзей. Адным з першых увайшоў у гэтую падпольную групу Бутоўскі.
З кожным днём арганізацыя дзейнічала больш смела. У пачатку сорак другога года была наладжана сувязь з партызанамі. Па заданні народных мсціўцаў ваеннапалонныя выводзілі са строю цягнікі, зрывалі рамонт вагонаў і лакаматываў, перадавалі даныя аб руху па чыгунцы. Апошняе было вельмі каштоўным.
Каб пазбегнуць арышту, Бутоўскі і яшчэ дзевятнаццаць чалавек ваеннапалонных у маі 1942 года былі перапраўлены ў атрад імя Варашылава. Бутоўскі прыйшоўся па душы патрызанам. Рослы, з прыемнай усмешкай на прыгожым твары, бясстрашны ў баі, ён вельмі хутка стаў любімцам лясных салдат. Пасля баёў, паходаў ля патрызанскага кастра яны любілі слухаць песні Дзмітрыя. З ім не боязна было ісці і ў бой. Невыпадкова, што трапіць у групу падрыўнікоў, якую ўзначальваў Бутоўскі, лічылася вялікім гонарам. Дзмітрый быў прызнаным важаком моладзі. Ён быў памочнікам камісара партызанскага атрада па камсамолу, адначасова з’яўляўся сакратаром Шчучынскага падпольнага райкома камсамола (па сведчанні У.Фядотава).
Па прыходзе ў патрызанскі атрад Дзмітрый адразу паказаў незвычайную кемлівасць у падрыўной справе. Ніхто лепш за яго не мог так непрыкметна падабрацца да чыгункі, хутка закласці ўзрыўчатку. Яму заўсёды спадарожнічала ўдача. Рэдка калі яго група вярталася ў лагер без “улова”, як жартавалі хлопцы. 35 варожых эшалонаў, прычым 24 асабіста – такі баявы рахунак Дзмітрыя Бутоўскага. Ваяваў Дзмітрый смела і асцярожна. Ён ніколі не паказваў непатрэбную адвагу, быў далёкі ад фальшывага самалюбства. Сярод насельніцтва ў яго было многа знаёмых. Статную постаць сакратара камсамола можна было бачыць у многіх вёсках, асабліва паблізу чыгункі.
У партызан не хапала ўзрыўчаткі. Зачастую падрыўнікам даводзілася бяздзейнічаць з-за адсутнасці мін. Інжынер па адукацыі, Дзмітрый і раней займаўся некаторымі ўдасканаленнямі партызанскай зброі. Таму ў атрадзе былі ўпэўнены: раз ён узяўся за справу, то міна абавязкова будзе. І яны не памыліліся. Міна была зроблена. За аснову вынаходнік узяў 100-кілаграмовую авіяцыйную бомбу. “Бомба Бутоўскага” увайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. А сваё выпрабаванне яна прайшла 12 снежня 1942 года, калі на станцыі Скрыбаўцы быў узарваны фашысцкі эшалон з афіцэрамі, якія накіроўваліся на заходні фронт. 475 фашыстаў знайшлі смерць пад абломкамі вагонаў. У Берлін была паслана трывожная тэлеграма, а зводка Савінформбюро паведаміла аб знішчэнні беларускімі партызанамі эшалона з жывой сілай ворага. За гэтую аперацыю Дзмітрый Бутоўскі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.
28 ліпеня 1943 года фашысты ўварваліся ў вёскі Парэчча, Сідараўцы, Баяры, падпалілі іх і пачалі расправу над мірнымі людзьмі. Партызаны брыгады імя Варашылава паспяшаліся насустрач ворагу. Загарэўся бой, які працягваўся каля трох гадзін. Гітлераўцы былі разбіты. Партызаны страцілі дзевяць чалавек, сярод загінуўшых быў і Дзмітрый Бутоўскі. Шалёная куля напаткала яго ў самым канцы бою, калі астаткі разбітых фашыстаў кінуліся наўцёкі.
У маладым парку вёскі Парэчча Лідскага раёна стаіць гранітны помнік героям-партызанам. Разам з другімі тут пакоіцца і прах Дзмітрыя Бутоўскага – бясстрашнага партызана, патрыёта сваёй Радзімы. Ён загінуў, баронячы жыццё на зямлі.
(Выкарыстаны матэрыялы апавядання У.Фядотава “Радзіма паклікала ў бой”)