З лютага камісарам брыгады імя Ленінскага камсамола быў Гардзейчык Барыс Іванавіч. Нарадзіўся ен у в.Вялікія Бярозаўцы. Кастрычніцкая рэвалюцыя застала Б.І.Гардзейчыка ў Петраградзе, куды ён за год да гэтай гістарычный падзеі прыехаў, каб уладкавацца на работу. Працаваў чорнарабочым на трыкатажнай фабрыцы акцыянернага таварыства “Керстэн”. Тут юнак уцягнуўся у бурныя рэвалюцыйныя падзеі. У 1920г. Б.І.Гардзейчык вярнуўся ў родную веску Вялікія Бярозаўцы, якая затым аказалася пад уладай панскай Польшчы. Барыс Іванавіч уступіў ў члены КПЗБ, стварыў у сваей весцы партячэйку і веў рэвалюцыйную барацьбу. З-за праследванняў з боку польскай дэфінзывы Гардзейчык пакінуў родныя мясціны і па вярбоўцы выехаў у Францыю, дзе пражыў з 1929 па 1932г. У радах французскай кампартыі пад псеўданімам Роберт Поль актыўна адстойваў ідэалы працоўных. У студзені 1932г. быў высланы з Францыі.
Пасля звароту да сям’і на трэці дзень ў хаце з’явіліся пяць паліцаяў на чале з камендантам Астрынскай паліцыі. Гардзейчык быў арыштаваны паліцыяй і дастаўлены ў Шчучынскую дэфензіву. Пасля некалькі месяцаў чакання суда Барыс Іванавіч быў прыгавораны да 4 гадоў турэмнага зняволяння за прыналежнасць да Камуністычнай партыі. Адбываў тэрмін зняволення спачатку ў Лідзе, а затым у Ломжы. Вярнуўся з турмы Барыс Іванавіч у 1936г. і адразу ж узначаліў Астрынскі падпольны камітэт КПЗБ. Сярод насельніцтва группа адзінадумцаў Гардзейчыка пад яго кіраўніцтвам распаўсюджвала лістоўкі, лозунгі, гаварыла праўду пра краіну Саветаў, вывешвала Чырвоныя Сцягі, мабілізоўвала масы для барацьбы супраць пілсудчыкаў. У ноч з 17 на 18 верасня 1939г. Гардзейчык узначаліў Часовы рэвалюцыйны камітэт. Затым жыхары воласці даверылі яму быць сваім прадстаўніком на Народным сходзе Заходняй Беларусі. Напярэдадні вайны ўзначальваў Васілішкоўскі райпрамкамбінат.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Барыс Іванавіч пачаў устанаўліваць сувязі з надзейнымі людзьмі, з актывістамі Савецкай улады. Вакол Гардзейчыка пачалі аб’ядноўвацца ў невялікую каманду патрыётаў М.Паўлюкевіч, П.Жукоўскі, М.Слатвінскі. Гэта група людзей і стала асновай партызанскай брыгады, якая была створана ў маі 1942г. Гардзейчык быў членам акружнога камітэта па барацьбе з акупантамі, пазней намеснікам старшыні, а са снежня 1942 па сакавік 1943гг. выконваў абавязкі старшыні. У верасні 1943г. Барыс Іванавіч становіцца камісарам партызанскага атрада імя А.Матросава, а затым камісарам партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола.
Пасля Перамогі Гардзейчык быў назначаны намеснікам старшыні Васілішкаўскага райвыканкама па будаўніцтву. Пазней працаваў старшыней Зельвенскага райвыканкама, узначальваў палітаддзел Поразаўскай МТС. Быў узнагароджаны ардэнамі Леніна і “Знак Пашаны”, многімі медалямі.