Поэтические произведения белорусских писателей

"Ветлівыя словы" Т.Кляшторная

«Калі ласка», «дзякуй»,

«добры дзень» —

Ветлівыя словы

Чую ад людзей.

Ветлівымі словамі

Трэба даражыць,

З ветлівымі словамі

Лёгка жыць.

"Шпак" Т.Кляшторная

На бярозцы пад акном

Я шпаку прыладзіў дом.

Толькі адысці паспеў —

Шпак адразу прыляцеў.

Дом утульны аглядае,

Песню весела спявае.

У шпака ёсць у двары

Вельмі добрыя сябры.

"Дожджык" Т.Кляшторная

Дожджык часты сыпаў, ліў —

Па двары ручай паплыў.

Пабягу хутчэй гуляць

I караблікі пускаць.

 

Парасон я распрастаў —

Дождж адразу перастаў.

Напужаўся, мабыць, ён,

Як убачыў парасон.

"Паўцякалі цацкі" Т.Кляшторная

Зноў без адпачынку

Завіхаўся Федзя:

Паламаў машынку,

Разарваў мядзведзя,

Паадкручваў вушы

Шэранькаму зайку,

Перамазаў тушшу

Штонікі і майку.

З гэтае прычыны

Цацкі паўцякалі:

Заяц да Яніны,

А мядзведзь да Валі.

"Не сквапная" Т.Кляшторная

Я цукеркi несла ў садзiк.

Папрасiў адну Ўладзiк,

За Ўладзiкам — Люцынка,

А за ею — Стась, Янiнка,

I яшчэ падбегла Мiла:

—  Мне цукеркi не хапiла!

—  На, апошнюю трымай,

    Я не сквапная, ты знай! 

"Сукенка раскажа" Т.Кляшторная

Не расказвала Аленка,

Ела суп цi ела кашу.

Лепш за ўсё яе сукенка

     Нам сама пра ўсё раскажа. 

"Піла" Васіль Вітка

Наша вострая пiла —

Не пiла,

А пчала.

Не пiла,

Не ела,

Нi разу не прысела,

А ўсё пела

I гула —

Вясёлая пiла.

Папiлавала дровы —

     Будзьце здаровы! 

"Едзе восень" В.Рабкевіч

Змоўкла наваколле,

Лес адгаманіў.

Едзе восень полем

На рабым кані.

 

Лісце сыпле ў ногі —

Высцілае шлях.

Гушкае дарога.

Мулкая зямля.

 

А за сінім борам —

Я разгледзеў сам —

Сядзе ў санкі скора

Белая зіма.

"Кураняты" А.Лойка

 Па двары ля хаты

 Ходзяць кураняты —

 Круглыя, як мячыкi,

     Быццам адуванчыкi. 

"Я будую дом з пяску" Г.Іванова

Я будую дом з пяску!

Клiчу ўсiх на талаку!

Будзем дружна працаваць,

Дом прасторны будаваць:

Высачэзны — вось такi!

На падмогу, сябрукi!

"Пралеска" А.Дзеружынскі

Прыгрэла сонейка.

На ўзлеску

Птушыны спеў

Чуваць здаля...

Стаіць і слухае пралеска,

Як ціха

Дыхае зямля.

"Бусел і хлопчык" А.Дзеружынскі

X л о п ч ы к: — Бусел, бусел,

Клёка-клёка,

Дзе ты жыў?


Б у с е л: — Я жыў далёка:

За гарамі,

За лясамі,

Там, дзе Ніл,

На поўдні самым.


X л о п ч ы к: — Што за Ніл?


Б у с е л: — Рака такая,

Нібы мора —

Гаманкая1.

А ў тым Ніле,

Хлопча мілы,

Ёсць страшыдлы-кракадзілы.


X л о п ч ы к: — Як жа ты там,

Бусел, жыў?


Б у с е л: — А не жыў я,

Ўсё тужыў.

Дзе б ні быў,

Дзе б ні лятаў,

Родны край

Успамінаў.

"За адвагу" А.Прохараў

На птушыны шумны двор

Завітаў нахабны тхор,

Трапіў у дзіцячы сад —

Да пухнатых куранят.

— Ку-ка-рэ-ку!

На падмогу! —

Певень наш

Забіў трывогу.

I пайшоў рашуча ў бой

Храбры воін і герой.

За рашучасць і адвагу

Уручылі пеўню шпагу.

"Мурашыная святліца" А.Прохараў

Пад ялінаю ў цішы

Дом узводзяць мурашы.

Без рыдлёўкі і сякеры —

Ім не трэба вокны, дзверы.

На вачах расце з ігліцы

Мурашыная святліца.

Цёплым сонцам

I смалою

Пахнуць новыя пакоі.

Опубликовать в FaceПоделиться в Pin

"Адмарозіў лапкі" І.Муравейка

Коцік басаногі

Па сняжку гуляў,

Адмарозіў лапкі

I заплакаў: — Мяў...

Што за дзіва гэта?

Трэба бегчы ў дом:

Снег такі халодны,

А пячэ агнём...

"Шалтай-Балтай"  І.Муравейка

Шалтай-Балтай

Па вёсцы блукаў,

Шалтай-Балтай

Работу шукаў.


Цэлы дзень шукаў,

Не згуляў мінуты.

Змарнеў, схуднеў

I праспаў сем сутак.

"Верабейчыкі" С.Новік-Пяюн

На марознае акно

Падаюць сняжынкі,

Я збіраю са стала

Хлеба акрушынкі.


Для крылатых пеюноў

Снеданне рыхтую,

Верабейчыкаў-сяброў

Чым магу частую.


I спяваюць у вакне

Шэрыя клубочкі,

Пацяшаюць сэрца мне

Ад рана да ночкі.

"Над калыскай" С.Новік-Пяюн

Запаліла ночка

Зорныя агні.

Спі, мая дачушка,

Любая, засні.


Над тваёй калыскай

Буду я спяваць,

Пра ката і мышку

Казачку казаць.


Пад акенцам кветачка

Цудная цвіце.

Мая крошка-дзетачка

З дня на дзень расце.


Вунь высока зорачка

Золатам блішчыць,

А мая дачушка

Штосьці ўсё не спіць.


З-за хмурынкі месячык

Беленькі ідзе,

За сабою зорачак

Карагод вядзе.

"Вяселка" В.Лукша

Дзеці летам ранкам золкім

Селі маляваць вясёлку.

Малявалі-малявалі —

Спрэчкі тут завіравалі:

З колераў якіх яна

Так прыгожа складзена?

Ўсе спрачаліся дасужа,

Пальцы загіналі дружна:

— Фіялетавы!

— Жоўты!

— Аранжавы!

— Чырвоны!

— Зялёны!

— Адзін прапусцілі!

— Які?

— Нібыта...

— Блакітны!..

Дзеці зноўку ранкам золкім

Селі маляваць вясёлку.

Малявалі-малявалі,

Спрэчкі тут завіравалі:

Колер кожны вельмі важны,

Што ён значыць, хто адкажа?


— Жоўты, ўскрылены цяплом,

Ласку дорыць і святло.

— А блакітны разам з сінім —

Гэта мір усім краінам!


— Фіялетавы... А гэты

Знак павагі і прывету.

— А зялёны — сын вясны,

Хай ім поўны будуць сны.

— Як матуліны далоні

Грэе колер нас чырвоны.

— I аранжавы нам любы —

Апельсіны вельмі любім!..


Колераў сем — вось суполка! —

Дружна склаліся вясёлкай.

Кожны колер блізкі сэрцу.

Чорнаму няма тут месца!

Чорны колер — то вайна!

Не патрэбна нам яна!


Малявалі ранкам золкім

Дзеці чыстую вясёлку.

Малявалі-малявалі,

Песні шчасныя спявалі!

"Лістапад" Янка Купала

З буйных ліп і бяроз

Лісты валяцца.

Між павалаў і лоз

Рассыпаюцца.


Шапацяць, шалясцяць

Залацістыя,

Ўвысь галінкі глядзяць

Пусталістыя.


А як прыйдзе вясна —

Ўсё адменіцца,

I галінкі ізноў

Зазяленяцца.

"Першыя сняжынкі" Янка  Журба

Лётаюць, сыплюцца

Зоркі-сняжынкі -

Белыя, лёгкія,

Быццам пушынкі.


Роўна так сцелюцца

Ў вёсцы і ў полі,

Кружацца, кружацца

Ціха, паволі.


Дзецям тут весела,

Хоць і марозна:

Цёпла за гульнямі,

Зімна не грозна.


Шумна забегаем

Тут удагонкі,

Гулка пакоціцца

Голас наш звонкі.


Жыва праложым тут

Новыя сцежкі,

Дружна наладзім мы

Гульні у снежкі.


Лётаюць, сыплюцца

Снежныя зоркі...

Будзем на саначках

Ездзіць мы з горкі.

"Дзед Мароз" Янка Журба

У вопратцы белай,

Шырокай, даўгой,

З вялікай пушыстай

Мятлой-барадой


Прыйшоў к нам здалёку

Дзядуля Мароз,

Завеі і холад

З сабою прынёс.


У бель апранае

Ён дрэвы, кусты,

На рэчках, азёрах

Будуе масты.

"Восень" Янка Журба

Шумяць па-асенняму

Пушча і бор,

На дрэвах, кустах —

Залацісты ўбор.


Заможная восень

Прыйшла ў калгас,

Дарамі багатымі

Радуе нас.


На полі калгасным

Вялікі ўраджай.

Ляціць аб ім слава

На ўвесь родны край.

"Коцік" Янка Журба

Хлопчык любіць коціка,

Лашчыць ён варкоціка, —

Коцік міл яму.


З ім на двор гуляць ідзе,

Часта малачка дае

Сябру ён свайму.


Ходзіць коцік беленькі,

Хвосцік яго шэранькі,

А бяжыць — стралой.


К хлопцу прытуляецца,

Спінкай выгінаецца,

Хвост яго — дугой.


Як убачыць птушачку,

Хутка шчабятушачку

Хоча ён схапіць:


Вочкі разгараюцца,

Кіпці выпускаюцца,

Ён за ёй бяжыць.


Поўсць яго пушыстая,

Беленькая, чыстая,

Мяккая, як лён.


Мышкі, сцеражыцеся!

Ціха!.. беражыцеся!

Уміг вас зловіць ён.

"Ваверка" Янка Журба

Я — рухавы звярок,

Заўжды весела мне.

Мая хатка — дупло

На высокай сасне.


Я на дубе нарву

Шмат буйных жалудоў

I к зімовай пары

Прынясу іх дамоў.


На галінках сасны

Я грыбоў насушу,

Іх багата к зіме

У свой дом нанашу.


Я — рухавы звярок,

Шмат арэхаў знайду,

Самых лепшых нарву

I ў дупло накладу.


Не баюся зімой

Я марозаў ліхіх:

Спачываю ў дупле

На лісточках сухіх.


А як сонца зірне,

Я скачу па сасне.

Цёпла ў шубе маёй

І суровай зімой.

"Пчолка" Янка Журба

Веснавое сонца

Росы падбірае.

Вылецела ў поле

Пчолка залатая.


Ёй за шчырай працай

Весела на полі:

Луг прыбраны ў кветкі,

I наўкол раздолле.


3 рання да змяркання

Пчолка залатая

Лётае па кветках

Ды мядок збірае.


Шмат сабрала пчолка

Мёду з розных кветак, —

Дома ім накорміць

Родных пчолак-дзетак.

"Мае забавы" Змітрок Бядуля

Па даліне, па лужочку

Ездзіць я люблю,

Я з дубовага кіёчка

Коніка зраблю.


Гайда, гайда, буланенькі,

Аж у цёмны бор!

I ляціць кіёк мой ценькі

Проста як віхор.


Аж дрыжыць, шуміць зямліца,

А я скок ды скок!

А са мною весяліцца

Жучка — мой дружок.


Я на коніку ўсё далей

Еду без канца,

Гэй, хутчэй нясі, удалы,

Мяне, малайца.

"Свеціць, як сонца, ад самай калыскі" М.Хведаровіч

Свеціць як сонца,

Ад самай калыскі

Вобраз любімы,

Родны і блізкі.

Маміна імя

Самае лепшае,

Маміна слова

Найдаражэйшае.

Мама! Матуля! -

Чароўнае слова

Песняй ласкавай

Гучыць на ўсіх мовах.

"Зямля з блакітнымі вачамі" Эдзі Агняцвет

Зямля з блакiтнымi вачамi -

Раздолле рэчак i лугоў!

Тут называюць Васiлькамi

На Беларусi хлапчукоў,


Звiняць крынiцы, як цымбалы,

Сцяжынкi свецяць у лясах.

Палі, узгоркi, перавалы -

Прасторны шлях, далёкi шлях!


Краiна славы партызанскай,

Краіна міру i даброт!

Ты - наша гордасць,

Наша казка,

Як сонца, шчодры твой народ.


Твае сыны,

Твае унукі,

Мы любiм гул тваiх бароў.

І рэкi цягнуцца, як рукi,

Да цёплых, верных рук сяброў.

"Маме" Эдзі Агняцвет

Калі б магла вясёлку з неба зняць,

Я падарыла б маме.

Каб з хмарак я магла дыван саткаць.

Я падарыла б маме!

Пралескі ўсіх лясоў і стужкі рэк

Я падарыла б маме.

І ласку, і цяпло на доўгі век

Я падарыла б маме!

Святло бяроз і песеньку малой

Сініцы сінякрылай –

Хачу паднесці ўсё, што мне самой

Матуля падарыла.

"Мышка" А.Бадак

Уцякала мышка

Ад коціка,

Пагубляла мышка

Боцікі. 

Ой, памерзлі ў бедненькай

Ножкі, 

Хворая ляжыць яна

Ў ложку. 

Дактары прыходзяць к ёй

Часта. 

Горкія даюць ёй

Лякарствы.

Гладзіць мама

Мышку-малышку:

— Можа, пачытаць табе

Кніжку? 

Не сумуй, мая ты

Малютка. 

Станеш ты здароваю

Хутка. 

Новыя куплю табе

Боцікі. 

Толькі ж сцеражыся ты

Коціка! 

"Беларусачка" А.Бадак

Твар румяненькі,

Белая хустачка.

Я ўжо ведаю,

Я — беларусачка!

I хачу

Так, як тата і мама,

Родны край свой любіць

Я таксама!

"Зайчаняткі"  А.Бадак

— Дзе былі вы, зайчаняткі?

— Загаралі каля градкі.

— А пасля куды прапалі?

— Маме дома памагалі.

Мылі міскі, мылі лыжкі,

Акуратна склалі кніжкі.

— Ну а што пасля рабілі?

— Да мядзведзіка хадзілі.

Пазаўчора яму дзед

Падарыў веласіпед.

I цяпер мы на палянцы

Разам вучымся катацца.

Хочаш, з намі павучыся —

Толькі ты, глядзі, не біся!

"Радзіма" Д.Бічэль-Загнетава

Радзіма — нівы, рэкі і бары,

Бярозавікам вецер набрыняў,

У Белавежы волаты-зубры,

А вунь мацуе ножкі зубраня.


Радзіма! Тата, мама і браты,

Сястра, бабуля, дзед і шмат радні

Зрабілі ўсё, каб меў радзіму ты.

Яе высокі гонар не ўрані.


Стварай сваё, ды беражы, што ёсць.

Дужэй між птушак, песень і цяпла.

А розум, дабрату і прыгажосць

Табе прырода родная дала.

"Сонечная сцежка" С.Грахоўскі

Жоўты лісцік тапаліны

Ціха падае з галіны;

I лісты, лісты наўкол

Апускаюцца на дол.


Высцілае лістапад

Сцежку ў наш дзіцячы сад.

Спрытна ходзяць ножкі

Сонечнай дарожкай.


Кожнай раніцай з ахвотай

Мы прыходзім на работу.

Ляльку трэба расчасаць

I кружочкі напісаць,


Збудаваць пясчаны дом,

З’есці кашу з малаком

I кату пачысціць боты.

Ой, як шмат у нас работы!

"Наш май" С.Грахоўскі

Сягоння мы святкуем Май,

У мірным небе сонца свеціць,

І нашы песні з краю ў край

Нясе пагодны майскі вецер.


Цвіце наш мірны край, цвіце,

Сцягі у небе палыхаюць,

І над калонамі дзяцей

Бацькі высока узнімаюць.


І галубы над нашым краем

У сінім небе паплылі…

Мы песняй звонкаю вітаем

З цудоўным Маем, мірным Маем


Сваіх сяброў на ўсёй зямлі!

"Сунічкі" С.Грахоўскі

Каля поўнае крынічкі

Пахаваліся сунічкі

Пад сцяблінкі і лісты

I за ельнічак густы.


3 раніцы да ночкі

Бомкаюць званочкі,

Галасочкам тонкім

Клічуць іх рамонкі.


Сойкі і сінічкі

Свішчуць: «Дзе сунічкі?»

I ўсю ноч крычыць сава:

«Я шукаю іх сама!»


Абазваліся сунічкі:

«Мы хаваемся, як знічкі,

Прыпадаем да зямлі,

Каб адразу не знайшлі,

Каб з травой і зеллем

Зайчыкі не з'елі.

Любім мы свае лясы,

Любім вашы галасы,

Хто не вельмі ганарыцца,

Нам павінен пакланіцца.

Калі схіліцца хоць раз,

Пад лістамі знойдзе нас».


I чырвоныя суніцы


Зніклі зноў, як чараўніцы.

"Я хачу салдатам стаць"  Л.Рашкоўскі

Як i мой калісьці тата,

Стаць i я хачу салдатам

I Айчыне даць прысягу

На адданасць i адвагу.

І ў салдацкім шынялі

Мір ахоўваць на зямлі.

"У вясновым лесе" Л.Дайнека

Пойдзем, дзеці, у лес вясновы,

нібы ў дом вясёлы, новы.

Толькі тым, хто ў казку верыць,

лес свае адчыніць дзверы.


Там пад дубам зайчаняткі

дружна робяць фіззарадку,

там ваўкі яшчэ ад рання

сена косяць на сняданне.


Там з імпэтам і запалам

лось іграе на цымбалах,

там мядзведзь каля балота

рамантуе буслу боты.


Песні там і смех усюды.

Але ведайце, што цуды

толькі тым вясна пакажа,

хто не скрыўдзіць і мурашкі,

хто з прыродаю сябруе,

птушак і звяроў шануе.

"Сон"  А.Грачанікаў

Прысніўся

Сон Алесі —

Аж войкнула

Яна, —

Што засталася

Ў лесе

Яна

Зусім адна.

Прачнулася

Раптоўна

Ад яркага

Святла:

— Як, мамачка,

Цудоўна,

Што ты мяне

Знайшла!

Я ў лесе

Не крычала,

Я не баюся,

Не!

Я толькі

Сумавала:

Як ты тут

Без мяне?

"На рэчцы зімой" Якуб Колас

Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому:

Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.

– Мамачка-галубка! – просіць сын так міла.

– Можа б, ты на рэчку пагуляць пусціла?

Я не буду доўга, зараз жа вярнуся,

Трошачкі на рэчцы ў санках паважуся.

– Ну, ідзі, пабегай, толькі апраніся

Ды, глядзі, ў палонку, сынку, не ўваліся.

Радасць і раздолле хлопчыку малому

І не пазайздросціць ён цяпер нікому!

На плячо – сякерку, саначкі – у руку,

Хлеба ўзяў акрайчык. – Цюцік! – свіснуў Жуку.

Пад скарынкай лёду тут жа, каля хаты,

Працякала рэчка скрозь лясныя шаты.

Побач той рачулкі кучы буралому,

І застыла рэчка мёртва, нерухома.

– Эй ты, лёд-гвалтоўнік! Што ты вытвараеш?!

Ты нашто вадзіцу крыўдзіш, ушчуваеш?

Дам ёй ход, дарогу, каб на свет зірнула!

І яго сякерка спрытна секанула.

Звякае сякерка, глуха стук нясецца.

Раптам клуб вадзіцы з-пада дна ўзаўецца.

Коціцца вадзіца, іней падымае

Ды такую казку-байку хлопцу бае!

На рачулцы ў лесе меў Алесь забаву.

Ну ж і пацяшаўся хлопчык тут на славу!

"Дзед-госць" Якуб Колас

Ходзіць дзед белабароды

Полем, лесам, пералескам,

Засцілае рэчкі лёдам,

Брыльянцістым снежным блескам.


Сыпле іней на бярозы,

Туліць дрэвы лёгкім пухам,

Крые рэкі, травы, лозы

Белай посцілкай-кажухам.


Дзеда ўсюды носяць ногі,

І к нам прыйдзе на хвілінку

Адпачыць крыху з дарогі,

Важна сеўшы на ялінку


А ялінка!.. Чаго толькі

На яе няма галінках!

Свецяць зоркі і вясёлкі

У бліскучых павуцінках.


Тут лісічка, зайчык, мышкі,

Рыбкі, буслік даўгавязы.

А як ззяюць на ёй шышкі,

Нібы ў іх гараць алмазы.


Каля елкі карагоды,

Песні, гутарка жывая,

А той дзед белабароды

Толькі ў вусы смех пускае.


Дык рассунем кола шырай,

Патанцуем на памосце,

Песняй звонкай, песняй шчырай

Прывітаем дзеда-госця.

"Зіма" Якуб Колас

Надышлі марозы,

Рэчкі закавалі,

Белыя бярозы

Шэранем убралі.


Замялі дарогі

Ветрыкі снягамі.

Лес, як дзед убогі

З доўгімі вусамі.


Апусціў галіны

I стаіць журботна,

Зрэдку верхавіны

Зашумяць маркотна.


Мяккая пярына

Вочы адбірае.

Белая раўніна —

Ні канца ні краю.


Пад пялёнкай белай

Травы і лісточкі.

Рэчка анямела,

Змоўклі ручаёчкі.


Амярцвелі лозы,

Чуць галлём хістаюць.

А ў палях марозы

Ды вятры гуляюць.

"Песня аб вясне" Якуб Колас

Уцякай, мароз-дзядуля!

Чуеш ты, стары, ці не?

На пагорках — булі-гулі! —

Песні чуюцца вясне.


Звоніць, скача, як дзіцятка,

Гэты жэўжык-ручаёк.

На яго, бы тая матка,

Сонца кідае свой зрок.


А ён, гучны і смяшлівы,

Так і ходзіць, аж дрыжыць,

I другі сябрук шчаслівы

Насустрэч яму бяжыць.


А зіма аж пачарнела —

Годзе ёй тут кросны ткаць!..

Гэй, маленства, жыва, смела

Выйдзем весну прывітаць!

"Сонца грэе, прыпякае" ( з верша "Вясна") Якуб Колас

…Сонца грэе, прыпякае,

Лёд на рэчцы затрашчаў.

Цёплы вецер павявае,

Хмар дажджлівых нам прыгнаў.


Вось і бусел паказаўся,

Гусі дзікія крычаць,

Шпак на дубе расспяваўся,

Жураўлі ужо ляцяць.


І зіма, як дым, прапала!

Зелянее луг, ралля.

Як ад болю, ачуняла

Наша родная зямля.

"Храбры певень" Якуб Колас

Па надворку певень ходзіць,

За сабою куры водзіць

І крычыць: — Сюды! сюды!

Як кіўне ён галавою,

Сыплюць куры чарадою —

Як адна бягуць туды.

А калі хто кур пужае,

Певень грозна загукае:

— Хто такі там? Хто такі?.

Вось на ток ён зачасаўся.

— Кыш! — адтуль хтось адазваўся.

— А які там чорт? Які?

Певень жытам кур частуе,

Гаспадара бы й не чуе,

Кліча кур: — Сюды! сюды!

Гаспадар мятлу хапае.

Гвалт наш певень падымае:

 — Хто куды! ой, хто куды!

"Пра дзеда і ўнука" У.Дубоўка

1


Недзе далёка

ў вёсцы маленькай

век дажываў свой

дзедка старэнькі.


Старасць — не радасць.

Сядзе абедаць —

ежа ліецца

з лыжкі у дзеда.


Пазалівае

чысты абрус так

ён і заціркай,

ён і капустай.


3 гэтай прычыны

дзеда старога

есці саджалі

каля парога.


Там ён і снедаў,

там і абедаў,

там ён з унукам

меў і бяседы...

                                 

2


Дзедаў унучак,

мамін сыночак,

ножык узяўшы,

сеў у куточак.


Нешта майструе,

нешта складае.

Будзе, напэўна,

цацка якая.


Маці пытае:

— Любы сыночак!

Што ж ты майструеш,

сеўшы ў куточак?


Што ж гэта будзе,

скрыначка быццам?

— Будзе, матуля,

гэта — карытца.


Як пастарэеце

з татам абое,

вас не прыму я

есці з сабою.


Каля карытца

вас пасаджаю,

поснай заціркі

паналіваю...


Тата на маму,

мама на тату

глянулі моўчкі:

«Хто ж вінаваты?»


3


3 гэтага часу

дзеда старога

больш не саджалі

каля парога.

"Калядная вячэра" В.Жуковіч

Гэткай смачнае куцці

вы не елі ў жыцці.


I блінцы калядныя

дужа-дужа ладныя.


А кісель ды аўсяны

яшчэ лепшы за бліны.


А згатуеце гароху —

з'ясце многа й яшчэ троху.


Селядцы ёсць і грыбкі —

пах ідзе ва ўсе бакі.


Пернікі ды булкі з макам

будуць, пэўна, ўсім да смаку.


Журавінавы напітак

будзе піцца з апетытам.

Усе стравы сытныя,

надта апетытныя!

"Дажджавая калыханка" В.Жуковіч

Ночка чорнаю бусліхай

Прыляцела на зямлю.

Ходзіць дожджык ціха-ціха,

Шэпча песеньку сваю:

"Спіце, пушчы і палеткі,

Спіце, птушкі, мурашы,

Спіце, дрэвы, впіце, кветкі,

Шу-шу-шу-шу, шы-шы-шы!

Гром заснуў у калясніцы

І маланак не відаць,

Хай усім цудоўна спіцца,

Я іду таксама спаць".

"Сіненькія вочы" П.Прыходзька

Нібы дзве расінкі

Ціхай цёплай ноччу,

Свецяцца ў Ірынкі

Сіненькія вочы.


Пасвятлее ў хаце,

Як яна ўсміхнецца.

Пакрычыць жа маці —

Уся слязьмі зальецца.


Ды не доўга плача,

Зноў развесяліцца.

Чуе зноў і бачыць,

Як звініць крыніца,


Як вясна раздоллем

Крочыць маладая,

Як пралеска ў доле

Сінню прарастае.


Красачкі лясныя —

Нібы зоркі ўночы.

У вясны такія ж

Сіненькія вочы. 

"Галінка і верабей" М.Танк

- Галінка-вярбінка, -

Прасіў верабей, -

Мо пакалыхала б

Маіх ты дзяцей?


Галінка не хоча

Дзяцей калыхаць.

- Ідзіце, казулі,

Галінку ламаць!


Казулі не хочуць.

- Ідзіце, ваўкі,

Лавіці, караці

Казуляў такіх,

Якія не хочуць

Галінку ламаць,

Якая не хоча

Дзяцей калыхаць.


Ваўкі не схацелі.

- Прыходзьце, стральцы,

Каб непаслухмяных

Ваўкоў правучыць,

Якія не хочуць

Казуляў караць,

Якія ляняцца

Галінку ламаць,

Якая не хоча

Дзяцей калыхаць...


Пайшлі паляўнічыя

Ў лес на ваўкоў:

Спалохана зверы

Пабеглі з дуброў,

Пабеглі казуляў

Лавіць і караць;

Казулі пабеглі

Галінку ламаць;

Галінка ж вярбінка

Са страху хутчэй

Давай калыхаць

Вераб'іных дзяцей.

З тых дзён без спачынку,

Каб кожны быў рад,

Калыша галінка

Усіх птушанят.

"Ехаў казачнік Бай" М.Танк

— Ехаў казачнік Бай

Цераз сёлы і гай.

Баіць ці не?

— Бай!


— Ён пытаўся ў мяне:

— Што даць дзецям у сне? —

Баіць ці не?

— Бай!


— Я прасіў: дзецям дай

Казку-песеньку, Бай!

Баіць ці не?

— Бай!


— А найлепшую з іх

Дам для самых малых.

Баіць ці не?

— Бай!


Тым хто любіць мяне

І хто першы засне. —

Баіць ці не?

— Не!

"Мой край" А.Русак

Куды ні глянь — лясы шумяць,

цвіце за полем гай,

а поле — вокам не абняць.

I гэта ўсё — мой край.


Пшаніца, жыта на палях,

усюды ураджай,

стагі, як горы, на лугах.

I гэта усё — мой край.


Жыве, працуе мой народ

ці ў снежань, ці ў май,

і харашэе з году ў год

мой родны, вольны край.


Куды ні глянь — лясы шумяць,

за полем рачка, гай.

I ў сэрцы песні не стрымаць

пра мой любімы край.

Написать об этом в блоге

Опубликовать в Twitter

Опубликовать в Facebo

Поделиться в Pintere

"Як зроблены цацкі?" А.Ставер

У Дзяніскі сёння свята —

Цацак дзед прынёс багата:

Верталёцік, самаходку

I пластмасавую лодку,


Матаролер і машыну

З размалёванай кабінай.

Рад Дзяніска, вельмі рад,

Ён паставіў цацкі ў рад.


Перш узяўся за машыну —

Адвінціў ураз кабіну,

Потым колы паздымаў.

Верталёцік паламаў.


Разабраў надзіва скора

Самаходку, матаролер.

Дзед ўбачыў, забубніў:

— Што ты з цацкамі зрабіў?


Не купляў бы я, каб ведаў.

А Дзяніска кажа дзеду:

— Мне карцела разабрацца,

Як жа зробленыя цацкі.

А ва ўсім як разбяруся —

Цацкі зноў збяру, дзядуся!

"Сыражуйкі" Н.Тулупава

Дзед Пахом

I ўнук Алежка

У лес пайшлі

Па сыраежкі.

А за імі кот Мявука,

Певень Куд

I свінка Жуйка.

Дзедка тупае ля елак,

Разграбае мох кійком.

Ўнук ляціць наперад смела,

А дубец — ягоны конь.

Кот Мявука каля норкі

Адганяе пеўня: «Кыш!»

Шышку скінулі вавёркі,

Кот як скочыць!

Думаў — мыш...

Жуйка бегае па сцежках,

Пятачком ледзь павядзе —

Там красуюць сыраежкі,

Як цюльпаны на градзе.

Лес прайшлі

3 унукам дзед.

Не знайшлі грыбоў нідзе.

Што за дзіва, што за цуд?

Падлятае да іх Куд:

— Захварэла наша свінка,

I жывот баліць, і спінка...

— Што ты ела, Жуйка?

— Ела «сыражуйкі»,

Каля сцежак,

Ля кустоў

Не адну,

А цэлых —


Сто!

"Ната маму любіць надта" Р.Барадулін

Мама мые раму,

Ходзіць мама ў краму.

I ў дачушкі Наты

Цэлы дзень заняты:

То шукае

маму,

То гукае

маму:

— Мама,

дзе піжама?

— Мама,

дзе панама?

— Мама,

дзе праграма?..

Мама.

Мама.

Мама.

Ледзь прачнецца Ната,

Шуму поўна хата,

Поўна шуму, гаму,

Бо дачушка Ната

Надта

Любіць маму!

"Ай! Не буду! Не хачу!" Р.Барадулін

Есць у Ланы тры сястрычкі:

Ай!

Не буду!

Не хачу

За сястрычкамі благімі

Кожнай раніцай сачу.

Будзяць Лану:

— Уставай!

А сястрычка цягне:

— Ай!

— Ланачка, памый пасуду.

А сястрычка зноў:

— Не буду!

Узяла сястрычак Лана

У дзіцячы сад з сабой.

На пацешных хочуць глянуць

Дзеці ўсе наперабой.

Цацкі лепшыя свае

Кожны пагуляць дае.

Просяць:

— Ляльку палюляй.

Ды бурчыць сястрычка:

— Ай!

— Прынясі вады вярблюду.

А сястрычка ім:

— Не буду!

— Мішкам дай па калачу.

А сястрычка:

— Не хачу!

I сказалі дзеці Лане:

— Хто дружыць

3 такімі стане?


Хай капрызныя сястрычкі

Кепскія забудуць звычкі

I тады ідуць у сад,

А пакуль — вядзі назад!

"Свята" Ю.Свірка

Сёння ў нашай мамы свята,

Падарыў ёй кветкі тата.


Пажадаў ён любай маме

Быць заўсёды самай-самай.


I прыгожай, і шчаслівай,

I вясёлай, і руплівай.


Аж свіціцца мама наша:

Атрымаў дзясятку Саша.


Пастараўся наш Панаска:

Ён нацёр паркет да бляску.


Пахваліла мама Аду —

У пакоях скрозь парадак.


Тата сам гатуе стравы,

Ён старанны і рухавы.


Прыхінае мама кветкі:

— Дзякуй, бацька! Дзякуй, дзеткі!


Незабыўная нядзеля,

Мама як памаладзела.


I з усмешкай кажа тата:

— Падарылі маме свята.

"Бабуліны казкі" В.Вітка

У бабулі маёй

Рукі лоўкія,

У бабулі маёй

Песні доўгія.


Разматае клубок

З новай казкаю,

Прыйдзе хітры каток,

Трэцца з ласкаю.


Хоча лапкі пагрэць,

Завуркоча ён,

Ні гуляць, ні дурэць

Нам не хочацца.


Вось і дзень праляцеў,

І не спіцца нам.

Бабка казкі пляце

Чараўніцаю.

"Звяры нашых лясоў" А.Якімовіч

Звер вядомы ён усім —

I старым і дзецям.

Футра цёплае на ім,

А завуць — мядзведзем.


А гэта вось —

Рагаты лось

3 сям'ёй сваёй уранку

Выходзіць на гулянку.


Як дзяды, яны з бародамі,

Ходзяць цэлымі чародамі.

Проста дзіва — не звяры,

Называюцца — зубры.


Бабры — спакойныя звяры;

Хвасты ў іх як лапаты.

Без тапароў і піл бабры

Сабе будуюць хаты.

Ля іх, нібы разбойніца,

За язем выдра гоніцца.


На суку ў гушчары,

Распусціўшы кіпцюры,

Рысь і дні і ночы

За здабычай сочыць.


Навастрыла вушы ліска,

Пачала ўглядацца:

Ці няма пажывы блізка —

Птушкі або зайца?


Глядзіць куніца горка

На шуструю вавёрку:

За ёй куніца

Скакаць баіцца.


Пад'еўшы ўволю жалудоў,

Па сцежцы лесавой

Ікластых чарада дзікоў

Ідзе на вадапой.


Ну і рогі у аленя!

Метраў два яны — не меней.

Ад такой пагрозы

Уцякаюць козы.


А гэта — не кот, не бабёр,

А самы звычайны тхор.


Воўк на зайца

Вострыць зубы.

Уцякай, шарак,

Ад згубы!


Не ласун барсук, о не!

Есць ён што папала.

Нават жабу праглыне,

Калі мышак мала.

"У лесе" А.Бялевіч

У вавёркі зухаватай

Запытаўся ў лесе я:

— Дзе, вавёрка, твая хата?

— У яліне дуплаватай

Хата цёплая мая.

— Ты не жала, не касіла,

А ўжо скора лістапад.

— Я ж арэхаў нанасіла.

Я грыбоў сабрала шмат!

— Вожык, дзе твая хаціна?

Дзе прытулішся ў марса?

Ён, калючы, як шыпшына,

На іголках лісце нёс.

— Хатка-норка над хваінай,

Там радзіўся, там узрос.

— А што будзеш есці, вожык?

У адказ зачмыхаў ён:

— Лягу спаць я ў цёплы ложак —

Буду спаць да весніх дзён!

— Цецярук, а ты ў марозы

Дзе прытуліш галаву?

— Змерзну — бухнуся з бярозы

У снег. Пад снегам пражыву!

— А што есці?

— Дасць алешнік

Пірагоў-пупышак мне.

I бярэзнік дасць, канешне,

Хлеба ў роднай старане!

"Сама" Э.Валасевіч

Вавёрачка арэшак ухапіла

I так, і сяк яго на зуб бярэ,

Але ці не хапае сілы,

Ці дужа цвёрды той арэх,

Ды ён не паддаецца…

– Давай сюды! – Матуля весела смяецца. –

Малая ты яшчэ, дапамагу,

Бо кволенькія зубкі...

– Не дам! – Вавёрачка надзьмула губкі. –

Сама я раскусіць змагу!

I што б вы думалі? Хапіла сілы.

Хоць не адразу — ды сама

Арэшак раскусіла!

Без цяжкасцей і перамог няма!

"Матуліны рукі" В.Вярба

З маленства яны нас

Да сэрца гарнулі,

Пяшчотныя, добрыя

Рукі матулі,

Што з ранку працуюць

Няспынна і лоўка -

Дачушку накормяць,

Прычэшуць галоўку,

Кашулю пашыюць,

Правераць задачу

І сына суцешаць,

Калі той заплача.

Матуліны рукі

Нас цешаць, галубяць,

Так шчыра, як маці,

Ніхто нас не любіць.

Матуліны рукі -

Адзіныя ў свеце,

Шануйце, любіце

Заўсёды іх дзеці.

"Буславы боты" В.Гардзей

У чырвоных новых ботах

Ходзіць бусел па балотах.

Боты ў бусла да калень,

Бусел сення цэлы дзень

То палюе на вужак,

То на жаб

Наводзіць жах.

Нахадзіўся між балот,

Раптам чуе - цісне бот.

Як тут буслу цераз гаць

Да лясочка даскакаць?

Бусел енчыць:

-Не магу,

Не дайду,

Не  дабягу...

Вось чаму ён у лазе

На адной стаіць назе.

"Родзічы" В.Гардзей

Паласаты кот бяжыць,

На градзе гарбуз ляжыць.

Кот палашчыўся шчакой:

— Міленькі, ты ж родзіч мой!

— Што за родзіч? Вось канфуз! —

Хвосцікам крутнуў гарбуз.

— Ды ў цябе ж, як і ў мяне,

Шмат палосак на спіне.

"Калыханка" У.Карызна

Баю-баю, дзеткі, спіце,

Люлі-люлі-люлі.

Спяць валошкі ў цеплым жыце,

Зайчыкі паснулі.

Зоркі ў небе ўжо мігаюць,

Свецяць на палеткі,

Ціха ў вокны заглядаюць -

Як спіцё вы, дзеткі.

Будуць слухаць хмаркі ўночы,

Чуйныя,  як вушкі,

Што сняць любыя сыночкі,

Мілыя дачушкі.

Спіце, дзеткі - мае краскі,

Люлі-люлі-люлі.

Хай жа вам прысняцца казкі

Роднае бабулі.

"Буду асілкам" Е.Лось

Гэй, гадзіннічак,

Хадзі!

Гэй, будзільнічак,

Будзі!

Буду,буду

Ўставаць,

Фіззарадку

Пачынаць.

Па дыванчыку-гулянчыку

Мар-шы-ра-ваць!

Вось гантэлі, вось мячы.

Ты, гадзінічак,

лічы:

раз-два,

Цік-так,-

Што не гэтак,

Што не так?

Крок спартыўны,

Гарт сталёвы,

Вось эспандар

Нацягну!

Набяруся сіл -

Падкову

Я адной рукой

Сагну!

"Мы ўсё мож

Гэта праўда, што на свеце

Ёсць яшчэ такія дзеці,

Што не ўмеюць маляваць,

Шыць, ляпіць і пілаваць,

Лялькам хаткі будаваць?

А ці праўда, што на свеце

Ёсць яшчэ такія дзеці,

Што лянуюцца спяваць,

У ладкі пляскаць, танцаваць?

- Гэта, цётачка, не мы!

Мы з інакшае гурмы.

Мы што хочаце змайструем,

І спяём, і патанцуем.

Хата родная падчас

Ходзіць ходырам ад нас!

"Блакітны тралейбус" У.Мацвеенка

Ён вялікі і прыгожы,

Шмат людзей павезці можа. 

Як па вуліцы ідзе,

Дык напружана гудзе:

—Маю вочы,

Маю рогі,

Маю гумавыя ногі.

Я па вуліцы Імчу,

Усе сядайце —

Пракачу!

Мы заходзім па чарзе,

I тралейбус нас вязе.

Людзі выйшлі каля крамы,

Я ўселася ля мамы.

Добра мне наўкол відно 

Праз вялікае акно. 

Абганяюць нас машыны,

 Шапацяць-шаргочуць шыны: 

Вось магутны бензавоз,

Вось пузач-малакавоз...

Мама кажа:

- МАЗы, ЛАЗы,

Глянь, дачушка, колькі іх! 

Я прызнаюся: ні разу

 I не бачыла такіх.

Раптам бачу — магазіны, 

Там прыгожыя вітрыны. 

Вунь кіно, вакзал, музей,

I паўсюдна шмат людзей...

 Вось тралейбус бег спыніў, 

Дзверы ўшыркі расчыніў.

—  Дзякуй, —

Я яму сказала

I рукою памахала.

Ён прагуў:

— У добры час,

Я заўжды чакаю вас.

"Коцік і Мышка" У.Мацвеенка

Коцік 

Сеў на дах 

Пад сонца.

Раптам Мышка —

Юрк з ваконца.

Коцік — скок 

I аж заенчыў,

Ледзьве лапкі 

Не скалечыў.

Норку зараз 

Ён пільнуе.

Можа, Мышку

 Ўпалюе?

"Ніна і ангіна" У.Мацвеенка

Дала Ніне 

Цётка Іра 

Пачастунак — 

Два пламбіры. 

Потым маці 

Ля кіно 

Ёй купіла 

Эскімо.

I ў выніку

Да Ніны

Прычапілася

Ангіна.

У горле —

Як агнём пячэ,

Ды і з носіка

Цячэ.

"Сон пра парасон" У.Мацвеенка

Ноччу мне 

Прысніўся 

Сон,

Што згубіўся 

Парасон.

Я тужу,

Бо быў 

Як новы 

Прыгажун 

Шматкаляровы 

Ён закрыты, 

Нібы клін,

А раскрыты, 

Быццам блін. 

Дождж ліне — 

Ён не чакае,

А мяне

Хутчэй хавае.

Сонца

Паяўляецца —

Сам тады

Хаваецца.

Ранкам

Сонная

Пайшла,

Раптам

Парасон

Знайшла.

Вось ён 

У мяне 

Ў руках

—   Добры дзень,

Маленькі дах!

" Храбрая мама" У.Мацвеенка

Ранкам 

Курка 

Куранят 

Праз гарод 

Вяла 

Ў сад.

Раптам

Коцік

Скок з гароху —

Куранятак

Напалохаў.

Курка ўраз

Засакатала,

Куранят

Усіх сабрала,

Грозна

Распасцерла

Крылы

I да коціка

Ступіла.

Мурзік

Не на жарт

Спужаўся

I хутчэй

За плот

Схаваўся.

Куранятка

Кураняці

Ціха кажа:

—Глянь 

На маці, 

Можа 

I з катом 

Пабіцца,

Бо н-н-нікога 

Не баіцца.

"Пралескі" М.Хведаровіч

На сонечным узлеску

Апошні снег растаў.

Вясёлыя пралескі

Зірнулі з-пад куста.

Празрыста ззяюць вочы,

Нібы блакіт нябёс.

Халоднай весняй ноччу

Іх не кране мароз.

Пралескі на пагорку

Пад леташняй травой

Зіхочуць, быццам зоркі,

Агністай сінявой.

Хоць часам вецер рэзкі

Махне сваім крылом,

Але цвітуць пралескі

Ў зацішку над кустом.

Дарослыя і дзеці

Вітанне шлюць вясне...

Пралескавы букецік,

Як госць наш, на акне.