Белорусские народные сказки

"Былінка і верабей"

БЫЛІНКА І ВЕРАБЕЙ

Беларуская народная казка

 

Сеў верабейка на былінку і хацеў, каб яна яго пакалыхала. Але былінка не захацела калыхаць верабейку, узяла ды і скінула яго. Узлаваўся верабейка на былінку, зачырыкаў:

— Пачакай жа, гультайка, нашлю я на цябе коз!

Паляцеў верабейка да коз:

— Козы, козы, ідзіце былінку абгрызаць, бо былінка не хоча мяне калыхаць.

Козы не паслухалі верабейкі.

— Пачакайце ж, козы, нашлю я на вас ваўкоў!

Паляцеў верабейка да ваўкоў:

— Ваўкі, ваўкі, ідзіце коз душыць, бо козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухалі і ваўкі.

— Пачакайце ж, ваўкі, нашлю я на вас стральцоў!

Паляцеў верабейка да стральцоў:

— Стральцы, стральцы, ідзіце ваўкоў біць, бо ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухалі і стральцы.

— Пачакайце ж, стральцы, нашлю я на вас вяроўкі!

Паляцеў верабейка да вяровак:

— Вяроўкі, вяроўкі, ідзіце стральцоў вязаць, бо стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухалі і вяроўкі.

— Пачакайце ж, вяроўкі, нашлю я на вас агонь!

Паляцеў верабейка да агню:

— Агонь, агонь, ідзі вяроўкі паліць, бо вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухаў і агонь.

— Пачакай жа, агонь, нашлю я на цябе ваду!

Паляцеў верабейка да рэчкі:

— Вада, вала, ідзі агонь тушыць, бо агонь не хоча вяроўкі паліць, вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухала і вада.

— Пачакай жа, вада, нашлю я на цябе валоў!

Паляцеў верабейка да валоў:

— Валы, валы, ідзіце ваду піць, бо вада не хоча агонь тушыць, агонь не хоча вяроўкі паліць, вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухалі і валы.

— Пачакайце ж, валы, нашлю я на вас доўбню!

Не паслухала і доўбня.

— Пачакай жа, доўбня, нашлю я на цябе чарвякоў!

I чарвякі не паслухалі.

— Пачакайце ж, чарвякі, нашлю я на вас курэй!

Паляцеў верабейка да курай, пачаў іх прасіць, каб бядзе дапамаглі.

— Добра, — адказалі куры, — дапаможам!

Пайшлі куры чарвякоў дзяўбці — і цяпер дзяўбуць.

Пайшлі чарвякі доўбню тачыць — і цяпер точаць.

Пайшла доўбня валоў біць — і цяпер б'е.

Пайшлі валы ваду піць — і цяпер п’юць.

Пайшла вада агонь тушыць — і цяпер тушыць.

Пайшоў агонь вяроўкі паліць — і цяпер паліць.

Пайшлі вяроўкі стральцоў вязаць — і цяпер вяжуць.

Пайшлі стральцы ваўкоў біць — і цяпер б'юць.

Пайшлі ваўкі коз душыць — і цяпер душаць.

Пайшлі козы былінку абгрызаць — і цяпер грызуць. Стала былінка верабейку калыхаць — і цяпер калыша.

"Зайкава хатка"


ЗАЙКАВА ХАТКА

Беларуская народная казка

 

Жылі-былі ў лесе лісічка і зайчык. Прыйшла восень. Холадна стала ў лесе. Надумаліся яны хаткі на зіму пабудаваць. Лісічка збудавала сабе хатку з труску-сняжку, а зайчык з труску-пяску. Перазімавалі яны ў новых хатках. Настала вясна, прыгрэла сонца. Лісіччына хатка растала, а зайкава стаіць як стаяла. Прыйшла лісіца ў зайкаву хатку, выгнала зайку, а сама ў яго хатцы засталася. Пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды плача. Ідзе воўк. Бачыць — зайка плача.

— Чаго ты, зайка, плачаш? — пытае воўк.

— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты: я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне а мае хаткі і сама ў ёй жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.

— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты.

Пайшлі яны. Прыйшлі. Воўк стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку:

— Чаго залезла ў чужую хатку? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, паб'ю табе плечы.

Не спалохалася лісічка, адказвае ваўку:

— Ой, воўк, сцеражыся: мой хвост як дубец, — як дам, дык будзе табе канец!

Перапалохаўся воўк — ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў.

Сеў зноў зайка над бярозкай ды горка плача. Ідзе праз лес мядзведзь. Бачыць — зайчык сядзіць пад бярозай і плача.

— Чаго, зайка, плачаш? — пытае мядзведзь.

— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.

— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты.

Пайшлі яны. Прыйшлі. Мядзведзь стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку:

— Нашто адабрала ў зайкі хату? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, паб'ю табе плечы.

Не спалохалася лісічка, адказвае мядзведзю:

— Ой, мядзведзь, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец!

Спалохаўся мядзведзь — ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў.

Зноў пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды горка плача. Аж бяжыць-ідзе праз лес пеўнік. Угледзеў зайчыка, падышоў і пытае:

— Чаго, зайка, плачаш?

— Дык як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы а лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Вось я сяджу ды плачу.

— Не плач, зайка: я выганю лісу з твае хаткі.

— Ой, Петрусёк, — плача зайка, — дзе табе яе выгнаць? Воўк гнаў — не выгнаў, мядзведзь гнаў — не выгнаў.

— А вось жа я выганю. Пойдзем, — кажа пеўнік.

Пайшлі. Увайшоў пеўнік у хатку, стаў на парозе кукарэкнуў, а потым як закрычьщь:

 

Я — пятух-чабятух,

Я — пявун-лапатун,

На кароткіх нагах,

На высокіх пятах.

Нясу касу на плячы,

Хачу ліску засячы.

 

А лісічка ляжыць ды кажа:

— Ой, певень, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец.

Скочыў пеўнік з парога ў хату ды зноў крычыць:

 

Я — пятух-чабятух,

Я — пявун-лапатун,

На кароткіх нагах.

На высокіх пятах.

Нясу касу на плячы,

Хачу ліску засячы.

 

I — скок на печ да ліскі. Дзюбануў лісіцу ў спіну. Як усхопіцца лісіца ды як пабяжыць вон з зайкавай хаткі, а зайка дзверы зачыніў за ёю.

I застаўся ён жыць у сваёй хатцы разам з пеўнікам.

 


"Каза - манюка"

КАЗА-МАНЮКА

Беларуская народная казка

 

Жылі дзед ды баба з дачкою. I была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што шла?

Кажа каза:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу.

Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты.

Дзед зноў пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што шла?

Каза кажа:

—Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла. Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пайшоў сам пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары вярнуўся дахаты, пераапрануўся, сеў на прызбе і чакае казу з пашы.

Прыйшла каза на двор. Дзед пытаецца:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу вастрыць, казу-манюку рэзаць.

Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі і пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.

Сеў зайчык пад елачкай і плача. Ідзе воўк:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаты і сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пускае.

— Ну добра, не плач, я таго звера выганю.

Падышоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы і кажа:

— Гай, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае за дзвярыма, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк. А зайчык зноў сеў і плача. Ідзе мядзведзь:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа не плакаць, як не журыцца?

I расказаў мядзведзю пра сваю бяду.

— Ну добра, — кажа мядзведзь, — не плач, я таго звера адразу выганю.

Падышоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа:

— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець... Ідзе певень. Убачыў заплаканага зайчыка і пытаецца:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго, брат, зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца?

I расказаў зайчык пра сваю бяду.

— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюха...

Падышоў певень да зайчыкавай хаты, залопаў крыламі, закукарэкаў:

— Кукарэку! Кукарэку!

Заб'ю казу-недарэку!

Пачула каза ды як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Тады певень яшчэ мацней залопаў крыламі і закрычаў:

— Гэй, каза, збірай манаткі,

Уцякай хутчэй ты з хаткі.

Бо вунь дзед ідзе,

Ён касу нясе...

Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулём выскачыла з хаткі. А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.

 


"Коцік, Пеўнік і Лісіца"



 КОЦІК, ПЕЎНІК І ЛІСІЦА

Беларуская народная казка

 

Жылі-былі коцік і пеўнік. Добра жылі, дружна. Коцік на паляванне хадзіў, а пеўнік есці варыў, хатку падмятаў, песні спяваў. Аднойчы пайшоў коцік на паляванне, а пеўнік зачыніў за ім дзверы ды пачаў абед варыць. Бяжыць лісіца, убачыла хатку, падскочыла:

— Гэй, хто тут гаспадар?

— Я, — кажа пеўнік.

— Пусці ў хатку.

— Чаго?

— Пасяджу трохі, адпачну з дарогі.

Пеўнік добры быў, пусціў лісіцу ў хатку, а лісіца — цап! — ухапіла яго і панесла дадому. Апамятаўся пеўнік, закрычаў на ўвесь лес:

Коце, браце!

Мяне ліска нясе

У высокія горы,

У глыбокія норы,

Па барах, па карчах,

Аж бярэ мяне страх!..

Пачуў гэта коцік, прыбег, адабраў у лісіцы пеўніка і завёў яго назад у хатку.

— Ну, — кажа, — глядзі ж, другі раз не пускай, бо цяпер я далей пайду і магу не пачуць цябе.

— Добра, — кажа пеўнік, — не пушчу.

Зноў пайшоў коцік на паляванне. А лісіца — як тут была.

— Пеўнік, галубок, разумны лабок, адчыні!

— Што табе трэба?

— Пазыч агню.

— Навошта?

— Буду ў печы паліць.

— Не адчыню, бо ты схопіш мяне.

— Ды не, больш не буду хапаць.

Паверыў пеўнік лісіцы і адчыніў дзверы. А тая — ухапіла яго і панесла. Пеўнік зноў пачаў клікаць коціка:

Коце, браце!

Мяне ліска нясе

У высокія горы,

У глыбокія норы,

Па барах, па карчах,

Аж бярэ мяне страх!..

Добра, што коцік далёка не адышоўся ад дому: пачуў ён пеўніка, прыбег і адабраў яго ад лісіцы.

— Ну, — кажа ён пеўніку, — калі ты і трэці раз адчыніш лісіцы дзверы, то бяда будзе: цяпер я пайду на паляванне яшчэ далей.

— Не, — кажа пеўнік, — больш я гэтай ліхадзейцы дзвярэй не адчыню.

— Глядзі ж! — I коцік пайшоў у самыя далёкія лясы.

Прыбегла лісіца:

— Пеўнік, галубок, разумны лабок, дай вугалёк!

— Не, цяпер я дзверы табе не адчыню!

— Дык ты праз акенца падай.

— Праз акенца можна, — згадзіўся пеўнік.

Адчыніў ён акенца, а лісіца ўхапіла яго і панесла. Крычаў, крычаў пеўнік, ды коцік яго так і не пачуў: вельмі ж далёка ён зайшоў. Прынесла лісіца пеўніка дахаты і загадала дочкам у печы паліць, з пеўніка крупнік варыць. А сама пайшла гасцей склікаць. Вярнуўся з палявання коцік, бачыць — няма пеўніка. «Мусіць, яго зноў лісіца ўхапіла, — падумаў коцік. — Як жа яго цяпер з бяды выратаваць?» Зрабіў ён скрыпачку галасістую ды пайшоў да лісіцы. 

Прыйшоў, сеў ля варот і зайграў, прыпяваючы:

— Тылі-тылі, скрыпіца,

Тут сядзела лісіца,

А ў лісіцы новы двор,

Сем дачушак на выбор,

Восьмы пеўнік — гэта мой!

Пачулі лісіцыны дочкі музыку і кажуць:

— Як жа хораша нехта грае, пабяжым паслухаем, а пеўніка зварыць яшчэ паспеем.

Выбеглі яны на двор ды і заслухаліся. Пеўнік жа тым часам не драмаў: выскачыў з лісіцынай хаткі ды пабег з коцікам дахаты. Так і засталася лісіца ні з чым.


"Курачка - Рабка"

КУРАЧКА-РАБКА

Беларуская народная казка

 

 Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.

  Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць.

  Ідзе воўк:

  — Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?

  — Як жа нам не плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.

  I воўк завыў.

  Ідзе мядзведзь:

   — Воўк, чаго выеш?

   — Як жа мне не выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць. А я брахаць не ўмею,дык і завыў.

  Выслухаў мядзведзь казку і адарваў сабе хвост. З таго часу і жыве з куртатым хвастом.

"Муха - пяюха"

МУХА-ПЯЮХА

 

Беларуская народная казка

 

  Жыла-была муха-пяюха. Мела яна каляску і шэсць камароў. Запрэгла муха-пяюха камароў у каляску ды паехала на пагулянку. Едзе яна дарогаю, едзе шырокаю — бяжыць мышка:

— Добры дзень, пані! Як паню зваць-велічаць?

— Я муха-пяюха. А ты хто?

— А я па паліцах скрабатуха.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — скача жабка:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. А ты хто?

— А я па сажалках рагатуха.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць яны шырокаю — на галінцы вавёрка:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. А ты хто?

— А я па елках скакуха.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — бяжыць заяц:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. А ты хто?

— А я праз дарогу скок.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — ідзе воўк:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. Праз дарогу скок. А ты хто?

— А я галодны воўк. Усіх вас паем.

Пачулі гэта камары, падняліся ўгору і паляцелі разам з каляскай. А галодны воўк паляскаў зубамі і пайшоў далей ні з чым.

 


"Пчала і муха"

ПЧАЛА І МУХА

Беларуская народная казка

                                                                                   ў апрацоўцы Алеся Якімовіча

 

Жылі-былі пчала і муха. Пчала з ранку да вечара па лугах лётала, мёд збірала. А муха мёд толькі есці любіла. Дзе мёдам запахне, там і яна. А дзе мёду не чуваць, там муха не хоча нават і пераначаваць.

Аднаго разу прысела муха адпачыць на зялёным лузе. Сонейка муху прыгравае, лёгкі ветрык абвявае. Наўкол кветкі цвітуць, жвавыя конікі скачуць. У небе птушкі песенькі спяваюць.

Задумалася муха: як добра на свеце жыць!

Думала-думала ды і задрамала.

А ў гэты час над лугам пчала пралятала. Ляціць, гудзе, мёд у вулей нясе. Цяжка ёй, аж стогне, небарака.

Прахапілася муха ды як закрычыць на пчалу:

— Ах ты, сякая-такая! Чаго тут над вухам стогнеш, мне спаць не даеш!

— Выбачай, — сказала пчала. — Я шмат мёду нясу, дык і стагну.

— Ха-ха, — засмяялася муха, — шмат мёду нясеш, а сама нябось галодная: вунь якая худая — адны косці…

— Праўда, — адказвае пчала, — мы, пчолы, збіраем пуды, а самі худы.

— А чаму ж вы худы? — I мёд у вас, і вашчына ў вас…

— Дык жа мёд мы збіраем не толькі сабе, а і сваім дзеткам, і гаспадару, які нам хату зрабіў, даглядае нас.

— Чакай, чакай, — кажа муха, — я нешта не зусім цябе разумею: як гэта можна збіраць мёд для іншых? Мы, мухі, так не робім. Мы толькі гатовага мёду шукаем.

— Ат, — замахала крыльцамі пчала, — няма мне калі з табою гаманіць: трэба хутчэй дадому спяшацца, мядовую кашку дзеткам варыць.

— А дзе возьмеш ты мядовую кашку?

— На сабе вязу.

— У чым?

— У вазку, у палазку і за пазушкай.

Загула пчала ды паляцела ў свой вулей.