Белорусские народные сказки

"Муха-пяюха"

Жыла-была муха-пяюха. Мела яна каляску i шэсць камароў. Запрэгла муха-пяюха камароў у каляску ды паехала на пагулянку. Едзе яна дарогаю, едзе шырокаю — бяжыць мышка:

—  Добры дзень, панi! Як паню зваць-велiчаць?

—  Я муха-пяюха. А ты хто?

—  А я па палiцах скрабатуха.

—  Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — скача жаб­ка:

—  Добры дзень, панове! Як вас зваць-велiчаць?

—  Муха-пяюха. Па палiцах скрабатуха. А ты хто?

—  А я па сажалках рагатуха.

—  Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць яны шырокаю — сядзiць на галiнцы вавёрка:

—  Добры дзень, панове! Як вас зваць-велiчаць?

—  Муха-пяюха. Па палiцах скрабатуха. Па сажал­ках рагатуха. А ты хто?

—  А я па елках скакуха.   

—  Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — бяжыць заяц:

—  Добры дзень, панове! Як вас зваць-велiчаць?

—  Муха-пяюха. Па палiщах скрабатуха. Па сажал­ках рагатуха. Па елках скакуха. А ты хто?

       -  А я Праз дарогу Скок.

—  Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — iдзе воўк:

—  Добры дзень, панове! Як вас зваць-велiчаць?

—  Муха-пяюха. Па палiцах скрабатуха. Па сажал­ках рагатуха. Па елках скакуха. Праз дарогу скок. А ты хто?

—  А я галодны воўк. Усiх вас паем.

—  Пачулi гэта камары, паднялiся ўгору i паляцелi ра­зам з каляскай. А галодны воўк паляскаў зубамi i пайшоў далей  нi з чым.

"Коцік, Петрык і мышка"

Аднаго разу коцiк Петрык захацеў мышку злавiць. Ён быў яшчэ маленькi, але чуў ад дарослых катоў, што яны заўсёды ловяць мышэй. I Петрыку вельмi ж захацелася стаць хутчэй дарослым.

Пайшоў ён у гумно. Хадзiў сюды-туды — нiкога няма. Раптам у кутку нешта зашамацела. Петрык скокнуў туды i ўбачыў маленькае зверанятка.

—  Ты хто? — спытаў Петрык.

—  Мышка.

—  Вось ты мне i патрэбная.

  — Навошта?                               

—  Я не ведаю навошта, але ведаю, што катам трэба лавiць мышэй.

Мышка пасмялела i кажа:      

—  Каты ловяць мышэй, каб гуляць з  iмi ў ката i мышку. Хочаш, навучу цябе?

 -  Хачу,  - сказаў коцiк.

 - Тады стань у куток, заплюшчы вочы i лiчы да трох, а потым лавi  мяне.

  Спадабалася гульня Петрыку. Ен стаў у куток, заплюшчыў вочы, а калi далiчыў да трох, мышкi  было  ўжо не дагнаць…

Апр. А.Якімовіча 

"Дзедава рукавічка"

Жыў дзед з бабай. Паехаў дзед у лес i згубiў рукавiчку. Прыскакала да рукавiчкi лягушка i пытаецца:

—    Хто ў гэтай рукавiчцы жыве?

Нiхто не адгукваецца. Яна залезла ў рукавiчку  i стала жыць. Трохi пагадзя паўзе рак. Прыпоўз да рукавiчцы i пытаецца:

—    Хто ў гэтай рукавiчцы жыве?

А лягушка гаворыць:

— Сама паня-пацягуня. А ты хто?

—А я рак-тарабун. Цi можна мне?

—Лезь!

Трохi пагадзя бяжыць зайчык. Прыбег да рукавiчкi  i пытаецца:

—Хто ў гэтай рукавiчцы жыве?

—Сама паня-пацягуня. I рак-тарабун. А ты хто?

—А я па бярэзнiчку прыгун. Палезу i я да вас?

—Лезь!

Трохi пагадзя бяжыць лiсiца:

—Хто ў гэтай рукавiчцы жыве?

—Сама паня-пацягуня, рак-тарабун ды па бярэзнiчку прыгун. А ты хто?

—А я Лiсiца,  добрая маладзiца. Палезу i я да вас?

—Лезь!

Лiсiца ўлезла ды сядзiць. Трохi пагадзя iдзе воўк:

—    Хто ў гэтай рукавiчцы жыве?

—    Сама паня-пацягуня, рак-тарабун, па бярэзнiчку пры­гун i лiсiца, добрая маладзiца. А ты хто?

—    А я з-за куста хапун. I я палезу да вас?

-Лезь!

Улез i воук. Трохi пагадзя сунецца мядзведзь. Падышоў да рукавiчкi і пытаецца:

—    Хто ў рукавiчцы жыве?

— Сама паня-пацягуня, рак-тарабун, па бярэзнiчку пры­гун, Лiсiца, добрая маладзiца, ды з-за куста хапун. А ты хто?

— А я зверху прыцiскун. Пусцiце мяне да сябе!

— Не, ужо няма куды.

— Ну, я зверху сяду!

Узлез наверх, як цiскануў, так звяры i разбеглiся ўсе.

"Ганарыстая варона"

Раскаркалася неяк увосень адна варона на сметніку:

— Вы сабе як хочаце,— кажа сяброўкам,— а я не магу тут цэлую зіму мерзнуць. Я не такая дурная варона, як вы! — А што ж ты думаеш рабіць, разумная? — пытаюцца сяброўкі. — Палячу за мора: там, кажуць, зімы не бывае. — Ну што ж,— паківалі галовамі сяброўкі,— шчаслівай табе дарогі. А мы ўжо якнебудзь і дома перазімуем.

Сабралася ганарыстая варона і паляцела за мора. Доўга ляцела ці нядоўга, аж бачыць,— пад ёю ўжо не вада, а зямля зялёная, зверху цёплае сонейка свеціць. «Ну,— думае варона,— тут я спынюся». Апусцілася на высокае дрэва ды пачала выглядаць спажыву: выгаладалася ж нябось за дарогу. Убачылі варону заморскія птушкі.

— Хто ты? — пытаюцца.— Ніколі мы ў сваіх краях такой птушкі не бачылі. Можа, ты паўночны салавей? Ён, кажуць, пяе, як званочак звініць.

—  Але, але,— падхапіла варона.— Я — паўночны салавей. А сама сабе думае: «Хіба я горш за салаўя спяваю? Чаму ж толькі яму гонар і павага?» Зарадаваліся заморскія птушкі. — Паспявай нам, паўночны салавейка! — просяць варону.

— А мы паслухаем. Вельмі ж хочацца нам твой голас пачуць. Задрала варона ўгору сваю дзюбу і заспявала на ўсё горла:

— Кар-кар-р! Кра-кра! Гэй, гэй! Я — паўночны салавей! Пераглядваюцца птушкі паміж сабою, вушы лапкамі затыкаюць. «А няхай яго з такім салаўём! — шэпчуць.— ён жа не лепш за звычайную жабу спявае…» А потым не вытрымалі слухачы, гуртам наляцелі на варону і давай яе дзяўбці, давай таўчы. Траха не ўсё пер’е выскублі.

 — Выбірайся,— крычаць,— прэч са сваімі песнямі! Не хочам мы цябе слухаць. Вырвалася варона ад няўдзячных слухачоў і паляцела назад дадому. А тут скора і вясна настала. Рэкі ад лёду ачысціліся. Не захацела варона на сметнік варочацца. Паляцела на рэчку. Села там на беразе і цікуе за рыбамі. Бачыць: паўзе рак. Ну, голад не цётка: калі няма рыбы, то і рак — рыба. Схапіла яна рака і сабралася ўжо снедаць, як раптам чуе ліслівы ракаў галасок:

— Вось добра, што трапіў у дзюбу не якой-небудзь чорнай галцы або граку, а самой пані вароне. Як жа мне пашанцавала! Ты ж такая прыгажуня, такая красуня, што і сказаць няможна. Шэрыя пёркі твае аж зіхацяць на сонейку. А галасок у цябе — як у таго салаўя, не раўнуючы: як пачнеш спяваць, дык на цэлы свет чуваць. Я не раз захапляўся тваімі цудоўнымі песнямі, у цёмнай нары седзячы. Хацеў бы я, пані варона, пачуць тваю песню яшчэ раз.

— Праўда, праўда! — каркнула ўзрадаваная ад пахвалы варона.

— Гэта толькі дурныя заморскія птушкі зганілі мяне. Ну дык слухай! I завяла варона на ўсю ваколіцу:

— Кар-кар-р! Кра-кра! Я не простая варона! Скончыла спяваць, глядзіць — а рака і след прастыў. Давялося ганарыстай і галоднай вароне зноў на сметнік да сябровак ляцець.