Поэтические произведения белорусских писателей

"Беларусачка" А.Бадак

БЕЛАРУСАЧКА

Алесь Бадак

 

Твар румяненькі,

Белая хустачка.

Я ўжо ведаю,

Я — беларусачка!

I хачу

Так, як тата і мама,

Родны край свой любіць

Я таксама!


"Мышка" А.Бадак

МЫШКА 

Алесь Бадак 

 

Уцякала мышка

Ад коціка,

Пагубляла мышка

Боцікі. 

 

Ой, памерзлі ў бедненькай

Ножкі, 

 

Хворая ляжыць яна

Ў ложку. 

 

Дактары прыходзяць к ёй

Часта. 

 

Горкія даюць ёй

Лякарствы.

Гладзіць мама

Мышку-малышку:

— Можа, пачытаць табе

Кніжку? 

 

Не сумуй, мая ты

Малютка. 

 

Станеш ты здароваю

Хутка. 

 

Новыя куплю табе

Боцікі. 

 

Толькі ж сцеражыся ты

Коціка! 

"Цешкі - пацешкі" Віссарыён Гарбук

Цешкі,

      цешачкі,

           пацешкі, 

Дайце роціку ўсмешкі! 

Дайце вочкам весялосці! 

Пойдзем мы

                 да смеху ў госці!

 Смех рассыплецца

                      званочкам:

—  Колькі дзіцятку

                    дзянёчкаў?

—  Два гадочкі,

               адзін дзень!

Падлік 

             сонейка вядзе!

"Буславы боты" Віктар Гардзей

У чырвоных новых ботах Ходзіць бусел па балотах. Боты ў бусла да калень, Бусел сёння цэлы дзень То палюе на вужак,То на жаб Наводзіць жах.Нахадзіўся між балот,Раптам чуе — цісне бот.Як тут буслу цсраз гаць Да лясочка даскакаць?Бусел енчыць:— Не магу,Не дайду,Не дабягу...Вось чаму ён у лазе На адной стаіць назе.

"Пралеска" А.Дзеружынскі

Прыгрэла сонейка.

На ўзлеску

Птушыны спеў

Чуваць здаля...

Стаіць і слухае пралеска,

Як ціха

Дыхае зямля.

"За адвагу" А.Прохараў

На птушыны шумны двор

Завітаў нахабны тхор,

Трапіў у дзіцячы сад —

Да пухнатых куранят.

— Ку-ка-рэ-ку!

На падмогу! —

Певень наш

Забіў трывогу.

I пайшоў рашуча ў бой

Храбры воін і герой.

За рашучасць і адвагу

Уручылі пеўню шпагу.

"Бабуліны казкі" В.Вітка

У бабулі маёй

Рукі лоўкія,

У бабулі маёй

Песні доўгія.

Разматае клубок

З новай казкаю,

Прыйдзе хітры каток,

Трэцца з ласкаю.

Хоча лапкі пагрэць,

Завуркоча ён,

Ні гуляць, ні дурэць

Нам не хочацца.

Вось і дзень праляцеў,

І не спіцца нам.

Бабка казкі пляце

Чараўніцаю.


"Вяселка" В.Лукша

Дзеці летам ранкам золкім

Селі маляваць вясёлку.

Малявалі-малявалі —

Спрэчкі тут завіравалі:

З колераў якіх яна

Так прыгожа складзена?

Ўсе спрачаліся дасужа,

Пальцы загіналі дружна:

— Фіялетавы!

— Жоўты!

— Аранжавы!

— Чырвоны!

— Зялёны!

— Адзін прапусцілі!

— Які?

— Нібыта...

— Блакітны!..

 

Дзеці зноўку ранкам золкім

Селі маляваць вясёлку.

Малявалі-малявалі,

Спрэчкі тут завіравалі:

Колер кожны вельмі важны,

Што ён значыць, хто адкажа?

 

— Жоўты, ўскрылены цяплом,

Ласку дорыць і святло.

— А блакітны разам з сінім —

Гэта мір усім краінам!

 

— Фіялетавы... А гэты

Знак павагі і прывету.

— А зялёны — сын вясны,

Хай ім поўны будуць сны.

— Як матуліны далоні

Грэе колер нас чырвоны.

— I аранжавы нам любы —

Апельсіны вельмі любім!..

 

Колераў сем — вось суполка! —

Дружна склаліся вясёлкай.

Кожны колер блізкі сэрцу.

Чорнаму няма тут месца!

Чорны колер — то вайна!

Не патрэбна нам яна!

 

Малявалі ранкам золкім

Дзеці чыстую вясёлку.

Малявалі-малявалі,

Песні шчасныя спявалі!

 


"Едзе восень" В.Рабкевіч

Змоўкла наваколле,

Лес адгаманіў.

Едзе восень полем

На рабым кані.

 

Лісце сыпле ў ногі —

Высцілае шлях.

Гушкае дарога.

Мулкая зямля.

 

А за сінім борам —

Я разгледзеў сам —

Сядзе ў санкі скора

Белая зіма.

"Мае забавы" Змітрок Бядуля

Па даліне, па лужочку

Ездзіць я люблю,

Я з дубовага кіёчка

Коніка зраблю.

 

Гайда, гайда, буланенькі,

Аж у цёмны бор!

I ляціць кіёк мой ценькі

Проста як віхор.

 

Аж дрыжыць, шуміць зямліца,

А я скок ды скок!

А са мною весяліцца

Жучка — мой дружок.

 

Я на коніку ўсё далей

Еду без канца,

Гэй, хутчэй нясі, удалы,

Мяне, малайца.


"Коцікі" К.Цвірка

За вёскай, ля балоцінкі,

Ў галлі вярбы старой,

Маленечкія коцікі

Хаваліся зімой.

 

Мялі наўкол мяцеліцы,

Гулі ў кустах пустых,

Ды коцікі ў аселіцы

Не чулі нават іх.

 

Салодка спалі ў коўдрачках,

Чакаючы вясну.

Прыгрэла сонца шчодрае —

Збудзіліся ад сну.

 

Паскідвалі ўсе чысценька

Адзежыны з сябе

І, жоўтыя, пушыстыя,

Паселі на вярбе.


"Я хачу салдатам стаць" Л.Рашкоўскі

Як i мой калісьці тата,

Стаць i я хачу салдатам

I Айчыне даць прысягу

На адданасць i адвагу.

І ў салдацкім шынялі

Мір ахоўваць на зямлі.


"Свеціць як сонца ад самай калыскі..."  М.Хведаровіч

Свеціць як сонца,

Ад самай калыскі

Вобраз любімы,

Родны і блізкі.

Маміна імя

Самае лепшае,

Маміна слова

Найдаражэйшае.

Мама! Матуля! -

Чароўнае слова

Песняй ласкавай

Гучыць на ўсіх мовах.

"Сонечная сцежка" С.Грахоўскі

Жоўты лісцік тапаліны

Ціха падае з галіны;

I лісты, лісты наўкол

Апускаюцца на дол.

 

Высцілае лістапад

Сцежку ў наш дзіцячы сад.

Спрытна ходзяць ножкі

Сонечнай дарожкай.

 

Кожнай раніцай з ахвотай

Мы прыходзім на работу.

Ляльку трэба расчасаць

I кружочкі напісаць,

 

Збудаваць пясчаны дом,

З’есці кашу з малаком

I кату пачысціць боты.

Ой, як шмат у нас работы!

"Сон" А.Грачанікаў

Прысніўся

Сон Алесі —

Аж войкнула

Яна, —

Што засталася

Ў лесе

Яна

Зусім адна.

Прачнулася

Раптоўна

Ад яркага

Святла:

— Як, мамачка,

Цудоўна,

Што ты мяне

Знайшла!

Я ў лесе

Не крычала,

Я не баюся,

Не!

Я толькі

Сумавала:

Як ты тут

Без мяне?

"Калыханка" У.Карызна

Баю - баю, дзеткі, спіце,Люлі-люлі-люлі.Спяць валошкі ў цеплым жыце,Зайчыкі паснулі.
Зоркі ў небе ўжо мігаюць,Свецяць на палеткі,Ціха ў вокны заглядаюць - Як спіце вы, дзеткі.
Будуць слухаць хмаркі ўночы,Чуйныя, як вушкі,Што сняць любыя сыночкі,Мілыя дачушкі.
Спіце, дзеткі - мае краскі,Люлі - люлі - люлі.Хай жа вам прысняцца казкіРоднае бабулі.

"Ветлівыя словы" Т.Кляшторная

«Калі ласка», «дзякуй»,

«добры дзень» —

Ветлівыя словы

Чую ад людзей.

Ветлівымі словамі

Трэба даражыць,

З ветлівымі словамі

Лёгка жыць.

"Дожджык" Т.Кляшторная

Дожджык часты сыпаў, ліў —

Па двары ручай паплыў.

Пабягу хутчэй гуляць

I караблікі пускаць.

 

Парасон я распрастаў —

Дождж адразу перастаў.

Напужаўся, мабыць, ён,

Як убачыў парасон.

"Не сквапная" Т.Кляшторная

Я цукеркі несла ў садзік.

Папрасіў адну Уладзік,

За Уладзікам — Люцынка,

А за ёю — Стась, Янінка,

I яшчэ падбегла Міла:

— Мне цукеркі не хапіла!

— На, апошнюю трымай,

Я не сквапная, ты знай!

"Паўцякалі цацкі" Т.Кляшторная

Зноў без адпачынку

Завіхаўся Федзя:

Паламаў машынку,

Разарваў мядзведзя,

Паадкручваў вушы

Шэранькаму зайку,

Перамазаў тушшу

Штонікі і майку.

З гэтае прычыны

Цацкі паўцякалі:

Заяц да Яніны,

А мядзведзь да Валі.

"Шпак" Т.Кляшторная

На бярозцы пад акном

Я шпаку прыладзіў дом.

Толькі адысці паспеў —

Шпак адразу прыляцеў.

Дом утульны аглядае,

Песню весела спявае.

У шпака ёсць у двары

Вельмі добрыя сябры.

"Ручаёк" В.Лаўрыновіч

-А куды ж ты, ручаёк,Так бяжыш імкліва?Ахінаеш беражокБелапеннай грывай...-Доля гэткая мая -Мне няма спакою,Бо спяшаю зліцца яЗ бурнаю ракою.

"Жыў у сажалцы карась" У.Мазго

Жыў у сажалцы

Карась,

Што любіў

Зарыцца ў гразь.

 

І за гэта

Карася

Ўсе празвалі:

Парася.

 

Як зарыўся

Ён пад корч –

Дзень зрабіўся

Быццам ноч.

 

Думаў:

“Гэта чарвячок”,

А схапіў у рот –

Кручок.

 

Так злавілі

Карася.

І гісторыя –

Уся.

"Калыханка Юлі" У.Мазго

Люлі-люлі-люлі! Лялькі ўсе паснулі, Хітры кот і мышкі, Тэлевізар, кніжкі. Спяць матуля, тата. Сны люляе хата.Хай прысняцца Юлі Зайчык і зязюля, Сонца, казкі-гулі, Мілы твар матулі. Прыйдуць да пястушкі Травы, дрэвы, птушкі...

"Кот і бусел" У.Мазго

На ката

Найшла маркота: 

Ён не мае 

Добрых ботаў.

— Кля-кля-кля! — 

Гаворыць бусел. — 

Калі хочаш, 

Падзялюся.

Жабак

Вылавім з балота.

-Дзякуй, дружа!

Неахвота, - 

Кажа кот

Усё цішэй. -

Босым лепш

Лавіць мышэй...

"Мама" Эдзі Агняцвет

Калі б магла вясёлку з неба зняць,

Я падарыла б маме.

Каб з хмарак я магла дыван саткаць.

Я падарыла б маме!

Пралескі ўсіх лясоў і стужкі рэк

Я падарыла б маме.

І ласку, і цяпло на доўгі век

Я падарыла б маме!

Святло бяроз і песеньку малой

Сініцы сінякрылай –

Хачу паднесці ўсё, што мне самой

Матуля падарыла.

"Сонца грэе, прыпякае..." ( з верша "Вясна")  Якуб Колас

…Сонца грэе, прыпякае,

Лёд на рэчцы затрашчаў.

Цёплы вецер павявае,

Хмар дажджлівых нам прыгнаў.

 

Вось і бусел паказаўся,

Гусі дзікія крычаць,

Шпак на дубе расспяваўся,

Жураўлі ужо ляцяць.

 

І зіма, як дым, прапала!

Зелянее луг, ралля.

Як ад болю, ачуняла

Наша родная зямля.

"Храбры певень" Якуб Колас

Па надворку певень ходзіць,

За сабою куры водзіць

І крычыць: — Сюды! сюды!

Як кіўне ён галавою,

Сыплюць куры чарадою —

Як адна бягуць туды.

А калі хто кур пужае,

Певень грозна загукае:

— Хто такі там? Хто такі?.

Вось на ток ён зачасаўся.

— Кыш! — адтуль хтось адазваўся.

— А які там чорт? Які?

Певень жытам кур частуе,

Гаспадара бы й не чуе,

Кліча кур: — Сюды! сюды!

Гаспадар мятлу хапае.

Гвалт наш певень падымае:

 — Хто куды! ой, хто куды!


"Дзед Мароз"  Янка Журба

У вопратцы белай,

Шырокай, даўгой,

З вялікай пушыстай

Мятлой-барадой

 

Прыйшоў к нам здалёку

Дзядуля Мароз,

Завеі і холад

З сабою прынёс.

 

У бель апранае

Ён дрэвы, кусты,

На рэчках, азёрах

Будуе масты.


"Першыя сняжынкі" Янка Журба

Лётаюць, сыплюцца

Зоркі-сняжынкі -

Белыя, лёгкія,

Быццам пушынкі.

 

Роўна так сцелюцца

Ў вёсцы і ў полі,

Кружацца, кружацца

Ціха, паволі.

 

Дзецям тут весела,

Хоць і марозна:

Цёпла за гульнямі,

Зімна не грозна.

 

Шумна забегаем

Тут удагонкі,

Гулка пакоціцца

Голас наш звонкі.

 

Жыва праложым тут

Новыя сцежкі,

Дружна наладзім мы

Гульні у снежкі.

 

Лётаюць, сыплюцца

Снежныя зоркі...

Будзем на саначках

Ездзіць мы з горкі.


"Лістапад" Янка Купала

З буйных ліп і бяроз

Лісты валяцца.

Між павалаў і лоз

Рассыпаюцца.

 

Шапацяць, шалясцяць

Залацістыя,

Ўвысь галінкі глядзяць

Пусталістыя.

 

А як прыйдзе вясна —

Ўсё адменіцца,

I галінкі ізноў

Зазяленяцца.