Прозаические произведения белорусских писателей

"Сем мастакоў" А.Кобец - Філімонава

У адным горадзе жылі-былі сем мастакоў. Горад, у якім яны жылі, быў вельмі змрочны. Таму што над ім віселі шэрыя хмары. I ад іх на ўвесь горад падаў шэры цень. З-за хмараў не было відаць аранжавага сонца. Не было відаць зялёнай лістоты. Не было відаць блакітных нябёсаў. I ўсё, што малявалі мастакі, было шэрае і не прыгожае. Яны ж думалі, што неба можа бьщь толькі шарага колеру. І лісце толькі шэрага колеру. I ўсё наўкола — толькі шэрага колеру. Таму і фарбы ў іх былі толькі шэрыя. Яны не маглі маляваць іначай.

Аднойчы ў горад прыляцеў вецер і разагнаў хмары. Мастакі выбеглі на вуліцу — і не паверылі сваім вачам.

— Ой, якое прыгожае неба! — сказалі яны.

— Ой, якое прыгожае сонца! — сказалі яны.

— Ой, якое прыгожае лісце! — сказалі яны.

I адразу пачалі маляваць. Але атрымалася непрыгожа. Таму што ў іх была толькі шэрая фарба.

Сем мастакоў цяжка ўздыхнулі. Што ж ім рабіць? Як навучыцца добра маляваць? Тады адзін з іх сказаў:

— Сябры! Пойдзем фарбы шукаць.

Узялі мастакі сем пэндзлікаў і сем вядзерцаў і пайшлі фарбы шукаць. Доўга вандравалі яны па белым свеце і ўсяму дзівіліся. А дзівіцца было чаму. Яны ж усё жыццё жылі ў змрочным горадзе і не ведалі, што ёсць на свеце пунсовы-пунсовы мак, які квітнее на зялёным лузе; што ёсць бялюткі рамонак з залацістай сярэдзінай; што сонца ўдзень аранжавае, а ўвечары — малінавае. Яны любаваліся прыродай, многае спазнавалі і ўсё запаміналі.

Аднойчы мастакі падняліся на вяршыню самай высокай гары. Адтуль было відаць усё навокал: і рэкі, і лясы, і лугі — увесь шлях, які яны прайшлі. Залюбаваліся мастакі і пачалі марыць.

— Ах, як бы я хацеў намаляваць мак! — сказаў адзін.

— А я — сонца! — сказаў другі.

— А я — дзьмухавец! — сказаў трэці.

— А я — лісточак! — сказаў чацвёрты.

— А я — неба! — сказаў пяты.

— А я — званочак! — сказаў шосты.

— А я — фіялку! — сказаў сёмы.

I як толькі яны гэта сказалі — на небе ўзнікла вясёлка. Убачылі мастакі вясёлку — і вачам сваім не паверылі.

— Ах, якія фарбы! — уздыхнулі яны.

— Я бачу фарбу, як мак! — сказаў адзін.

— А я — як сонца! — сказаў другі.

— А я — як дзьмухавец! — сказаў трэці.

— А я — як лісточак! — сказаў чацвёрты.

— А я — як званочак! — сказаў шосты.

— А я — як фіялку! — сказаў сёмы.

I раптам адзін канец вясёлкі апусціўся каля самых ног мастакоў. I яны ўбачылі сем каляровых дарожак.

Чырвоную, як мак.

Аранжавую, як сонца.

Жоўтую, як дзьмухавец.

Зялёную, як лісточак.

Блакітную, як неба.

Сінюю, як званочак.

Фіялетавую, як фіялка.

— Ура! — закрычалі мастакі. — Нарэшце знайшлі фарбы!

Кожны выбраў сабе любімую дарожку і пайшоў па ёй. Прайшлі мастакі па ўсёй вясёлцы. I адразу ж пачалі маляваць. Ім не цярпелася даведацца, якога колеру фарбы ў іхніх вядзерцах.

Узялі мастакі вялікі ліст паперы, і кожны правёў па ім лінію сваім пэндзлікам. Атрымалася яркая, сямі колераў вясёлка. Мастакі былі шчаслівыя. Цяпер яны маглі намаляваць усё, пра што марылі.

А што сталася з вясёлкай? Яна знікла. Таму што аддала ўсе свае фарбы. А калі пойдуць яе шукаць іншыя мастакі, яна зноў з'явіцца і аддасць ім свае новыя фарбы.

"Бярозчыны валёнкі" В.Юрэвіч

        Насупраць дома, дзе жыве Святланка, за лета вырасла высокая камяніца. Перад ёй у скверыку саджалі ўвосень дрэўцы. Адну бярозку, самую тонкую, адкінулі.

— А гэтая не трэба вам? — спытала Святланка.

— Бяры яе сабе, калі хочаш, — сказаў вясёлы дзядзька, які са шланга паліваў дрэвы.

Святланка прынесла бярозку ў свой двор. Тата якраз быў дома. Дзяўчынка папрасіла яго пасадзіць дрэўца.

Тата выкапаў ямку. Святланка прынесла з клумбы чарназёму, пасадзілі дрэўца, палілі.

— Можа, і прымецца, — сказаў тата.

З кожным днём станавілася ўсё халадней і халадней.

— А бярозка ўзімку не замерзне? Яна ж голенькая, — трывожылася Святланка.

— Чаму голенькая? — не пагаджаўся тата. — На ёй кара. Ёй цёпла.

— Можа, апрануць яе на зіму? Ухутаць? — не сунімалася дзяўчынка. — На галінкі рукавічкі панадзяваць, а на ножкі — валёнкі?

— А дзе ж у бярозкі ножкі? — усміхнуўся тата. — Яе ножкі — карэнне.

— Зямля ж халодная.

— Гэта для нас з табой халодная, а для бярозкі цёплая. Вось выпадзе снег, укрые, як коўдрай, зямлю, і карэньчыкам стане яшчэ цяплей, а пакуль трэба паліваць бярозку, каб лепш расла.

Святланка палівала бярозку і чакала, калі выпадзе снег. Лісточкі даўно апалі. Бярозка выглядала як сірацінка побач з высокімі каштанамі і таполямі. Пра іх Святланка і не думала. Яны ж вялікія, моцныя. А бярозка тоненькая-тоненькая .

Прачнулася аднойчы Святланка, а на дварэ бела.

— Тата! — закрычала дзяўчынка. — Зіма прыйшла! Глянь, колькі снегу.

— Вось цяпер можна і валёнкі для бярозкі зрабіць, — сказаў тата.

Ён узяў шырокую рыдлёўку і пачаў падкідаць снег да бярозкі. I Святланка памагала сваім маленькім шуфлікам.

Неўзабаве і сапраўды бярозка стала як бы ў вялікіх снегавых валёнках. На яе чорных галінках таксама быў пушысты снег. Дакранешся — ён сыплецца, іскрыцца, зіхаціць.

Кожны раз, калі выпадаў снег, Святланка брала свой шуфлік і падграбала снег да дрэўца. Бярозчыны валёнкі станавіліся ўсё большыя і цяплейшыя.

А ўвесну, калі прыгрэла сонейка, бярозка ўбралася ў зялёнае лісце.

"Жыў-быў вожык" Я.Брыль

          Нашага вожыка тата злавіў у лесе і прынёс у кішэні дахаты. Спачатку вожык ляжаў, як клубок. Як паклалі яго ў кутку, пад маім ложкам, так ён і ляжаў. Я наліў яму ў сподачак малака. А вожыку хоць бы што. Тады я лёг побач з ім на падлозе і пачаў назіраць.

 

На дварэ змяркалася, і пад ложкам рабілася цёмна.

— Дурненькі ты, — сказала мама. — Ты яго толькі не чапай, ён і сам малако тваё знойдзе.

I праўда, толькі я лёг у ложак і ў хаце зрабілася ціха, як у куточку нешта ціхенька заварушылася. Заварушылася і пачало вось гэтак чмыхаць:

— Ту-ту-ту-пых! Ту-ту-ту-пых!

А потым па дошках падлогі затупацелі маленькія мяккія ножкі.

— А што, не гаварыла я, — сказала мама. — Не палохайце яго, дык ён і малако пачне хлябтаць.

I праўда, мы памаўчалі, і неўзабаве пачулася, што нехта маленькі хлебча. Не так, як кот, а так, як парасяты, — плямкае. Вожык тупацеў усю ноч, і за гэта мы пачалі называць яго Тупцікам. А за тое, што ён перастаў нас баяцца, я ніколі не забываўся даваць яму есці.

Але не было з кім Тупціку пасябраваць. I стала яму сумна ад гэтага. Каб развесяліць вожыка, я зняў аднойчы са сцяны люстэрка і паставіў на падлозе. А вожык падышоў да люстэрка, наставіў лычык, паглядзеў і надзьмуўся, каб настрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, і вось яны разам зрабілі:

— Пых!

Мы засмяяліся — і тата, і я, а Тупцік паглядзеў, асцярожненька дакрануўся лычыкам да шкла і як бьщцам усё зразумеў. Адышоўся і больш не глядзеў у люстэрка.

I мы занеслі Тупціка ў агарод. Яму цяпер весела, добра на волі.

"Адлятай прывітанне" П.Кавалеў

    Часта Дашына бабуля ходзіць у госці да старэйшай дачкі. А як вяртаецца дадому, заўсёды мае ў сумцы пакуначак з цукеркамі ці яшчэ з якімі прысмакамі — для Дашы.

Дзеду бабуля кажа:

— Прывітанне табе ад старэйшых унукаў.

— А мне? — пытае Даша.

— I табе прывітанне ад Зойкі і Марынкі.

— То давай яго хутчэй! — патрабуе Даша.