Белорусские народные песенки и потешки

"Сонейка-сонца"

Сонейка-сонца,

Выглянi ў аконца,

 Пасвяцi нам трошку,

Дам табе гарошку.


"Мышка, мышка, дзе была?"

Мышка, мышка, дзе была?

 - Была ў пана караля.

 - Што рабiла? – Лыжкi мыла.

 - А што далi? – Кусок сала.

 - Дзе паклала? – Пад лаўкаю.

 - Чым накрыла? – Халяўкаю.

     - Дзе падзела?  - Кошка з’ела. 

"Гого-гого, гусачок!"

Гого-гого, гусачок,

Зрабi хлопчыку свiсток

З беласнежнага крыла

Ды з блiскучага пяра.

I зрабiу ён, i падаў,

   I  сыночак заiграў. 

"Верабейчык "

Верабейчык скача, скача,

Яму холадна, няйначай,

Бо мароз трашчыць,

Бо сняжок блiшчыць. 

"Белабока- сарока"



Белабока –сарока

Прыляцела здалека,

Села ж яна на таку,

     У яе хвосцiк на баку. 

"Трах-бах-тарабах"

Трах-бах-тарабах,

Едзе Юрка на валах,

А волiкi тупу-тупу,

Юрка з возу цупу-цупу. 

"Божая кароўка"

Божая кароўка,

Што заўтра будзе –

Дождж цi пагода,

Пень цi калода?

Пагода – ляцi,

   Дождж – сядзi. 

"Чэ-чэ, чэ-чэ, сарока"

- Чэ-чэ, чэ-чэ, сарока,

 А дзе была далека?

 - Была у пана на таку,

 Малацiла асаку. 

"Люлі-люлі, люляшу"

Люлi-люлi, люляшу,            

Я дзiцятка калышу.             

Нiтачку звiваю,                                  

Песеньку спяваю.  

Што выведу нiтачку-

Камару на свiтачку,

Застануцца кончыкi

   Камару на штончыкi. 

"Ай, люлі-люлі-люлечкі"

Ай, люлi-люлi-люлечкi,

Прыляцелi гулечкi,

Сталi яны буркаваць:

- Чым дзiцятка гадаваць?

- Пакармiце малачком,

 Саладзенькiм  пiражком. 

"Ішла каза"

Iшла каза рагатая, бадатая:

-Каго пападу, таго забаду!

Аленку папала,

Аленку забадала.

Будык-будык-будык. 

"Люлі-люлі-маленькі"

Люлi-люлi, дзеця

Ездiла ў карэце,

Зiмою – у вазочку

На сiвым канёчку. 

"Ходзіць певень па капусце"

Ходзiць певень па капусце,

Носiць сон у белай хусце.

Усiм дзецям прадаваў,

А Ганульцы дарма даў. 

"Люляю-люляю"

Люляю- люляю,

Я коцiка налаю,

Каб ён да нас не хадзiў,

Цябе, дзетка, не збудзiў.

А ты, каток, пайшоў вон,

А дзетачцы аддай сон.

Ходзiць сон каля вакон,

А дрымота каля плоту.

I пытае сон дрымоту:

-Дзе мы будзем начаваць?

- Дзе хацiнка цяпленька,

Дзе хацiнка маленька? 

"А ты, коцінка-каток"

А ты, коцiнька-каток,

У цябе шэранькi хвасток.

Ты прыходзь к нам начаваць,

Будзеш Янку калыхаць,

А я шэраму катку

За работу заплачу —

Дам гарлачык малака

I кавалак пiрага. 

"Апсік, апсік, каточак"

Апсiк, апсiк, каточак,

Не хадзi ты ў садочак,

I не тапчы кветачак,

I  не будзi  дзетачак.

Няхай кветачкi цвiтуць,

Няхай дзетачкi заснуць.

Люлi, люлi, дзеткi, спаць,

  А я буду калыхаць.

"Кую, кую ножку"

Кую, кую ножку,

Паеду ў дарожку.  

Дарожка крывая,

Кабылка сляпая,

Еду, еду, еду,  

Нiяк не даеду.

Прыпрагу сароку,

Паеду далека,

У новай кашулi  

Да майго дзядулi.

Скоранька паеду,

Каб паспець к абеду. 

"Гушкі, гушкі, гушкі"

Гушкi, гушкi, гушкi,

Прыляцелi птушкi,

Селi на варотах   

У чырвоных ботах.

Боты паскiдалi,

Кругом паляталi.

Сталi сакатацi.

Чаго птушкам дацi?

Прынясу iм жыта —

Будуць птушкi сыты.

Пасыплю гароху —

Хай ядуць патроху.

Ды пасыплю грэчкi –

 Хай нясуць яечкi.

"Сарока-варона"

Сарока-варона

На прыпечку сядзела,

Кашку варыла,

Дзетак кармiла.

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

А гэтаму не дала.

Гэты пальчык —

Вялiкi гультайчык:

Круп не драў,

Цеста не мясiў,

Вады не насiў.

Лыжка на палiцы,

Кашка ў камянiцы.

Шуг! Шут! Шуг!

Паляцелi —

     На галоўку селi.

"Чыкі, чыкі, сарока"

Чыкi, чыкi, сарока

Прыляцела здалека,

Села ў пана на таку,

Меле крупы на муку.

А пан кажа: «Засяку!

У мяне шабля пры баку».

«Хоць і шабля пры баку,

Ад цябе я ўцяку!» 

"А ты, каток шэры"

А ты, каток шэры,

У цябе хвосцiк белы.

Прыйдзi, каток, начаваць

I дзiцятка калыхаць. 

"Люлі-люлі-люлечкі"

Люлi-люлi-люлечкi,

Прыляцелi гулечкi,

Селi яны ў люлечкi.

Сталi яны буркаваць,

Дзiцятачка калыхаць.

"Люлі, люлі-люлі"

Люлi, люлi-люлi,

Прыляцелi куры,

 Селi на варотах

У чырвоных ботах.

Сталi сакатацi—

Што курачкам дацi?   

Цi ячменю жменьку?

 Цi гарошку трошку?

Цi жыта карыта?

Цi бобу каробу?

Трэба даць iм грэчкi,

   Каб неслi яечкi. 

"Кукарэку, певунок"

Кукарэку, певунок,

Залаценькi чубок,

Пад ветачку пайшоў,

Курку-рабку там знайшоў.

Пачаў курку пытаць,

Цi ўмее чытаць.

- Не чытаю, не пiшу,

Толькi яйкi  нясу.

Штодзень дзецям нашу

Аж па цэламу кашу.

"Не хадзі, коцік"

А ты, коцiк, не хадзi

Да малюльку не будзi.

Малюлька малая,

  Няхай спiць, гуляе. 

"У куце сядзіць мядзведзь"

У куце сядзiць мядзведзь,

Хустачку вышывае.

А лiсiчка- невялiчка

Хатку прыбiрае.

А каток пячэ аладкi,

Масла падлiвае.

Мышанятка жвава, гладка

   Катку памагае.


"Ладкі ладком"

Ладкi ладком,

Пiражкi з мядком,

Кашка з алеем,

Есцi не ўмеем. 

"Ладу, ладу, ладкі"

Ладу, ладу, ладкi,

Дзе былi?

У бабкi.

А што елi?

Кашку.

—   А што пiлi?

  — Малачко.

Бабулька казала,

Як нас частавала:

—  Прыходзьце часцей,

Пачастую смачней:

Дам вам сыраквашкi,

 Бярозавай кашкi.

"Баю, баіньку, баю"

Баю, баiньку, баю.

Не лажыся на краю.

Не лажыся на краёк,

Прыйдзе шэранькi ваўчок.

    Цябе схопiць за бачок. 

"А курачка - рабушэчка"

А курачка-рабушэчка!

Пазыч жа мне грабушэчка!

Гута-та, гута-та!

Не пазычу, не прадам!

Прыйдзi ка мне – дарма дам!

Гута-та! Гута-та!

"Сядзіць мядзведзь на калодзе"

Сядзiць мядзведзь на калодзе

Капшук вышывае,

А сыны-медзведзяняткi.

Шоўкам падшываюць.

Стары заяц-работнiчак

На скрыпцы грае,

А лiсiца, а хiтрыца

 3 куста выглядае.

А сарокi-белабокi   

Пусцiлiся ў скокi,    

А вароны, стары жоны,

Пайшлi жыта жацi.

А зязюля, а зязюлька

Жыта малацiла,

А карова, а карова

Жыта вынасiла.

Казёл меле, казёл меле,

Каза падсыпае,

А малыя казляняты

У мяшок збiраюць.

Муха месiць, муха месiць,

Камар ваду носiць,

А малыя камарочкi

У iх цеста просяць. 

"Бычок"

Ой, бычок мой, бысенька,

Залатая лысiнка,

Будучыя рогi,

Тупучыя ногi.

Ты пацiхеньку хадзi

I дзiцятка не будзi. 

"Іграў я на дудцы"

Iграў я на дудцы,

Седзячы на будцы.

Ту-лю, ту-лю, ту-лю-лю,

Ту-лю-лю!

Грае мая дудка,

Пяе весялушка.

Ту-лю, ту-лю, ту-лю-лю,

Ту-лю-лю!

Як зайграла дудка—

Прыбег скакаць Юрка.

Ту-лю, ту-лю, ту-лю-лю,

Ту-лю-лю!

А за Юркам Янка,

А за Янкам Танька.

Ту-лю, ту-лю, ту-лю-лю,

   Ту-лю-лю. 

"Сядзіць сыч на капе"

Сядзiць сыч на капе,

 А сава на другой,

Гой-гой-гой!—на другой,

Гой-гой-гой!—на другой.

У савы сыч пытае:

Хто ў лесе гукае?

Гу-гу-гу!—гукае.

Гу-гу-гу!—гукае.

- Дрывасекi мае

 Сякуць лес у мяне.

Чах-чах-чах!—у мяне,

Чах-чах-чах!—у мяне.

I сякуць, i крычаць,

Каб звяроў напужаць.

Пух-пух!—напужаць,

   Пух-пух!—напужаць. 

"Ідзі, ідзі, дожджыку"

Iдзi, iдзi, дожджыку,

Звару табе боршчыку.

Пастаўлю пад елкаю,

Накрыю талеркаю,

Сама пакаштую,

      Цябе пачастую. 

"Горкай, горкай, горачкай"

Горкай, горкай, горачкай

Iшоў малы Ягорачка,

Ваўкоў не баяўся,

Страхаў не пужаўся.

Пратаптаў Ягорачка

Сцежачку да горачкi.

Выразаў Ягорачка

Дудачку – свiсцелачку.

I свiстаў ен птушачкай,

Птушачкай-пяюшачкай.

Горкай, горкай, горачкай

Iшоў малы Ягорачка.

"А шэранькая козанька..."

А шэрая козанька…

А шэрая козанька –

Тапу-тапу скоранька –

Пераскочыла праз плот

Ды пабегла ў агарод.

Аб’елася цыбуліцы –

Крычыць, бяжыць па вуліцы;

Аб’елася часнаку –

Крычыць, бяжыць па таку.


"Сунічкі"

Сунічкі, сунічкі,

Гарлачык невялічкі,

Сыпцеся роўна,

Каб было поўна. 

"Ходзіць сон каля вакон..."

Ходзіць сон каля вакон,

А дрымота каля плоту.

І пытае сон дрымоту:

-   Дзе мы будзем начаваць?

-    Дзе хацінка цяпленька,

Дзе дзіцятка маленька.

А мы пойдзем начаваць

       І дзіцятка калыхаць.