Белорусские народные сказки

"Курачка - рабка"

 Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.

  Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць.

  Ідзе воўк:

  — Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?

  — Як жа нам не плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.

  I воўк завыў.

  Ідзе мядзведзь:

   — Воўк, чаго выеш?

   — Як жа мне не выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць. А я брахаць не ўмею,дык і завыў.

  Выслухаў мядзведзь казку і адарваў сабе хвост. З таго часу і жыве з куртатым хвастом.

"Былінка і Верабей"

 Сеў верабейка на былінку і хацеў, каб яна яго пакалыхала. Але былінка не захацела калыхаць верабейку, узяла ды і скінула яго. Узлаваўся верабейка на былінку, зачырыкаў:

— Пачакай жа, гультайка, нашлю я на цябе коз!

Паляцеў верабейка да коз:

— Козы, козы, ідзіце былінку абгрызаць, бо былінка не хоча мяне калыхаць.

Козы не паслухалі верабейкі.

— Пачакайце ж, козы, нашлю я на вас ваўкоў!

Паляцеў верабейка да ваўкоў:

— Ваўкі, ваўкі, ідзіце коз душыць, бо козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухалі і ваўкі.

— Пачакайце ж, ваўкі, нашлю я на вас стральцоў!

Паляцеў верабейка да стральцоў:

— Стральцы, стральцы, ідзіце ваўкоў біць, бо ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухалі і стральцы.

— Пачакайце ж, стральцы, нашлю я на вас вяроўкі!

Паляцеў верабейка да вяровак:

— Вяроўкі, вяроўкі, ідзіце стральцоў вязаць, бо стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухалі і вяроўкі.

— Пачакайце ж, вяроўкі, нашлю я на вас агонь!

Паляцеў верабейка да агню:

— Агонь, агонь, ідзі вяроўкі паліць, бо вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухаў і агонь.

— Пачакай жа, агонь, нашлю я на цябе ваду!

Паляцеў верабейка да рэчкі:

— Вада, вала, ідзі агонь тушыць, бо агонь не хоча вяроўкі паліць, вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухала і вада.

— Пачакай жа, вада, нашлю я на цябе валоў!

Паляцеў верабейка да валоў:

— Валы, валы, ідзіце ваду піць, бо вада не хоча агонь тушыць, агонь не хоча вяроўкі паліць, вяроўкі не хочуць стральцоў вязаць, стральцы не хочуць ваўкоў біць, ваўкі не хочуць коз душыць, козы не хочуць былінку абгрызаць, а былінка не хоча мяне калыхаць.

Не паслухалі і валы.

— Пачакайце ж, валы, нашлю я на вас доўбню!

Не паслухала і доўбня.

— Пачакай жа, доўбня, нашлю я на цябе чарвякоў!

I чарвякі не паслухалі.

— Пачакайце ж, чарвякі, нашлю я на вас курэй!

Паляцеў верабейка да курай, пачаў іх прасіць, каб бядзе дапамаглі.

— Добра, — адказалі куры, — дапаможам!

Пайшлі куры чарвякоў дзяўбці — і цяпер дзяўбуць.

Пайшлі чарвякі доўбню тачыць — і цяпер точаць.

Пайшла доўбня валоў біць — і цяпер б'е.

Пайшлі валы ваду піць — і цяпер п’юць.

Пайшла вада агонь тушыць — і цяпер тушыць.

Пайшоў агонь вяроўкі паліць — і цяпер паліць.

Пайшлі вяроўкі стральцоў вязаць — і цяпер вяжуць.

Пайшлі стральцы ваўкоў біць — і цяпер б'юць.

Пайшлі ваўкі коз душыць — і цяпер душаць.

Пайшлі козы былінку абгрызаць — і цяпер грызуць. Стала былінка верабейку калыхаць — і цяпер калыша.

"Зайкава хатка"

Жылі-былі ў лесе лісічка і зайчык. Прыйшла восень. Холадна стала ў лесе. Надумаліся яны хаткі на зіму пабудаваць. Лісічка збудавала сабе хатку з труску-сняжку, а зайчык з труску-пяску. Перазімавалі яны ў новых хатках. Настала вясна, прыгрэла сонца. Лісіччына хатка растала, а зайкава стаіць як стаяла. Прыйшла лісіца ў зайкаву хатку, выгнала зайку, а сама ў яго хатцы засталася. Пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды плача. Ідзе воўк. Бачыць — зайка плача.

— Чаго ты, зайка, плачаш? — пытае воўк.

— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты: я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне а мае хаткі і сама ў ёй жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.

— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты.

Пайшлі яны. Прыйшлі. Воўк стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку:

— Чаго залезла ў чужую хатку? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, паб'ю табе плечы.

Не спалохалася лісічка, адказвае ваўку:

— Ой, воўк, сцеражыся: мой хвост як дубец, — як дам, дык будзе табе канец!

Перапалохаўся воўк — ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў.

Сеў зноў зайка над бярозкай ды горка плача. Ідзе праз лес мядзведзь. Бачыць — зайчык сядзіць пад бярозай і плача.

— Чаго, зайка, плачаш? — пытае мядзведзь.

— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.

— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты.

Пайшлі яны. Прыйшлі. Мядзведзь стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку:

— Нашто адабрала ў зайкі хату? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, паб'ю табе плечы.

Не спалохалася лісічка, адказвае мядзведзю:

— Ой, мядзведзь, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец!

Спалохаўся мядзведзь — ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў.

Зноў пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды горка плача. Аж бяжыць-ідзе праз лес пеўнік. Угледзеў зайчыка, падышоў і пытае:

— Чаго, зайка, плачаш?

— Дык як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы а лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Вось я сяджу ды плачу.

— Не плач, зайка: я выганю лісу з твае хаткі.

— Ой, Петрусёк, — плача зайка, — дзе табе яе выгнаць? Воўк гнаў — не выгнаў, мядзведзь гнаў — не выгнаў.

— А вось жа я выганю. Пойдзем, — кажа пеўнік.

Пайшлі. Увайшоў пеўнік у хатку, стаў на парозе кукарэкнуў, а потым як закрычьщь:

 

Я — пятух-чабятух,

Я — пявун-лапатун,

На кароткіх нагах,

На высокіх пятах.

Нясу касу на плячы,

Хачу ліску засячы.

 

А лісічка ляжыць ды кажа:

— Ой, певень, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец.

Скочыў пеўнік з парога ў хату ды зноў крычыць:

 

Я — пятух-чабятух,

Я — пявун-лапатун,

На кароткіх нагах.

На высокіх пятах.

Нясу касу на плячы,

Хачу ліску засячы.

 

I — скок на печ да ліскі. Дзюбануў лісіцу ў спіну. Як усхопіцца лісіца ды як пабяжыць вон з зайкавай хаткі, а зайка дзверы зачыніў за ёю.

I застаўся ён жыць у сваёй хатцы разам з пеўнікам.

"Каза-манюка"

Жылі дзед ды баба з дачкою. I была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што шла?

Кажа каза:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу.

Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты.

Дзед зноў пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што шла?

Каза кажа:

—Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла. Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пайшоў сам пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары вярнуўся дахаты, пераапрануўся, сеў на прызбе і чакае казу з пашы.

Прыйшла каза на двор. Дзед пытаецца:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу вастрыць, казу-манюку рэзаць.

Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі і пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.

Сеў зайчык пад елачкай і плача. Ідзе воўк:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаты і сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пускае.

— Ну добра, не плач, я таго звера выганю.

Падышоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы і кажа:

— Гай, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае за дзвярыма, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк. А зайчык зноў сеў і плача. Ідзе мядзведзь:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа не плакаць, як не журыцца?

I расказаў мядзведзю пра сваю бяду.

— Ну добра, — кажа мядзведзь, — не плач, я таго звера адразу выганю.

Падышоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа:

— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець... Ідзе певень. Убачыў заплаканага зайчыка і пытаецца:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго, брат, зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца?

I расказаў зайчык пра сваю бяду.

— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюха...

Падышоў певень да зайчыкавай хаты, залопаў крыламі, закукарэкаў:

— Кукарэку! Кукарэку!

Заб'ю казу-недарэку!

Пачула каза ды як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Тады певень яшчэ мацней залопаў крыламі і закрычаў:

— Гэй, каза, збірай манаткі,

Уцякай хутчэй ты з хаткі.

Бо вунь дзед ідзе,

Ён касу нясе...

Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулём выскачыла з хаткі. А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.

"Пчала і муха"

ПЧАЛА І МУХА

                                                                                   ў апрацоўцы Алеся Якімовіча

Жылі-былі пчала і муха. Пчала з ранку да вечара па лугах лётала, мёд збірала. А муха мёд толькі есці любіла. Дзе мёдам запахне, там і яна. А дзе мёду не чуваць, там муха не хоча нават і пераначаваць.

Аднаго разу прысела муха адпачыць на зялёным лузе. Сонейка муху прыгравае, лёгкі ветрык абвявае. Наўкол кветкі цвітуць, жвавыя конікі скачуць. У небе птушкі песенькі спяваюць.

Задумалася муха: як добра на свеце жыць!

Думала-думала ды і задрамала.

А ў гэты час над лугам пчала пралятала. Ляціць, гудзе, мёд у вулей нясе. Цяжка ёй, аж стогне, небарака.

Прахапілася муха ды як закрычыць на пчалу:

— Ах ты, сякая-такая! Чаго тут над вухам стогнеш, мне спаць не даеш!

— Выбачай, — сказала пчала. — Я шмат мёду нясу, дык і стагну.

— Ха-ха, — засмяялася муха, — шмат мёду нясеш, а сама нябось галодная: вунь якая худая — адны косці…

— Праўда, — адказвае пчала, — мы, пчолы, збіраем пуды, а самі худы.

— А чаму ж вы худы? — I мёд у вас, і вашчына ў вас…

— Дык жа мёд мы збіраем не толькі сабе, а і сваім дзеткам, і гаспадару, які нам хату зрабіў, даглядае нас.

— Чакай, чакай, — кажа муха, — я нешта не зусім цябе разумею: як гэта можна збіраць мёд для іншых? Мы, мухі, так не робім. Мы толькі гатовага мёду шукаем.

— Ат, — замахала крыльцамі пчала, — няма мне калі з табою гаманіць: трэба хутчэй дадому спяшацца, мядовую кашку дзеткам варыць.

— А дзе возьмеш ты мядовую кашку?

— На сабе вязу.

— У чым?

— У вазку, у палазку і за пазушкай.

Загула пчала ды паляцела ў свой вулей.

"Муха-пяюха"

  Жыла-была муха-пяюха. Мела яна каляску і шэсць камароў. Запрэгла муха-пяюха камароў у каляску ды паехала на пагулянку. Едзе яна дарогаю, едзе шырокаю — бяжыць мышка:

— Добры дзень, пані! Як паню зваць-велічаць?

— Я муха-пяюха. А ты хто?

— А я па паліцах скрабатуха.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — скача жабка:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. А ты хто?

— А я па сажалках рагатуха.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць яны шырокаю — на галінцы вавёрка:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. А ты хто?

— А я па елках скакуха.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — бяжыць заяц:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. А ты хто?

— А я праз дарогу скок.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — ідзе воўк:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. Праз дарогу скок. А ты хто?

— А я галодны воўк. Усіх вас паем.

Пачулі гэта камары, падняліся ўгору і паляцелі разам з каляскай. А галодны воўк паляскаў зубамі і пайшоў далей ні з чым.

"Коцік, Пеўнік і Лісіца"

Жылі-былі коцік і пеўнік. Добра жылі, дружна. Коцік на паляванне хадзіў, а пеўнік есці варыў, хатку падмятаў, песні спяваў. Аднойчы пайшоў коцік на паляванне, а пеўнік зачыніў за ім дзверы ды пачаў абед варыць. Бяжыць лісіца, убачыла хатку, падскочыла:

— Гэй, хто тут гаспадар?

— Я, — кажа пеўнік.

— Пусці ў хатку.

— Чаго?

— Пасяджу трохі, адпачну з дарогі.

Пеўнік добры быў, пусціў лісіцу ў хатку, а лісіца — цап! — ухапіла яго і панесла дадому. Апамятаўся пеўнік, закрычаў на ўвесь лес:

Коце, браце!

Мяне ліска нясе

У высокія горы,

У глыбокія норы,

Па барах, па карчах,

Аж бярэ мяне страх!..

Пачуў гэта коцік, прыбег, адабраў у лісіцы пеўніка і завёў яго назад у хатку.

— Ну, — кажа, — глядзі ж, другі раз не пускай, бо цяпер я далей пайду і магу не пачуць цябе.

— Добра, — кажа пеўнік, — не пушчу.

Зноў пайшоў коцік на паляванне. А лісіца — як тут была.

— Пеўнік, галубок, разумны лабок, адчыні!

— Што табе трэба?

— Пазыч агню.

— Навошта?

— Буду ў печы паліць.

— Не адчыню, бо ты схопіш мяне.

— Ды не, больш не буду хапаць.

Паверыў пеўнік лісіцы і адчыніў дзверы. А тая — ухапіла яго і панесла. Пеўнік зноў пачаў клікаць коціка:

Коце, браце!

Мяне ліска нясе

У высокія горы,

У глыбокія норы,

Па барах, па карчах,

Аж бярэ мяне страх!..

Добра, што коцік далёка не адышоўся ад дому: пачуў ён пеўніка, прыбег і адабраў яго ад лісіцы.

— Ну, — кажа ён пеўніку, — калі ты і трэці раз адчыніш лісіцы дзверы, то бяда будзе: цяпер я пайду на паляванне яшчэ далей.

— Не, — кажа пеўнік, — больш я гэтай ліхадзейцы дзвярэй не адчыню.

— Глядзі ж! — I коцік пайшоў у самыя далёкія лясы.

Прыбегла лісіца:

— Пеўнік, галубок, разумны лабок, дай вугалёк!

— Не, цяпер я дзверы табе не адчыню!

— Дык ты праз акенца падай.

— Праз акенца можна, — згадзіўся пеўнік.

Адчыніў ён акенца, а лісіца ўхапіла яго і панесла. Крычаў, крычаў пеўнік, ды коцік яго так і не пачуў: вельмі ж далёка ён зайшоў. Прынесла лісіца пеўніка дахаты і загадала дочкам у печы паліць, з пеўніка крупнік варыць. А сама пайшла гасцей склікаць. Вярнуўся з палявання коцік, бачыць — няма пеўніка. «Мусіць, яго зноў лісіца ўхапіла, — падумаў коцік. — Як жа яго цяпер з бяды выратаваць?» Зрабіў ён скрыпачку галасістую ды пайшоў да лісіцы. 

Прыйшоў, сеў ля варот і зайграў, прыпяваючы:

— Тылі-тылі, скрыпіца,

Тут сядзела лісіца,

А ў лісіцы новы двор,

Сем дачушак на выбор,

Восьмы пеўнік — гэта мой!

Пачулі лісіцыны дочкі музыку і кажуць:

— Як жа хораша нехта грае, пабяжым паслухаем, а пеўніка зварыць яшчэ паспеем.

Выбеглі яны на двор ды і заслухаліся. Пеўнік жа тым часам не драмаў: выскачыў з лісіцынай хаткі ды пабег з коцікам дахаты. Так і засталася лісіца ні з чым.

"Пшанічны каласок"

       Жылі на адным двары курачка Сакатушка, гусак Шыпун ды індык Балбатун.

Курачка даглядала сваіх куранятак, грэблася на сметніку, шукала зярнятак. А гусак Шыпун і індык Балбатун толькі шпацыравалі ўзад і ўперад па двары, як важныя паны, ды заўсёды вялі між сабою спрэчкі аб тым, хто з іх важнейшы і разумнейшы.

       — У мяне галава большая, — хваліўся гусак, — дык і розуму ў ёй больш!

Індык з гэтым не згаджаўся.

       — Галава ў цябе вялікая, гэта праўда, ды дурная, як бот, — казаў ён.

       — Ну, няхай сабе галава дурная, — адказваў гусак, — затое нос які ў мяне! Моцны, цвёрды, прыгожы… А ў цябе што за нос — смех адзін! Чарвяк, а не нос!

І гусак і індык былі страшэнныя гультаі. Яды шукаць сабе ленаваліся і таму часта галадалі. Каб не карміла іх сяды-тады гаспадыня, дык даўно б гультаёў і на свеце не было.

Аднаго разу знайшла курачка каля плота пшанічны каласок. Зарадавалася, засакатала на ўвесь двор:

         — Ко-ко-ко! Глядзіце, які цудоўны каласок я знайшла!

Пачулі пра такую навіну Шыпун і Балбатун.

          — Ану, пакажы!

Курачка паказала ім каласок. Індык панюхаў каласок сваім носам-чарвяком.

           — Так, так, — сказаў ён, — каласок і праўда цудоўны. Трэба яго змалаціць.

      — Ага, ага, — згадзіўся і гусак. — Трэба змалаціць. Тады будуць зярняткі. А яны смачныя… Ага, ага!

          — Добра, — сказала курачка. — А хто яго змалоціць?

          — Толькі не я! — адказаў гусак. — Я тоўсты, мне цяжка цэпам махаць.

          — Дык што ж, ты хочаш, каб я малаціў? — горача забалбатаў індык. — Я табе не парабак!

          — Ну добра, — сказала курачка, — я сама змалачу.

Пайшла яна на ток, узяла цэп і змалаціла пшанічны каласок. Прынесла зярняткі і цешыцца:

     — Глядзіце, якія цудоўныя зярняткі! Чырванаваценькія, пузаценькія! Яны, напэўна, смачнейшыя за ячменныя.

Падышлі да зярнятак і гусак з індыком.

           — Так, так, — сказаў індык. — Цудоўныя зярняткі.

          — Ага, ага, — пацвердзіў гусак. — Аж шкада дзяўбці.

         — І не трэба дзяўбці. Іх трэба змалоць, ды напячы булак, — падаў разумную параду індык.

          — Ага, ага, — згадзіўся гусак. — Пшанічныя булкі мяккія, як мой пух. А смачныя якія!

          — Добра, — сказала курачка. — А хто змеле пшанічныя зярняткі?

          — Толькі не я! — буркнуў гусак. — Мне цяжка ў млын хадзіць.

          — І не я! — усклікнуў індык. — З такою простаю работаю і дурны гусак справіцца.

          — Ну што ж, — сказала курачка, — калі так, то давядзецца мне самой ісці ў млын.

Усыпала яна зярняткі ў торбачку і панесла ў млын. Там змалола і прынесла муку дахаты.

          — Ай, якая бялюткая мука! — засакатала курачка на ўвесь двор.

Індык панюхаў муку.

          — Так, так, — сказаў ён, — добра пахне. Значыць, смачныя будуць булкі.

          — Ага, ага, я ж казаў, што смачныя! — уставіў слова і гусак.

          — Ну, а хто спячэ з гэтай мукі булкі? — запыталася курачка.

Гусак пакруціў галавою:

         — Я не ўмею…

Індык адказаў:

         — Я хоць і ўмею, ды не хачу. Няхай гусак пячэ.

         — Ну добра, — сказала курачка, — тады я сама спяку.

       Знайшла яна пад паветкаю дзежачку і рашчыніла цеста. Потым накалола дроў і запаліла ў печы. Калі цеста падышло, курачка нарабіла круглых прыгожых булак і пасадзіла іх на лапаце ў печ. Булкі пачалі пячыся. І такі прыемны пах пайшоў ад іх па ўсім двары, што ў гусака і індыка аж слінкі пацяклі. А трэба сказаць, што яны даўно нічога не елі і так выгаладаліся, што нават спрачацца перасталі, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.

      — Хадзем у хату, — сказаў індык, — відаць, булкі ўжо гатовы.

       — Ага, ага, — адказаў гусак. — Хадзем, брат, у хату.

Прыйшлі індык з гусаком у хату, а там курачка булкі з печы дастае. Мяккія, румяныя, пахучыя.

       — Так, так, — весела загаварыў індык, — якраз у пару прыйшлі.

        — Ага, ага, — заківаў галавою гусак і першы падаўся за стол. Індык — за ім.

Але курачка спыніла іх:

       — Чакайце! Не спяшайцеся, панове! Перш чым садзіцца за стол, адкажыце мне на мае пытанні.

       — Давай свае пытанні! — сярдзіта прашыпеў гусак. — Толькі хутчэй.

       — Але, толькі хутчэй, — шпарка забалбатаў і індык. — А то дужа есці хочацца…

       — Дык слухайце! Хто пшанічны каласок знайшоў?

       — Ты, курачка, вядома, ты знайшла, — адказалі індык і гусак у адзін голас.

       — Хто змалаціў каласок?

       — Ты, курачка, змалаціла.

       — Хто зярняткі ў млын насіў?

        — Ты насіла…

        — А хто дровы сек, у печы паліў, пшанічныя булкі пёк?

Пераглянуліся паміж сабою індык з гусаком і адказалі:

         — Ты, вядома… За гэта табе і слава.

        — Дык вось, — сказала курачка Сакатушка, — каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй.

Пазбягаліся з двара кураняткі і пачалі з курачкай частавацца свежымі пшанічнымі булкамі.

А галодныя гультаі індык і гусак зноў заспрачаліся, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.

"Піліпка-сынок"

     Жылі мужык і жонка. А дзяцей у іх не было. Жонка бядуе: няма каго ёй калыхаць, няма каго гадаваць...

      Аднаго разу мужык пайшоў у лес, высек з алешыны палена, прынёс дахаты і кажа жонцы:

     — На, калышы.

      Палажыла жонка палена ў калыску ды давай калыхаць і спяваць:

      — Люлі, люлі, сынок, з белымі плячыцамі, з чорнымі вачыцамі...

Калыхала дзень, калыхала другі, на трэці бачыць: замест алешынкі ляжыць у калысцы хлопчык!

Зарадаваліся мужык і жонка, назвалі сына Піліпкам і сталі яго гадаваць.

Падрос Піліпка і кажа бацьку:

       — Зрабі мне, тата, залаты чоўнік, срэбранае вясельца — хачу рыбу лавіць.

Бацька зрабіў яму залаты чоўнік, срэбранае вясельца ды выправіў на возера лавіць рыбу.

Сынок як лавіць дык лавіць — дзень ловіць і ноч ловіць... Нават і есці дахаты не ідзе: вельмі ж добра рыба ловіцца! Маці яму сама абед насіла. Прынясе да возера і кліча:

      — Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок!

      Піліпка падплыве да берага, высыпле з чоўна рыбу, а сам з'есць піражок ды зноў на возера.

Пачула старая Баба Яга — касцяная нага, як маці кліча Піліпку, і парашыла яго са свету звесці.

Узяла яна мяшок і качаргу, прыйшла да возера і начала клікаць:

       — Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок!

Піліпка падумаў, што гэта маці, і падплыў.

А Баба Яга падчапіла качаргою чоўнік, выцягнула на бераг, схапіла Піліпку — ды ў мяшок.

     — Ага, — кажа, — больш не будзеш тут рыбку лавіць.

Закінула мяшок на плечы і нанесла да сябе, у лясную гушчэчу. Доўга несла, змарылася, села адпачыць ды і заснула. А Піліпка тым часам вылез з мяшка, паклаў туды цяжкага камення ды зноў вярнуўся да возера.

Прачнулася Баба Яга, схапіла мяшок з каменнем і, крэкчучы, панесла дадому. Прынесла і кажа да сваёй дачкі:

      — Спячы ты мне на абед гэтага рыбака.

Вытрусіла Баба Яга мяшок на падлогу, аж там адно каменне... Як узлавалася Баба Яга, як закрычыць на ўсю хату:

      — Я ж табе пакажу, як мяне падманваць!

Зноў пабегла на бераг возера ды давай клікаць Піліпку:

      — Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок!

Пачуў гэта Піліпка.

     — Не, — кажа, — ты не мая маці, а Баба Яга. Я цябе ведаю! У маёй мамы голас танчэйшы.

Як ні клікала Баба Яга, Піліпка не паслухаў яе.

        — Добра ж, — падумала Баба Яга, — зраблю я сабе танчэйшы голас.

Пабегла яна да каваля і кажа:

        — Каваль, каваль, натачы мне язык, каб танчэйшы быў.

        — Добра, — кажа каваль, — натачу. Кладзі яго на кавадла.

Палажыла Баба Яга свой доўгі язык на кавадла. Каваль узяў молат і пачаў кляпаць язык. Адкляпаў так, што ён зусім тонкі зрабіўся. Пабегла Баба Яга на возера ды кліча тоненькім галаском:

       — Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з'еш піражок!

Пачуў Піліпка і падумаў, што гэта маці яго кліча. Падплыў да берага, а Баба Яга — цоп яго ды ў мяшок.

      — Цяпер ты мяне не падманеш! — радуецца Баба Яга.

I, не адпачываючы, прынесла яго дадому. Выкінула з мяшка і кажа дачцэ:

     — Вось ён, падманшчык! Палі ў печы яго. Каб да абеду гатовы быў.

Сказала так, а сама пайшла некуды. Дачка запаліла ў печы, прынесла лапату і кажа Піліпку:

        — Лажыся на лапату, я цябе ў печ саджаць буду.

Лёг Піліпка і падняў ногі ўгару.

         — Не так! — крычыць ведзьміна дачка. — Гэтак я цябе ў печ не ўсаджу.

Піліпка звесіў ногі ўніз.

          — Не так, — зноў крычыць ведзьміна дачка.

          — А як жа? — пытаецца Піліпка. — Пакажы сама.

          — Дурны ты! — вылаяла яго ведзьміна дачка. — Вось як трэба. Глядзі!

Лягла яна сама на лапату, выпрасталася. А Піліпка за лапату ды ў печ. I заслонкаю яе засланіў, каб не выскачыла з гарачай печы.

Толькі ён выбег з хаты, бачыць: Баба Яга ідзе. Піліпка скокнуў на высокі густы явар і схаваўся ў галлі.

Зайшла Баба Яга ў хату, нанюхала — смажаным пахне. Дастала з печы смажаніну, наелася мяса, косці на двор выкінула ды пачала качацца па іх, прымаўляючы:

        — Павалюся, пакачуся, Піліпкавага мяса наеўшыся, крыві напіўшыся.

А Піліпка адказвае ёй з дрэва:

          — Паваліся, пакаціся, доччынага мяса наеўшыся, доччынай крыві напіўшыся.

Пачула гэта ведзьма і аж учарнела ад злосці. Падбегла да явара і давай яго зубамі грызці, падгрызаць.

Грызла, грызла, зубы паламала, а моцны явар стаіць як стаяў. Пабегла тады Баба Яга да каваля:

      — Каваль, каваль, выкуй мне сталёвую сякеру, а то я тваіх дзяцей паем.

Спужаўся каваль, выкаваў ёй сякеру.

Прыбегла Баба Яга да явара, пачала яго секчы. А Піліпка кажа:

       — Не ў явар, а ў камень!

А ведзьма сваё:

       — Не ў камень, а ў явар!

А Піліпка сваё:

            — Не ў явар, а ў камень!

     Тут сякера як стукнецца ў камень — уся і вышчарбілася. Заенчыла ад злосці ведзьма, схапіла сякеру ды пабегла да каваля вастрыць.

Бачыць Піліпка — хістацца пачаў явар: падсекла яго ведзьма! Трэба ратавацца, пакуль не позна.

Ляціць чарада гусей. Піліпка да іх:

       — Гусі, гусі, скіньце мне па пяру! Я з вамі палячу да бацькі, да маткі, там вам адплачу...

Гусі скінулі яму па пяру. Зрабіў Піліпка з гэтых пёраў толькі паўкрыла.

Ляціць другая чарада гусей. Піліпка просіць:

      — Гусі, гусі, скіньце мне па пяру! Я з вамі палячу да бацькі, да маткі, там вам адплачу...

I другая чарада скінула яму па пяру.

      Потым прыляцела трэцяя і чацвёртая. I усе гусі скінулі Піліпку па пяру. Зрабіў сабе Піліпка крылы ды паляцеў услед за гусямі.

      Прыбегла ведзьма ад каваля, сячэ явар, аж трэскі сыплюцца. Секла, секла, — явар — трах! — упаў на ведзьму і задавіў яе.

     А Піліпка прыляцеў з гусямі дахаты. Зарадаваліся бацькі, што Піліпка вярнуўся, пасадзілі яго за стол, пачалі частаваць.

      А гусям далі аўса. Тут і казка ўся.

"Сынок-з-кулачок"

      Жылі дзед і баба. I быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Не большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: сынок-з-кулачок.

     Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле.

Баба згатавала абед ды кажа сыну:I

         — Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісці.

А сынок падхрабрыўся і кажа:

    — Давай, мама, занясу абед.

     — Дзе табе данесці яго? — не верыць маці.

    — Данясу!

Узяў сынок-з-кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў.

Едзе сабе і песенькі спявае. Прыехаў на поле, гукае бацьку:

      — Тата, я табе абед прывёз!

Убачыў яго бацька, зарадаваўся:

       — Малайчына, сынок!

Сеў ён абедаць, а сын кажа:

    — Тата, пасадзі мяне на саху, я араць буду.

    — Як жа ты будзеш араць?

     — А паглядзіш, — кажа сын.

Пасадзіў яго бацька на саху. Сынок-з-кулачок узяў лейцы ў рукі і крыкнуў на каня:

    — Но, сівы-буры!

I пачаў араць.

Ехаў дарогаю пан у брычцы. Убачыў ён такое дзіва.

    — Прадай, дзед, мне свайго аратага, — кажа пан.

     — Не, пане, не прадам, гэта мой сынок.

А пан прычапіўся, як смала: прадай ды прадай.

     — Я табе, — кажа пан, — дам шмат грошай.

Пачуў гэта сынок, падбег да бацькі і шэпча яму:

    — Прадавай, тата, толькі вазьмі ў пана за мяне жменю золата. Не бойся, я ад яго ўцяку...

Згадзіўся дзед і прадаў пану сына за жменю золата.

Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. «Вось, — думае, — добрага аратага нажыў. Гэтакага ні ў кога няма. Няхай зайздросцяць мне ўсе паны!»

Тым часам хлопчык прадраў панскую кішэню, цішком вылез з яе ды выскачыў з брычкі. Пан нават і не пачуў. Паехаў сабе дамоў хваліцца дзіўным аратым.

Агледзеўся хлопчык, аж кругом яго густы лес. Пахадзіў ён, пахадзіў па лесе і заблудзіўся. А тут і вечар настаў. Сеў хлопчык пад елкаю і плача.

Ні адсюль ні адтуль — галодны воўк. Ухапіў ён хлопчыка і праглынуў яго. Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць:

       — Гэй, воўк, нясі мяне дахаты!

       — Не панясу, — кажа воўк.

       — Нябось, панясеш, як надакучу табе.

      — Паглядзім, — агрызнуўся воўк і пабег у поле шукаць авечак. Прыбягае да чарады авечак, а хлопчык як крыкне з воўчага жывата:

        —Гэй, пастухі, воўк па авечкі крадзецца!

Пачулі гэта пастухі, прагналі злодзея. Ды яшчэ і сабак нацкавалі на яго.

Прыбег воўк у лес і кажа хлопчыку:

       — Вылазь вон!

       — Не, не вылезу, — адгукаецца хлопчык. — Нясі мяне дадому.

       — Не панясу, — злуецца воўк.

Выгаладаўся воўк ды зноў пайшоў шукаць спажывы. Але куды ні прыйдзе — усё няўдача: не дае яму хлопчык спакою.

Зусім схуднеў воўк, ледзьве ногі цягае.

А хлопчык усё свае права правіць:

         — Нясі мяне дадому!

Бачыць воўк — няма рады, панёс хлопчыка дадому. Прынёс да двара і кажа:

        — Вылазь, вунь твая хата!

        — Не, — адказвае хлопчык, — нясі на двор.

Прынёс яго воўк на двор і зноў крычыць:

      — Вылазь!

      — Не, нясі ў сенцы.

Прынёс воўк яго ў сенцы. Тут хлопчык выскачыў вон ды як закрычыць:

      — Тата, хадзі ваўка біць!

Выбег бацька з качаргою і забіў ваўка. Шкуру злупіў і бабе футра пашыў. А баба сасмажыла за гэта дзеду і сынку гуся.

Тут і казка ўся.

"Каток-залаты лабок"

    Жыў дзед з бабай. Былі яны вельмі бедныя: ні насіць няма чаго, ні варыць. Вось баба і кажа дзеду:

— Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, ссячы дубок, завязі на рынак, прадай і купі гарчык мукі. Спячом хлеб. Сабраўся дзед, паехаў у лясок, пачаў секчы дубок. Выскачыў з дуба каток —залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.

— Дзеду, дзеду, што табе трэба?

— Ды вось, каточак, мой галубочак, паслала мяне баба ссекчы дубок, завезці на рынак, прадаць і купіць гарчык мукі на хлеб.

— Едзь, дзед, дахаты: будзе ў вас мука!

Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго мукі поўныя засекі.

Спякла баба хлеб, сама наелася, дзеда накарміла і кажа яму:

— Не шкодзіла б цяпер і заціркі наварыць. Ды солі няма. Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго солі.

Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.

— Дзеду, дзеду, што табе трэба?

— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсць — солі няма!

— Едзь, дзед, дахаты: будзе соль!

Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго солі цэлая дзежка стаіць.

Наварыла баба заціркі, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:

— Не шкодзіла б цяпер і капусты паспытаць. Вастры, дзеду, тапарок, едзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго капусты.

Навастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.

— Дзеду, дзеду, што табе трэба?

— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ё сць, соль ёсць — капусты няма!

— Едзь, дзед, дахаты: будзе капуста!

Прыехаў дзед дахаты, а ў яго капусты поўная кадушка!

— Ай, як добра! Вось каб цяпер яшчэ сальца… Мы б з табою капусты наварылі, сальцам закрасілі б. Не палянуйся, дзеду: вазьмі тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць

каток — залаты лабок: папрасі ў яго сальца. Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.

— Дзеду, дзеду, што табе трэба?

— Ды вось, каточак, мой галубочак: просіць баба яшчэ сальца да капусты.

— Добра, дзед, едзь дахаты: будзе сала.

Прыязджае дзед дахаты, а ў яго сала цэлы кубелец! Рады дзед, рада баба. Сталі яны жыць ды пажываць, дзецям казкі казаць.

I цяпер жывуць, хлеб жуюць, капустаю з салам закусваюць.

Вось вам казка, а мне абаранкаў вязка.

"Як Курачка Пеўніка ратавала"

      Жылі-былі курачка і пеўнік. Курачка яйкі несла, а пеўнік зярняткі здабываў, ку-рачку частаваў. Выграбе з ямкі зярнятка

і кліча курачку:

— Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка!

Вось аднойчы выграб пеўнік вялікую бобінку. «Ну, — думае, — гэтага зярняці курачцы не праглынуць, з’ем хіба сам». Праглынуў — ды і падавіўся. Паваліўся пеўнік, ногі задраў і не дыхае. Падбегла да яго курачка:

— Што з табою, Петрусёк? Чаму ты ляжыш і не дыхаеш?

— Ой, — стогне пеўнік, — бобінкай падавіўся…

— Як жа цябе ратаваць, Петрусёк? — пытаецца курачка.

— Трэба, — шэпча пеўнік, — масла дастаць, горла змазаць.

— А дзе яго дастаць?

— У каровы.

Пабегла курачка да каровы:

— Карова, карова, дай масла!

— Нашто табе масла?

— Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся…

— Добра, — кажа карова, — дам табе масла. Але схадзі спярша да касцоў, папрасі сена. Прыйшла курачка да касцоў:

— Касцы, касцы, дайце сена!

— Нашто табе сена?

— Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.

Касцы кажуць:

— Схадзі да пекара, папрасі пірагоў. Пірагі мы з’ямо, тады і сена накосім.

Прыйшла курачка да пекара:

— Пекар, пекар, дай пірагоў!

— Нашто табе пірагі?

— Пірагі — касцам. Касцы накосяць сена. Сена — карове. Карова дасць масла. Масла —пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.

Пекар кажа:

— Збегай у лес, прынясі дроў, каб было на чым пірагі пячы.

Пабегла курачка ў лес і прынесла дроў. Пекар напёк пірагоў. Занесла курачка пірагі касцам. Касцы з’елі пірагі і накасілі сена. Прынесла курачка сена карове. Карова з’ела сена і дала

масла. Пеўнік змазаў маслам горла і праглынуў бобінку.

Праглынуў і зноў весела на ўвесь двор заспяваў:

— Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка — малайчына!

"Мядзведзь"

          Ці ведаеце вы, адкуль узяўся мядзведзь?

       Мядзведзь раней быў такім жа чалавекам, як і мы. Людзей тады было мала, і жылі яны па лясах. Там палявалі на звяроў і птушак. Улетку збіралі грыбы і ягады, капалі карэнне і запасілі на зіму. Але найбольш запасілі арэхі і мёд. Пчол тады было багата. Яны самі вадзіліся і ў дуплах, і ў зямлі — у норах.

        Людзі шукалі пчол у дуплах, і хто першы знаходзіў, то абвязваў тое дрэва вяроўкаю, і ўжо ніхто не меў права іх чапаць.

        Але жыў у той час адзін чалавек — гультай несусветны. Не хацелася яму самому шукаць пчол, дык ён выдзіраў чужыя.

        Жылося таму гультаю някепска. Растаўсцеў ён на чужым мёдзе, як калода зрабіўся. Ды вось бяда: цяжка яму стала лазіць на дрэвы па мёд...

       Пачаў ён думаць, што б такое зрабіць, каб лёгка было лазіць на дрэвы. Ды нічога не мог прыдумаць.

         Дачуўся аднойчы гультай, што жыве за сямю лясамі ды за сямю балотамі такі чарадзей, які ўсё можа зрабіць.

        «Пайду,— думае,— да яго. Можа, ён зробіць мяне лёгкім».

I пайшоў да таго чарадзея.

      Ідзе лесам, бачыць — ліпа абвязана. Падышоў да яе, а там дупло зусім нізка, і ў ім поўна мёду.

      Выдраў ён мёд з дупла, наеўся і пайшоў далей.

      Ідзе, аж неўзабаве трапляецца другая абвязаная ліпа з пчаліным дуплом. Выдраў ён мёд і з гэтага дупла.

     Ці шмат дзён ішоў ён, ці мала, нарэшце дайшоў да зямлянкі, дзе жыў той чарадзей. Пастукаўся ў зямлянку — ніхто не адчыняе: няма гаспадара дома. Сеў гультай, сядзіць. Аж бачыць — перад самым носам у яго ліпа з дуплом. Прывык гультай выдзіраць чужых пчол. Не стрымаўся і тут.

      Толькі ён пачаў драць мёд і ўплятаць за абедзве шчакі, як бачыць — ідзе гаспадар.

Паглядзеў чарадзей на гультая, пакруціў галавою і кажа:

     — Ну, чалавеча, за такую благую работу будзеш ты з гэтага часу толькі тое і рабіць, што драць пчол.

     I перавярнуў чарадзей таго гультая ў мядзведзя.

     Дык вось адкуль узяўся мядзведзь.

     А хто не верыць — няхай зловіць мядзведзя і распытаецца ў яго, ці так гэта было, як казка кажа. 

"Пых"

      Жылі-былi дзядулька, бабулька ды унучка Алёнка. І быў у іх агарод. А ў агародзе тым і капуста, і бурачкі, і моркаўка, нават і рэпка жоўтая расла.

      Захацелася дзеду рэпкi. Вось і пайшоў ён у агарод. А ў агародзе горача-горача, а ў агародзе ціха-ціха. Толькi пчолкі гудзяць ды камарыкі звіняць. Прайшоў дзед градку з капустай, прайшоў градку з бурачкамі, прайшоў градку з моркаўкай... А вось і рэпка.

    Толькі нахіліўся дзед рэпку выцягнуць, а пад кустом хтосьці: «Ппы-ы-хх! Ппы-ы-хх! Цi не дзедка гэта? Ды цi не па рэпку ён?

     Спужаўся дзед ды як пабяжыць - каля моркаўкі, каля бурачкоў, каля капусты. Ледзь-ледзь да хаты дабег, на лаўку сеў, аддыхацца не можа.

      -Ну што, дзедка, прынёс рэпку?

      - Ох, бабка, там пад кустом хтосьці страшны сядзiць i пыхкае. Я ледзь адтуль уцёк. 

       - Ды кiнь ты, дзедка! Вось я сама пайду, дык напэўна рэпку прынясу. I пайшла бабка ў агарод. А ў агародзе горача-горача, а ў агародзе цiха-цiха. Толькi пчолкі гудзяць ды камарыкi звіняць.

         Прайшла бабка градку з капустай, прайшла градку з бурачкамі, прайшла градку з моркаўкай... А вось і рэпка. Толькi нахілілася бабка рэпку цягнуць, а пад кустом хтосьці:«Ппы-ы-хх! Ппы-ы-хх! Ці не бабка гэта? Ці не па рэпку прыйшла?» 

       Спужалася бабка ды хутчэй бегчы - каля моркаўкі, каля бурачкоў, каля капусты. Ледзь да хаты дабралася. На лаўку села, аддыхацца не можа.Ой, дзедка, праўду ты казаў: там пад кустом хтосьці страшны сядзiць i пыхкае. Ледзь я адтуль уцякла.

       Пайшла Алёнка ў агарод. А ў агародзе горача-горача, а ў агародзе ціха-ціха. Толькi пчолкі гудзяць ды камарыкi звіняць. Прабегла Алёнка градку з капустай, прабегла градку з бурачкамi, прабегла градку з моркаўкай. А вось i рэпка.

     Толькi нахілілася Алёнка рэпку цягнуць, а пад кусцiкам хтосьцi: «Ппы-ы-хх! Ппы-ы-хх! Ці не Алёнка гэта? Ды цi не па рэпку прыйшла?

      Засмяялася Алёнка ды як закрычыць звонкiм галаском: 

-Так, так! Гэта я, Алёнка! Бабульцы, дзядульку па рэпку прыйшла...

      А на градцы нешта зноў як запыхкае: «Ппы-ы-хx!"

       Нахілілася Алёнка над градкай - глядзiць туды, глядзiць сюды. I ўбачыла: ляжыць нейкі калючы клубочак ды пыхкае: «Ппы-ы-хх! Ппы-ы-хх!". Засмяялася Алёнка ды кажа:

     - Ах ты, вожык, ах ты, калючы, гэта ты дзядульку ды бабульку напужаў, гэта ты іх ад рэпкі прагнаў?

       А вожык выцягнуў свой носік ды зноў: «Ппы-ы-хх! Ппы-ы-хх!» Пацягнула Алёнка рэпку раз, пацягнула два, пацягнула тры - рэпка так i выскачыла з зямлi. Ды якая! Вялікая ды круглая, жоўтая ды салодкая.

      Узяла Алёнка рэпку ў рукі, узяла вожыка ў фартушок і пабегла дадому. Каля моркаўкі, каля бурачкоў, каля капусты. Мігам дахаты дабегла.

       Сустракае Алёнку дзедка, сустракае Алёнку бабка - пытаюцца: - А рэпку ты прынесла?

      - Вось вам, дзядулька, бабулька, і рэпка. 

    Усцешылася бабка, успешыўся дзедка. Ну і ўнучка, ну і Алёнка!

  -А як жа - пых? Не баялася ты яго?

        Расхінула Алёнка свой фартушок ды i кажа: 

      - А вось вам і пых!

      Смяецца дзедка, смяецца бабка. Ну і малайчына Алёнка, ну i смелая ўнучка!