У ХІХ ст. у Еўропе і Расійскай імперыі пашыраецца цікавасць да гісторыі старажытнага грамадства. Узрастае папулярнасць археалогіі. Яна носіць як прафесійны, так і аматарскі характар. З - за адсутнасці ВНУ на тэрыторыі Беларусі (за выключэннем Горы - Горацкага земляробчага інстытута) і мясцовай навуковай супольнасці, даследаванні аб'ектаў старажытнай гісторыі праводзяць даследчыкі з розных навуковых устаноў Расіі.
Тэрыторыю сучаснай Старадарожчыны, якая ўваходзіла ў склад Бабруйскага і ігуменскага паветаў Мінскай губерні, у гэты час вывучалі: Зарыян Даленга - Хадакоўскі, Мікалай Мышанкоў, Мікалай Янчук і Канстанцін Ікаў. Яны пакінулі пасля сваіх даследаванняў успаміны і справаздачы. Ёсць узгадванні аб увазе да археалагічных аб'ектаў некаторых мясцовых памешчыкаў, якія праводзілі самастойна раскопкі. Многія курганы былі знішчаны пры пашырэнні сельскагаспадарчых плошчаў. Мясцовыя жыхары знаходзілі розныя старажытныя рэчы і не заўсёды надавалі ім адпаведную ўвагу. Таму шмат чаго з гістарычнай спадчыны Старадарожчыны было страчана.