ПАЧАТАК XXI СТАГОДДЗЯ

     У пачатку ХХІ ст. археалагічныя даследаванні з ініцыятывы Вячаслава Прэдчанкі і Віталя Юрэвіча праводзіліся пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка  аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі , кандыдата гістарычных навук Інстытута гісторыі Алега Іова. Частковую дапамогу аказалі навукоўцы: Алена Касюк, Мікалай Памазан, Вадзім Шапіра. 

    У розныя гады з 2010 па 2019 гг. раскопкі і разведкі праводзіліся каля вёсак Паставічы, Прусы, Пасека, Языль Старадарожскага раёна. Вывучалася матэрыяльная культура племяннога саюза дрыгавічоў, які засяляў Паўднёвую і Цэнтральную Беларусь ў Х - ХІІІ стст. Былі даследаваны курганы і гарадзішча каля в. Новыя Ісаевічы. Было знойдзена паселішча ХІ - ХІІ стст. каля в. Пасека. Справаздачы аб праведзеных даследаваннях знаходзяцца ў фондах Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Большая частка экспанатаў перададзена ў Старадарожскі гісторыка-этнаграфічны музей.