Яшчэ адной унікальнай для Беларусі зброяй са Старадарожчыны з’яўляецца шабля, якая ў 2016 годзе была перададзена настаўнікам гісторыі Сярэдняй школы № 2 г. Старыя Дарогі Віталем Юрэвічам у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Знойдзена яна ў 2012 годзе рабочым Навадарожскага лясніцтва Дзмітрыем Патачыцам пад час пасадкі леса каля былога хутара Заастроўе на тэрыторыі Навадарожскага сельсавета. Некалькі гадоў рэч захоўвалася ў памяшканні лясніцтва. Паводле афіцыйнай даведкі з Акадэміі навук, напісанай Андрэем Вайцяховічам, яна была выраблена ў другой палове ХVІ стагоддзя.Сёння шабля знаходзіцца ў археалагічным музеі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Таму, магчыма, ўжо даволі хутка спецыялісты яе даследуюць і зробяць адпаведныя высновы. Такіх адзінак зброі, знойдзеных на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, налічваецца многа, але афіцыйна, разам са старадарожскай, іх зарэгістравана беларускімі навукоўцамі толькі дзве. Большасць падобных шабель трапіла ў розныя музеі Еўропы, Расіі, ці ў прыватныя калекцыі.
Акт прыёму экспанатата ў археалагічны музей інстытута гісторыі НАН Беларусі
Прычыны з'яўлення шаблі на тэрыторыі Старадарожчыны вызначыць складана. Нейкіх значных ваенных падзей тут не зафіксавана.
Верагодней за ўсё, з’яўленне шаблі звязана з гісторыяй горада Глуск і Глускага графства, у склад якога ўваходзілі ўсходнія землі сучаснай Старадарожчыны, у тым ліку і вёска Заастроўе. Так, Глуск Дубравенскі меў свой замак і з’яўляўся адміністрацыйным і гандлёвым цэнтрам, дзе маглі разгортвацца пэўныя палітычныя падзеі. Праз яго праходзілі розныя шляхі.
З’яўленню шаблі ў гэтых мясцінах магло спрыяць і праходжанне тут старажытнага гасцінца, які пазначаны на некаторых картах ХVII – XVIII стагоддзяў. Ён ішоў праз Нясвіж, Слуцк, Глуск, Бабруйск з усхода на захад і з’яўляўся адным з найбольш важных на паўднёвых землях Беларусі, якія былі вельмі забалочаныя. Таксама разам з гандлярамі, па ім рухаліся і вайскоўцы.
Магчыма, у другой палове ХVІ стагоддзя, калі падобная зброя ўводзіцца, як від абавязковага ўзбраення гусар ВКЛ, на землі Глускага графства маглі зрабіць набег крымскія татары, хоць колькасць іх набегаў у гэты час паменьшылася. Аб’ектамі рабавання ў гэты час маглі станавіцца невялікія населенныя пункты, такія, як Глуск і бліжэйшыя да яго вёскі (у тым ліку Дарогі). Улічваючы тое, што такі тып шаблі быў не ўласцівы для татарскага войска, належаць яна магла ваяру ВКЛ – абаронцу.
Пад час нейкага боя з татарамі паранены, ці нават забіты ваяр ВКЛ мог страціць сваю шаблю.
Зброя таксама магла тут з’явіцца і ў сувязі з падзеямі Руска-польскай вайны 1609 – 1618 гадоў. Вядома, што жыхары Глуска ў 1616 годзе, каб пазбегчы рабавання свайго горада з боку гусар Рэчы Паспалітай, якія ішлі сюдой з захаду на Смаленск, самі напалі на іх недзе ў ваколіцах свайго горада. Першапачаткова гусары пацярпелі паразу і вымушаны былі адступіць, але пазней яны вярнуліся і жорстка адпомсцілі гараджанам. Шабля магла належыць каму - небудзь з удзельнікаў сутычкі, які быў забіты, ці проста вымушаны быў уцякаць.
Яшчэ можна ўзгадаць і паход праз гэтыя землі казакаў пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі са Слуцка на Магілёў у 1596 годзе, які праходзіў і праз землі Старадарожчыны па старым шляху. Вёска Заастроўе знаходзілася ў некалькіх кіламетрах ад гэтага старога шляха. Магчыма, недзе тут адбылося ўзброенае сутыкненне казакаў з ваярамі ВКЛ.
Вучань школы Раман Парахневіч з шабляй
Можна таксама прыгадаць і падзеі вайны Рэчы Паспалітай і Расіі 1654 –1667 гадоў, у выніку якой Глуск абараняўся, але быў захоплены расійскімі войскамі і разрабаваны. Менавіта ў сувязі з гэтымі падзеямі і магла апынуцца ў нашых мясцінах шабля, якая раней была прынята на ўзбраенне ваярамі ВКЛ ў другой палове ХVІ стагоддзя і выкарыстоўвалася ў вайсковай справе ў больш познія часы.
Магчыма, згублена шабля была ў баку ад дарогі ці трапіла ў дрыгву, якая пазней высахла.
Паводле вымярэнняў агульная даўжыня шаблі складае з адламаным клінком 60 см. Адламана вастрыё клінка. Яго працягласць – 52 см, шырыня каля эфеса – 4 см. Клінок мае невялікую крывізну, заточаны з аднаго боку. Даўжыня адламанага чаранка рукаяці – 7 см, шырыня – 1,8 см. Даўжыня крыжавіны – 19 см, шырыня – 1, 5 см. Яна прамая, звужаецца на канцах. Уся шабля іржавая.
Шабля "батурка" ХVІ стагоддзя
Такі тып шаблі вядомы, як “батораўка” ці “батурка”, у сувязі з тым, што ініцыятарам ўвядзення на ўзбраенне яе войскам ВКЛ быў кароль Рэчы Паспалітай і гаспадар Вялікага Княства Стэфан Баторый (1576 – 1586), якога жыхары беларускіх зямель называлі Сцяпанам Батурай. Пад час Лівонскай вайны 1562 – 1582 гадоў супраць Маскоўскага княства ён рэфармаваў узброеныя сілы, у тым ліку і за кошт ўзбраення. Інакш гэта шабля вядома, як польска – венгерская, ці гусарская. Сам Баторый паходзіў з Венгрыі, дзе шаблі даволі масава і паспяхова ўжываліся, а мясцовыя збройнікі ўмелі іх якасна вырабляць. Таму, падчас свайго знаходжання ва ўладзе, кіраўнік дзяржавы загадаў набываць такія мячы на сваёй радзіме і рабіць падобныя ў Рэчы Паспалітай. Яны вырабляліся ў польскіх майстэрнях. Адсюль з’явілася і назва – польска- венгерская шабля.
Пра шаблі таго часу Юры Бохан паведамляе: “ сярод шабель, ужываемых у ВКЛ у другой палове ХVІ стагоддзя сустракаецца падзел на” гусарскія” і “казацкія”. Пад гусарскай варта разумець венгерскую шаблю, якая ў другой палове ХVІ стагоддзя пры захаванні агульнай канструкцыі адчула значныя змены. Мала выгнуты ля крыжавіны клінок набывае бліжэй да вастрыя акруглае ці парабалічнае закрыўленне. Крыжавіна робіцца вельмі доўгай з таксама доўгімі “вусамі… Такая шабля прыстасоўвалася найперш для цяжкіх праламываючых удараў, падобных на мячовыя”
Прыблізнае месца знаходкі шаблі (карта 1910 г.)