ГЕАГРАФIЯ СТАРАДАРОЖЧЫНЫ

   Старадарожскі раён знаходзіцца на паўднёвым усходзе Мінскай вобласці. Плошча – 1371 км². Тэрыторыя раёна ляжыць у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня тэрыторыі раёна пласкахвалістая з прыкметна выражанай марэннай градой на захадзе. Лічыцца, што фарміраванне рэльефа Старадарожчыны адбылося ўжо падчас трэцяга Дняпроўскага зледзянення 320 000 – 250 000 год назад.

   У часы міжледавікоўяў, калі зноў вярталася цяпло, разбураліся марэнныя ўзвышшы, фарміравалася глеба, паводкі ад расталага лёду паглыблялі рачныя даліны, лясы набывалі характэрныя для сённяшніх дзён рысы: бярозава-хваёвыя, шыракалістыя, хваёвыя. Іх жыхарамі былі жывёлы, многія з якіх існуюць і ў нашы дні. Але з чарговым наступам ледавіка яны знікалі і іх месца займалі пакрытыя доўгай поўсцю маманты.

   Каля 52 % Старадарожчыны займаюць лясы. Глебы раёна, як і ўсяго беларускага Палесся, не вызначаюцца ўрадлівасцю – на ўсёй тэрыторыі яны дзярнова – падзолістыя, супясчаныя, пясчаныя, з пяшчанай прымессю гліны. Значнае месца займаюць тарфяна – балотныя глебы, нізінныя балоты. Верагодна, раней яны былі вадаёмамі. У глыбокай старажытнасці, калі ўсё Палессе было скрозь пакрыта лесам, участкі зямлі, прыдатныя для апрацоўкі, займалі невялікае месца.

Старадарожскі раён на карце Мінскай вобласці

Дняпроўскае зледзяненне 320 000 – 250 000 год назад 

   Праз Старадарожскі раён працякаюць 19 рэк: Арэса, Арыжня, Асвіца, Даколька, Нямегля, Пціч, Сіняроўка, Солан, Таліца і іншыя, якія належаць да Чарнаморскага басейна. Яны і іх берагі маглі прыцягваць да сябе ўвагу людзей у старажытныя часы. На тэрыторыі раёна знаходзіцца возера Скачальскае, якое мае ледавіковае паходжанне. Акрамя яго, на гэтай тэрыторыі маглі знаходзіцца маленькія рэкі і крынічныя азёры, якія з часам высахлі.

   Старадарожскі раён размешчаны ў зоне ўмерана кантынентальнага клімату з цёплым працяглым летам і халоднай зімой. Самая высокая тэмпература летам ₊28… ₊30 ℃; самая нізкая зімою - -30 ℃. Сярэднягадавая тэмпература – 6, 4 ℃.

   Па колькасці ападкаў раён уваходзіць у групу тэрыторый з дастатковай вільготнасцю. У сярэднім у год выпадае 600 мм ападкаў.

Беларускае Палессе  ў раёне ракі Прыпяць

Даліна ракі Пціч

Беларускае Палессе