Каляндар майя
Навукоўцы з Тулейнскага ўніверсітэта (Новы Арлеан, ЗША) раскрылі таямніцу 819-дзённага календара майя, піша Phys.org са спасылкай на артыкул у навуковым часопісе Ancient Mesoamerica.
Старажытныя астраномы не пакінулі тлумачэнняў, як такая сістэма суадносіцца са звычайным календаром мезаамерыканскай цывілізацыі. Раней удалося знайсці сувязь толькі з перамяшчэннем Меркурыя. Гаворка пра яго сінадычны перыяд, які апісвае, калі канкрэтная планета з'явіцца ў вызначанай кропцы неба. У Меркурыя ён - 117 дзён. Калі памножыць на сем, то якраз атрымаецца 819.
Эксперты з Новага Арлеана выказалі здагадку, што 819-дзённая сістэма рахунку можа ставіцца да больш працяглага перыяду і прадказваць з'яўленне планет на працягу 45 гадоў. Да такіх высноў яны прыйшлі, правёўшы разлікі.
Навукоўцы звярнулі ўвагу: калі 819 павялічыць у 20 разоў, выйдзе 16380 (каля 45 гадоў). Гэты лік кратны 260 - менавіта столькі дзён у святым календара майя цолькіне. Яшчэ адзін прыклад супадзення - сінадычны перыяд Сатурна. Яго 13 цыклаў роўныя 4914 дням. Такі лік можна атрымаць, памножыўшы 819 на шэсць.
Самыя старажытныя кнігі
Даследуючы папірус III стагоддзя да н.э., рэстаўратарка музея Грацкага ўніверсітэта Тэрэза Заміт Лупі выявіла сляды вокладкі. Гэта значыць, перад ёй была старонка самай старажытнай кнігі ў свеце, піша New Voice.
Гэты фрагмент быў знойдзены ў 1902 годзе каля муміі. Навукоўцы ўніверсітэта мяркуюць, што гэтая знаходка «ставіць пад сумнеў агульнапрынятую храналогію кніжнай гісторыі», паколькі яна старэйшая за ўсе вядомыя нам кнігі як мінімум на 400 гадоў.
Найстаражытнейшыя вядомыя на сёння тамы датуюцца 150–250 гадамі нашай эры. Два такія прыклады знаходзяцца ў Брытанскай бібліятэцы ў Лондане і Бібліятэцы Чэстэра Біці ў Дубліне.
«Кніга з Грацкага ўніверсітэта была створана за 400 гадоў да іх, што робіць яе самай старажытнай кнігай, якую мы ведаем сёння, — мяркуюць захавальнікі бібліятэкі. — І не выключана, што ў іншых музеях ёсць падобныя экзэмпляры, проста іх не шукалі».
Спецыялісты ўніверсітэта адзначаюць, што папірус быў даволі танным матэрыялам для пісьма, таму магла захавацца вялікая колькасць старажытных фрагментаў.
Фрагмент папірусу Грацкага ўніверсітэта мае памеры прыкладна 15 на 25 см. Ён быў знойдзены падчас раскопак у егіпецкім некропалі Хібе (сёння Эль-Хіба). Фрагмент уваходзіць у калекцыю з 52 папірусаў.
Загадкавыя неандэртальцы
Цяпер у гістарычнай навуцы агульнапрынятае меркаванне, што неандэртальцы былі, так бы мовіць, няпростымі стрыечнымі братамі Homo sapiens, якія зніклі з Зямлі каля 40 000 гадоў таму. Нашы страчаныя сваякі сталі яшчэ больш складанымі з адкрыццём старажытных пячорных гравюр у Францыі.
Гравюры знайшлі ў Ля-Рош-Катар — пячоры, якая знаходзіцца прыкладна за 20 кіламетраў на захад ад горада Тур. Малюнкі складаюцца з паралельных ліній, зробленых пальцамі і працягнутых па сцяне пячоры ў выглядзе ўзораў. Гэтыя выявы папярэднічалі прыбыццю Homo sapiens у рэгіён, што прымусіла групу даследчыкаў меркаваць, што яны былі створаныя неандэртальцамі (Homo neanderthalensis).
«Гэтыя сценкі былі ўпрыгожаныя прадуманымі структурнымі лініямі», — сказаў Жан-Клод Марке, археолаг з Універсітэта Тура, у каментары для Gizmodo.
Доступ у пячору спыніўся 57 000 гадоў таму, калі sapiens яшчэ не прыбылі ў Заходнюю Еўропу, таму гэтыя гравюры можна аднесці толькі да творчасці неандэртальцаў, бо пасля таго ў пячору ніхто не заходзіў. Гэта выявіў метад аптычна стымуляванага люмінесцэнтнага датавання пячорных адкладаў.
Калі б гаворка ішла пра пячору з некалькімі ўваходамі, то можна яшчэ было б сумнявацца, бо розныя ўваходы магло заваліць у розныя часы, але адносна невялікая La Roche-Cotard была дакладна недаступная чалавеку пазней, як кажуць даследчыкі, што прымушае іх быць перакананымі, што гэта мастацтва было створанае рукамі акурат неандэртальцаў.
Калісьці ў гістарычнай навуцы неандэртальцаў уяўлялі адсталымі і дурнымі ў параўнанні з «чалавекам разумным», але з’яўляецца ўсё больш доказаў, што яны былі не менш складанымі і наватарскімі. Неандэртальцы працавалі разам у групах, дзяліліся ежай, палявалі гуртам і нават умелі лячыць некаторыя хваробы. Неандэртальцы ўмелі распальваць вогнішчы і выкарыстоўваць агонь гэтак жа, як і нашы непасрэдныя продкі. Мяркуецца, што неандэртальцы не вымерлі цалкам, а хутчэй былі ўключаныя ў генафонд Homo sapiens у выніку скрыжавання нашых двух відаў.
Відэа, якое дэманструе, што сабой уяўляюць старажытныя малюнкі
Неандэртальцы зніклі каля 40 000 гадоў таму, пакінуўшы пасля сябе некаторыя генетычныя асаблівасці ўнутры нашай ДНК, а таксама прылады працы, якія час ад часу знаходзяць археолагі. Выяўляецца, у іх было і мастацтва.
Знакі з La Roche-Cotard можна лічыць самым старым вядомым творам мастацтва, зробленым прадстаўнікамі віду neanderthalensis: даследчыкі кажуць, што знойдзеным мецінам каля 60 000 — 75 000 гадоў.
У навукоўцаў ужо былі доказы таго, што неандэртальцы выкарыстоўвалі пігменты і малявалі арнаменты на тэрыторыі сучаснай Іспаніі. Французскія знаходкі сведчаць, што яны, магчыма, рабілі тое самае ва ўсім сваім арэале пражывання. Арнаменты яны стваралі, малюючы пальцамі па сырой гліне ці вапнавых пародах, як кажуць даследчыкі.
Не ўсе пагаджаюцца з такой гіпотэзай. «Я магу пагадзіцца з тым, што меціны пальцамі былі зробленыя чалавекападобнай істотай, але мы павінны быць асцярожнымі з празмернай інтэрпрэтацыяй», — растлумачыў Майкл Петралья, дырэктар Аўстралійскага даследчага цэнтра эвалюцыі чалавека пры Griffith University.
Спадар Петралья адзначыў, што прычыны гэтых «пальцавых малюнкаў» невядомыя: яны маглі быць зробленыя некалькімі людзьмі на працягу нейкага адрэзку часу і не абавязкова павінны лічыцца праявамі наўмыснага мастацтва, абстракцыямі або сімваламі.
Петралья кажа, што некаторыя даныя сведчаць пра міграцыю Homo sapiens на тэрыторыю сучаснай Францыі 55000 гадоў таму, што ўскладняе канчатковае выключэнне датычнасці нашага віду да спраў у La Roche-Cotard.
Даследчыкі спадзяюцца правесці ў пячоры дадатковы аналіз. Дзякуючы развіццю ў галіне генетыкі і візуалізацыі навукоўцы па-новаму глядзяць на наша старажытнае мінулае: хто ўваходзіў у род Homo, як гэтыя асобіны ўзаемадзейнічалі паміж сабой, а таксама калі і як яны распрацоўвалі ўласныя тэхналогіі.
Падчас раскопак у Англіі археолагі знайшлі 30-сантыметровага памеру сякеру. Цяжка ўявіць, каб ёю карысталіся старажытныя людзі.
Гіганцкая каменная сякера азадачыла археолагаў.
Пад час раскопак у графстве Кент на тэрыторыі, адведзенай для будаўніцтва Марской акадэміі, археолагі знайшлі каля 800 каменных прыладаў працы і артэфактаў у адкладах ледніковага перыяду, якім каля 300 тысяч гадоў.
Сярод іх, акрамя звычайных ручных сякераў і крэмніевых адшчэпаў, былі дзве ручныя сякеры незвычайна вялікіх памераў. Аб сваіх знаходках вучоныя распавялі ў навуковым артыкуле ў Internet Archaeology.
Адна з знаходак мае памер 22 см. Другая — 29,5 см і з'яўляецца самая вялікай з падобных знаходак. Абедзве знаходкі маюць характэрную форму з доўгім і тонка апрацаваным вастрыём і больш тоўстаю грушападобнаю асноваю.
Ручныя сякеры ад трохвугольнай да грушападобнай формы вырабляліся з крэменю і іншых дробназярністых парод і былі ўніверсальнай прыладай старажытных людзей на працягу сотняў тысяч гадоў: імі карысталіся Homo erectus, Homo heidelbergensis, а таксама неандэртальцы.
Па словах археолагаў, знойдзеныя ручныя сякеры настолькі вялікія, што цяжка ўявіць, як можна было іх трымаць ці выкарыстоўваць. Вучоныя мяркуюць, што такія прылады выкарыстоўвалі нейкім асаблівым чынам. Напрыклад, клалі на зямлю, а затым апускалі штосьці на іх, а не наадварот.
Археолагі маюць і іншую гіпотэзу. Яна заключаецца ў тым, што гэтыя «гіганцкія ручныя сякеры» маглі мець нейкую сімвалічную функцыю, якая заключалася ў дэманстрацыі сілы ці майстэрства.
Загадкай застаецца і від старажытных людзей, якому такія прылады належалі. З чыста храналагічнага пункту гледжання іх можна датаваць раннім перыядам рассялення неандэртальцаў у Вялікабрытаніі. Аднак, магчыма, яны належалі і больш ранняму віду — Homo heidelbergensis.
У артыкуле адзначаецца, што гэтыя знаходкі гіганцкіх сякер на тэрыторыі Англіі ў даліне Медуэй і рэгіёне Тэмзы не першыя. Але апошняя вызначаецца сваім асабліва вялізным памерам і была знойдзена ў ходзе буйнамаштабных раскопак, што дае магчымасць атрымаць больш інфармацыі аб жыцці яе стваральніка.
Як адзначыў навуковы супрацоўнік інстытута археалогіі Універсітэцкага каледжа Лондана Мэт Поўп (Matt Pope):
«Раскопкі далі нам неймаверна каштоўную магчымасць вывучыць, як развіваўся ўвесь ландшафт ледніковага перыяду больш за чвэрць мільёна гадоў таму. Праграма навуковага аналізу цяпер дапаможа нам зразумець, чаму гэта месца было важнае для старажытных людзей, і як каменныя артэфакты, у тым ліку «гіганцкія ручныя сякеры», дапамаглі ім адаптавацца да выклікаў ледавіковага перыяду».
Цяпер даследчая група працуе над ідэнтыфікацыяй і вывучэннем знойдзеных артэфактаў, каб лепш зразумець, хто іх стварыў і для чаго яны выкарыстоўваліся
ТАЯМНІЦЫ СТАРАДАРОЖСКІХ КУРГАНОЎ
Сённяшнія даследчыкі Старадарожчыны таксама сцвярджаюць, што гэтыя цудоўныя, добра прыстасаваныя для жыцця мясціны былі заселены чалавекам у глыбокай старажытнасці. І пра гэта яскрава сведчаць археалагічныя знаходкі. Яшчэ на мяжы ХІХХХ стагоддзяў тут рабілі фрагментарныя даследаванні археалагічных помнікаў. Але яны былі далёкія ад навукі. У 1979 годзе сюды прыязджала вядомы археолаг Таццяна Каробушкіна і падчас разведкі тых самых помнікаў зафіксавала на тэрыторыі раёна знойдзеныя школьнікамі тры каменныя сякеры, вырабленыя і старанна адшліфаваныя яшчэ ў другім тысячагоддзі да нашай эры. Упершыню на тэрыторыі раёна ёю былі выяўлены ўмацаваныя паселішчы-гарадзішчы, на якіх жылі людзі ў раннім жалезным веку. Такія гарадзішчы ёсць вакол вёсак Новыя Ісаевічы, Асавец і Клятное. Кавалкі керамікі са штрыхамі і ямачным арнаментам, знойдзеныя пры даследаванні гэтых гарадзішчаў, сведчаць пра тое, што тэрыторыю Старадарожскага раёна насялялі прадстаўнікі Мілаградскай і Зарубянецкай культур. Калі казаць проста - балцкай і праславянскай.
Разведкі разведкамі, а сапраўдных раскопак да пэўнага часу тут ніхто не праводзіў. Таму старадарожскі краязнаўца, настаўнік гісторыі СШ №2 г. Старыя Дарогi Віталь Юрэвіч заўсёды марыў наладзіць у наваколлі праўдзівыя археалагічныя раскопкі. Ён адчуваў, што дрыгва і лясы, якіх сапраўды тут было шмат, заўсёды выступалі своеасаблівай камерай захоўвання, дзе на працягу не тое што стагоддзяў, а тысячагоддзяў праляжалі і захаваліся ўнікальныя артэфакты. Колькі разоў знаходзіў настаўнік сёе-тое падчас сваіх паходаў са школьнікамі. Ведаў, што непадалёк ад вёсак Паставічы і Новыя Дарогі, уздоўж ракі Арыжна, не проста шэраг узгоркаў, як можа падацца простаму грыбніку, а старажытнабеларускія пахаванні - курганы-могільнікі. Юрэвіч налічыў іх каля сямідзесяці.
Трэба было спяшацца з раскопкамі, таму што неўзабаве на курганах у пошуках скарбаў пачалі гаспадарыць «чорныя» капальнікі. А ўсё таму, што мясцовыя людзі называюць гэтыя пахаванні «французскімі» або «шведскімі» могілкамі і лічаць, нібыта ў курганах пахаваны ваяры з войска Напалеона або шведскага караля. А ў магілах разам з нябожчыкамі - золата... Віталь занепакоіўся і звярнуўся спачатку да археолага Міколы Крывальцэвіча, з ім ён тыдзень рабіў разведкі па раёне і знайшоў шэраг дадатковых помнікаў. Пасля няўдалых самастойных спроб ён разам з яшчэ адным прафесійным археолагам - Алегам Іовым - ужо два гады афіцыйна раскопвае дрыгавіцкія курганы. Дапамагаюць дарослым юныя археолагі старадарожскіх школ. Намаганнямі Юрэвіча яны збіраюцца кожнае лета непадалёк ад курганоў у турыстычны дзіцячы лагер.
У выніку на могільніках Х-ХІ стагоддзяў знайшлі кавалкі керамікі, срэбныя пярсцёнкі, нож, грузіла, а таксама тры чарапы, яны добра захаваліся. Кажуць, што цяпер антраполагі з дапамогай сучасных камп'ютарных тэхналогій па знойдзеных костках могуць дазнацца, як выглядалі нашы продкі, колькі ім было гадоў і што стала прычынай іх смерці. Навукоўцы кажуць, што тысячу гадоў таму пахаванне адбывалася паводле язычніцкіх уяўленняў. Нябожчыка клалі на зямлю галавой туды, дзе заходзіць сонца і сканчаецца жыццё - на Захад. Потым зверху раскладвалі пахавальнае вогнішча, пасля чаго на попеле ўзводзілі высокі насып, а вакол рабілі роў. Тут жа спраўлялася трызна па памерламу: ладзіліся баявыя спаборніцтвы і калектыўныя прыгашчэнні. Але нябожчыка спальвалі не цалкам, а часткова, так працягвалася і ў раннія хрысціянскія часы. Таму акуратна зняты з кургана слой зямлі адкрывае, калі пашанцуе, парэшткі шкілета і чэрапа.
Нярэдка стагоддзі ператвараюць у пыл адзенне нябожчыка, ягоныя ўпрыгожванні з косці і дрэва. А вось метал, кераміка і камень захоўваюцца і даносяць сучасным археолагам карысную інфармацыю. Так, адзін з насыпаў захаваў у сваім чэраве цела маладога дрыгавіцкага ваяра, які праспаў тут тысячу гадоў. Спераду і ззаду чэрап моцна пашкоджаны, а ў руках ваяра баявая сякера. Да думку Алега Іова сякера - рэдкая і каштоўная знаходка. Ад драўлянага дрэўка нічога не засталося, а вось каванае жалеза толькі трохі заіржавела. Сякерка зусім не вялікая: па форме і памерах нагадвае побытавы сякач для мяса. Але менавіта такой прымітыўнай зброяй у тыя часы перамагалі ворагаў у адкрытым двубоі. Таму ўладальнік такой зброі мусіў быць фізічна моцным, спрытным. Пра тое, што знойдзены ваяр быў малады, гаворыць цудоўны стан зубоў і добра захаваны касцяк пад 170 сантыметраў росту. Узнікае пытанне: чаму і як загінуў наш ваяр? Пра гэта можна толькі гадаць. Тураўскае княства, куды ўваходзіла тэрыторыя Старадарожчыны, у Х стагоддзі актыўна ваявала з Кіеўскім. Тураўшчына належала Святаполку Акаяннаму. Ягонага бацьку, Яраполка, забіў кіеўскі князь Уладзімір, а цяжарную маці ўзяў сабе ў наложніцы. Калі Святаполк вырас, ён вырашыў адпомсціць за бацьку і пайшоў вайной на Кіеў.
За два гады раскопак у Старадарожскім раёне даследавана шэсць курганоў. Мяркуючы па знаходках, людзі, якія тут жылі ў Х стагоддзі, належалі да славянскага племені дрыгавічоў перыяду ранняга хрысціянства. Яшчэ высветлілася, што далёка не ўсе старажытныя людзі былі дробнымі: знойдзеныя шкілеты, у асноўным, мужчын да дваццаці гадоў, загінулых падчас войнаў, малымі не назавеш. Але наперадзе яшчэ не адзін курган, і ў выніку яшчэ не адна таямніца...
Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч (Часопiс "Маладосць")