СТАРАЖЫТНАЕ ГРАМАДСТВА

Археалагічныя помнікі Старадарожскага раёна

   Чалавек на тэрыторыі Беларусі паявіўся ў сярэдзіне каменнага веку (палеаліту), прыкладна 100 - 40 тыс. гадоў таму. У канцы палеаліту чалавек рассяліўся пераважна па далінах вялікіх рэк. Асноўныя рысы гэтай эпохі - развіццё вытворчасці прылад з крамянёвых пласцін, пашырэнне лука і прыручэнне сабакі. Развіваліся спосабы апрацоўкі косці, першабытнае мастацтва, існаваў складаны пахавальны абрад, аформілася першабытная рэлігія - татэмізм. Даволі высокі на той час узровень гаспадаркі, выраб прылад працы і будаўніцтва жытлаў далі магчымасць чалавеку выжыць у суровых кліматычных умовах прыледавіковай, амаль бязлеснай зоны.

   У эпоху мезаліту (IX - V тысячагоддзі да н.э.) тэрыторыя Беларусі засялялася з поўдня па далінах буйных рэк. Праз Панямонне, Дняпроўскі басейн прайшлі плямёны паляўнічых на паўночных аленяў. Склаўся мацярынска-радавы лад, фарміраваліся плямёны, развівалася рода-племянная ўласнасць. Асноўным гаспадарчым калектывам у гэты час была радавая абшчына, у якой вытворчыя адносіны былі заснаваны на калектыўнай вытворчасці, уласнасці і пэўнай роўнасці спажывання.   

Працэс вырабу стралы (рэстаўрацыя)

 У эпоху неаліту (на тэрыторыі Беларусі пачаўся ў канцы V- IV тысячагоддзі да н.э.) клімат значна пацяплеў, паўсюдна раслі ліставыя лясы, рэльеф і рачная сетка ў асноўным набылі сучасны выгляд. Невялікія паселішчы з наземнымі або напаўзямляначнымі жытламі найчасцей размяшчаліся на рачных тэрасах каля вусцяў малых рэк, на берагах і пясчаных дзюнах. Асноўнымі заняткамі насельніцтва былі рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Пад канец неаліту ўзніклі і вытворчыя формы гаспадаркі - прымітыўнае земляробства і жывёлагадоўля. Пачалі выкарыстоўвацца камбінаваныя прылады працы, серпападобныя нажы і інш. Удасканальваліся спосабы апрацоўкі каменю, пашыраліся шліфаванне сякер, долатаў, цёслаў, матык. Прылады працы і рэчы ўжытку вырабляліся таксама з рога, косці, дрэва. Ад адкрытых распрацовак марэннага і мелавога крэменю насельніцтва паступова перайшло да здабычы яго шахтавым спосабам. Развіваўся прымітыўны абмен крэменем, бурштынам і інш. Найважнейшая адзнака неаліту - пачатак керамічнай вытворчасці. Гліняны посуд ляпілі ўручную і абпальвалі на вогнішчы. Вынаходства посуду дало магчымасць палепшыць спосабы прыгатавання і захоўвання ежы.

Працэс вырабу глінянага посуду (рэстаўрацыя)

Бронзавы век (на тэрыторыі Беларусі пачаўся ў II тысячагоддзі да н.э.) характарызаваўся паяўленнем медных і бронзавых вырабаў. Аднак аддаленасць ад старажытных цэнтраў металургіі была асноўнай прычынай захавання тут на больш працяглы час каменных прылад працы, хоць апрацаваны яны былі значна лепш: шырока выкарыстоўваліся шліфаванне, свідраванне, пілаванне. У бронзавым веку адбыўся першы вялікі падзел грамадскай працы на земляробства і жывёлагадоўлю. Асноўную ролю ў гаспадарчым і грамадскім жыцці роду і племені паступова пачалі адыгрываць мужчыны складваўся патрыярхальна-радавы лад (патрыярхат). Пераход да патрыярхату адбываўся ў працэсе значнага развіцця прадукцыйных сіл і павышэння прадукцыйнасці працы ва ўсіх формах гаспадаркі: земляробстве, жывёлагадоўлі, паляванні і рыбалоўстве. Развіццё вытворчасці абумовілі рост абмену і ўзнікненне прыватнай уласнасці. У сваім далейшым развіцці патрыярхат прывёў да маёмаснай дыферэнцыяцыі, замены радавой абшчыны сельскай, узнікнення патрыярхальнага рабства і зараджэння падзелу грамадства на класы. У рэлігійных вераваннях пашыраліся касмаганічныя культы, культ продкаў.   

Старажытнае земляробства (рэстаўрацыя) 

 Жалезны век пачаўся ў VII - VI ст. да н.э., калі плямёны, што жылі на тэрыторыі Беларусі, навучыліся здабываць жалеза і вырабляць з яго прылады працы, зброю, упрыгожанні. Жалеза тут выплаўлялі з балотнай руды ў невялікіх падобных да паўшар'яў печах-домніцах. З вынаходствам жалеза галоўным заняткам старажытных плямён станавілася ляднае (падсечнае) земляробства, а з яго развіццём узрасло гаспадарчае значэнне жывёлагадоўлі. Паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва паступова ператварыліся ў дапаможны занятак. Развівалася рамяство - апрацоўка дрэва і косці, бронзаліцейная справа, прадзенне, ткацтва, пляценне, ганчарства. Людзі пачыналі будаваць больш складаныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы.

   У VI- IX ст. у славян, якія насялялі тэрыторыю Беларусі, адбыўся пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да феадальнага. Развівалася паравая сістэма земляробства (двухполле, трохполле). Хатнія промыслы паступова ўтварылі асобую галіну рамеснай вытворчасці (апрацоўка жалеза, каляровых металаў і інш.). Наладжваліся знешнія сувязі плямён, пра што сведчаць знаходкі скарбаў усходніх манет VIII-IX ст. Ворнае земляробства было найважнейшай перадумовай узнікнення адасобленай гаспадаркі малой сям'і, што пры развіцці прыватнай уласнасці прывяло да распаду абшчын, звязаных кроўным сваяцтвам. Сваяцкія сувязі сталі траціць сілу, на адкрытых паселішчах размяшчаліся і сем'і з іншых чужых родаў. Радавая абшчына паступо ва саступала месца суседскай сельскай аб шчыне, у аснове якой ляжалі тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі.

   Усходнія славяне рассяліліся на вялізнай тэрыторыі ад Ладажскага возера на поўначы да берагоў Чорнага мора на поўдні. Яны падзяліліся на 13-14 саюзаў плямён на чале са старэйшынамі. На тэрыторыі Беларусі племяннымі аб'яднаннямі былі крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Пасля сябе гэтыя плямёны пакінулі шмат прадметаў жыццядзейнасці і матэрыяльнай культуры - археалагічных помнікаў.

   Археалагічнымі помнікамі з'яўляюцца таксама і тыя месцы, дзе знаходзяць рэшткі дзейнасці старажытнага чалавека. Яны падзяляюцца на 2 групы: дзе жылі людзі (стаянкі, паселішчы, гарадзішчы, гарады) і дзе іх хавалі (грунтовыя і курганныя могільнікі).

     Вывучэннем археалагічных помнікаў у нашай мясцовасці ўпершыню ў дваццатыя гады ХІХ ст. заняўся ўраджэнец Случчыны Зарыян Даленга - Хадакоўскі (Адам Чарноцкі). Ён канстатаваў існаванне слядоў гарадзішчаў каля вёсак Старыя Дарогі і Горкі.

   Раскопкі курганоў на тэрыторыі Старадарожскага раёна доўгі час за невялікім выключэннем не праводзіліся. Праўда, у XIX ст. Мікалаем Мышанковым, Канстанцінам Ікавым, Мікалаем Янчуком раскапана некалькі курганоў каля вёсак Кармазы, Макарычы Лагі і Языль. У 1888 г. Мікалай Мышанкоў зафіксаваў раскопку мясцовымі памешчыкамі 10 курганоў каля в. Будзенічы.

   Ім выяўлены пахаванні з абрадам трупапалажэння на гарызонце, арыентаваныя галовамі на захад і ўсход. Сярод пахавальнага інвентару знойдзены керамічныя гаршкі, зробленыя на ганчарным крузе, шкляныя пацеркі, завушніцы, скроневыя дротавыя кольцы. Сярод караляў знойдзены пасярэбраныя і залачоныя шкляныя пацеркі бочкападобнай формы.

   Паводле звестак мясцовых жыхароў, у пачатку ХХ ст. курганы вакол в. Будзенічы раскопваў памешчык Хадасевіч які таксама, як і Мікалай Мышанкоў, ускрыў пахаванні па абрадзе трупапалажэння. У жаночых пахаваннях былі знойдзены ўпрыгожанні з каляровых металаў. Гэтыя знаходкі і пахавальны абрад даюць падставу датаваць раскапаныя курганы XI ст.

   У 1886 г. два курганы каля в. Языль раскапаў Мікалай Янчук. Зафіксаваны пахаванні па абрадзе трупапалажэння на гарызонце з рэчамі.

   У 1924 - 36 гг. сярод насельніцтва Старадарожчыны распаўсюджваліся складзеныя навукова-экспертнай камісіяй Народнага камісарыята асветы БССР апытальныя лісты з мэтаю выяўлення помнікаў гісторыі, культуры і прыроды.

   Масавае знішчэнне паасобных курганоў і могільнікаў дзеля пашырэння пасяўных плошчаў прывяло да таго, што сучасны стан курганоў і могільнікаў (іх колькасць, размяшчэнне па рэгіёнах і г. д.) не адлюстроўвае першапачатковую насычанасць курганамі даследуемай тэрыторыі Старадарожскага раёна. Але ўсё ж на тэрыторыі раёна захавалася яшчэ шмат археалагічных помнікаў.

   З апытальных лістоў было вядома 9 населеных пунктаў (вёскі Аляксандраўка, Будзенічы, Вярхуціна, Гнезнае, Дражна, Лавы, Лагі, Ляўкі, Языль), вакол якіх, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, знаходзіліся курганы-могільнікі.

   У сувязі з нязначнай археалагічнай вывучанасцю раёна прамых звестак аб першапачатковым яго засяленні чалавекам у перыяд каменнага веку няма. Але грунтуючыся на матэрыялах, якія знойдзены на тэрыторыі суседніх раёнаў, і выяўленых у ніжнім цячэнні Пцічы прыладах працы, зробленых чалавекам у эпоху мезаліту, ёсць усе падставы меркаваць, што ў гэты перыяд (X - VII тысячагоддзях да н.э.) сюды ўжо пранікалі людзі і сяліліся па берагах вялікіх рэк. Бліжэйшыя месцазнаходжанні прылад перыяду мезаліту ёсць на Пцічы, Случы, неаліту каля в. Дараганава Асіповіцкага раёна, на возеры Вячора Любанскага раёна, і адносяцца яны да сярэднедняпроўскай культуры. Есць меркаванні, што стаянкі эпохі неаліту былі каля в. Ляды на правабярэжжы р. Солан і на поўдзень ад Старых Дарог на правабярэжжы р. Арыжня.

   Пра бронзавы век на тэрыторыі Старадарожскага раёна сведчаць шматлікія знаходкі. У наваколлі Старых Дарог знаходзілі каменныя сякеры. На поўдзень ад в. Боркі выяўлены свідраваны каменны малаток (II тысячагоддзе да н.э.), ля в. Залужжа - каменная сякера (II тысячагоддзе да н. э.), у ваколіцах в. Шчыткавічы, каля безымянных прытокаў Пцічы, на балоце - рэшткі лодак-даўбёнак. Кавалкі посуду гэтага часу знойдзены каля вёсак Новыя Ісаевічы, Новыя Фалічы, Паставічы, Слабодка, г. Старыя Дарогі.

   У час археалагічных даследаванняў раёна ў 1979 г. Таццянай Каробушкінай выяўлены каменныя прылады працы II тысячагоддзя да н. э.

      У 1997 г.  пры правядзенні навуковых разведак Мікалаем Крывальцэвічам былі зафіксаваны сляды бронзавага і жалезнага вякоў каля в. Навасёлкі, жалезнага веку каля в. Паставічы і в. Новыя Ісаевічы. На левым беразе р. Арыжня каля в. Старыя Фалічы был выяўлены рэшткі посуду тшцынецка - сосніцкай культуры бронзавага веку.

     У школьных музеях вёсак Языль, Паставічы, Горкі і горада Старыя Дарогі зберагаюцца шліфаваныя каменыя сякеры, якія былі зроблена ў бронзавым і пачатку жалезнага вякоў. Да гэтага ж часу адносяцца дзве шліфаваныя каменныя сякеры з адтулінай і каменны блок, знойдзеныя каля в. Шчыткавічы, а таксама сякера з пад в. Баранава.

     На тэрыторыі раёна знойдзены археалагічныя помнікі рубяжа нашай эры і першых яе стагоддзяў. План гарадзішча каля в. Асавец.  

 Умацаванні гарадзішча каля в. Новыя Ісаевічы

   Гарадзішча каля в. Клятное мае пляцоўку круглай формы даўжынёй 25 м. Яно ўмацавана двума валамі. Знойдзена танкасценная ляпная кераміка, адзін кавалак меў арнамент у выглядзе ямак. Яго можна звязаць з мілаградскай культурай, якая датавана VIII ст. да н.э. - рубяжом нашай эры. Астатняя кераміка адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі і датавана не пазней чым I ст. н.э. Гэтае гарадзішча таксама адносіцца да ранняга жалезнага веку.

План гарадзішча каля в. Асавец (малюнак з кнігі "Памяць") 


Жалезны век прадстаўлены ўмацаванымі паселішчамі-гарадзішчамі, размешчанымі каля вёсак Асавец, Новыя Ісаевічы, Клятное. Яны ўмацаваны 2-3 землянымі валамі і равамі. Гарадзішча каля в. Асавец мае форму трохкутнай пляцоўкі 50×46 м і, мяркуючы па абломках керамічнага посуду, знойдзенага ў шурфе, пакінута плямёнамі штрыхаванай керамікі ў IV - III ст. да н. э. Такая ж кераміка знойдзена і ў шурфе на гэтым гарадзішчы ў 1979 г. Aляксандрам Егарэйчанкам. Слаба выразная штрыхоўка дае магчымасць датаваць яе менавіта III - IV ст. н. э., калі штрыхі паступова ўжо пачалі знікаць. Есць кераміка з ямачным арнаментам мілаградскай культуры VI-IV ст. да н. э.

   Гарадзішча каля в. Новыя Ісаевічы ўмацавана трыма валамі. Пляцоўка 100×86 м мае культурны пласт у цэнтры 0,17 м, па краях 0,25 м. Зачыстка сценак ямы на адным з валоў дае магчымасць устанавіць, што насыпалі яго ў два прыёмы, бо ў цэнтры ямы выразна прыкметныя вугалі і попел. Мяркуючы па гэтых даных, яго вышыня была павялічана ў два разы ў сувязі з пагрозай небяспекі.

   Знойдзеныя на пляцоўцы рэшткі таўстасценнага ляпнога посуду даюць падставу аднесці гарадзішча да ранняга жалезнага веку. У 2010 годзе яго даследавала Алена Касюк.

План гарадзішча каля в. Клятное (малюнак з кнігі "Памяць")

 Матэрыялы абследаваных гарадзішчаў сведчаць аб тым, што тэрыторыю Старадарожскага раёна ў жалезным веку насялялі прадстаўнікі мілаградскай і зарубінецкай культур. Гарадзішчы былі пабудаваны на пясчаных узвышшах, добра ўмацаваны і выкарыстоўваліся насельніцтвам на працягу некалькіх стагоддзяў - з IV ст. да н.э. да V ст. н.э.

        У 2020 г. краязнаўцам Уладзімірам Бойка Каля в. Гасціно быў знойдзены "скарб рамесніка", які археолаг Алена Касюк аднесла да ўнікальных помнікаў трэцяй чвэрці I тыс. н.э. на тэрыторыі Усходняй Еўропы.

Зыходзячы з складу ўпрыгожванняў і дэталяў касцюму, «скарб» трэба звязваць з прадстаўнікамі калочынскай ці банцараўска-тушамлінскай супольнасцяў, датуецца ён шырока – V–VII стст.

        З 2010 па 2019 праводзіліся раскопкі курганоў Х - ХІІ стст. пад кіраўніцтвам Алега Іова. Пад час экспедыцый было даследавана 15 курганоў. Каля в. Пасека было зафіксавана селішча ХІ - ХІІ стст.