ГАСЦІНСКІ СКАРБ

   Даволі незвычайная і, нават, сенсацыйная знаходка была выяўлена на Старадарожчыне ў 2020 годзе каля в. Гасціно пасярод раней недаследаваных археолагамі месцаў. Інфармацыя пра гэта хутка разнеслася па ўсёй Беларусі. Вывучэннем знойдзеных рэчаў занялася кандыдат гістарычных навук навук Алена Касюк, якая пакінула наступную справаздачу

"Археалагічныя разведкі ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці" 

Мэтай археалагічных прац на тэрыторыі Старадарожскага раёна Мінскай вобласці быў агляд месцазнаходжання металічных вырабаў, выпадкова выяўленых у 2020 г. Знаходку зрабіў жыхар г. Слуцк Уладзімір Уладзіміравіч Бойка падчас правядзення прац па пошуку невядомых месцаў гібелі вайскоўцаў падчас Другой сусветнай вайны.

Месцазнаходжанне лакалізуецца ў вярхоўях р. Арэса, праз 2 км на паўночны захад ад в. Гасціно (Пасекскі сельсавет), каля безназоўнай рэчкі, у лесе. Са словаў знаходчыка, металічныя рэчы (8 прадметаў) ляжалі разам у ямцы на глыбіні каля 0,3 м. Калекцыя прадстаўлена:

1) бронзавай акруглай рамкай спражкі з патоўшчанай пярэдняй часткай. Памеры 3,35 х 3,5 см. Сячэнне акруглае, дыяметр 0,6-0,65 см. Каля аднаго з краёў нанесены арнамент з насечак. Вага – 11,7 г. Музейны шыфр і калекцыйны нумар – “СГЭМ КП 3491”. (гл. мал. 1)

Мал. 1. Бронзавая спражка

  2) фрагмент выраба з каляровага металу. Ён мае выгляд конуса, даўжыня фрагмента складае 3,3 см, сячэнне акруглае, дыяметр 0,55 см. Магчыма, з’яўляецца часткай бранзалета з патоўшчанымі канцамі. Вага – 5,5 г. Музейны шыфр і калекцыйны нумар – “СГЭМ КП 3490”. (гл. мал. 2)

Мал. 2.  Фрагмент вырабу з каляровага металу

3) бранзалетамі з патоўшчанымі канцамі. Адзін выраб цэлы, другі – падзелены на дзве часткі. Цэлы бранзалет мае памеры 5,3 х 6,2 см, форма акруглая. Пасярэдзіне вырабу сячэнне акруглае, дыяметр складае 0,6 см, на канцах сячэнне авальнае, дыяметр складае 1,55 х 1,85 см. На канцах бранзалета звонку маецца геаметрычны арнамент у выглядзе двух радоў коса нанесеных насечак. Вага – 65,8 г. Музейны шыфр і калекцыйны нумар – “СГЭМ КП 3492”.  (гл. мал 3)


Мал. 3. Бранзалет з патоўшчанымі канцамі

Другі бранзалет па форме і арнаменце аналагічны першаму. Ён наўмысна разламаны на дзве часткі. Па краях бранзалета бачныя сляды рэзкі (саскоблівання) металу, верагодна, для бронзаліцейнай справы. Вага першага фрагмента – 30,2 г, другога – 40,3 г. Музейны шыфр і калекцыйны нумар – “СГЭМ КП 3493, КП 3494”.  (гл. мал 4-5)

Мал. 4 - 5. Бранзалет з патоўшчанымі канцамі

4) зліткамі каляровага металу. Першы злітак мае трапецападобную форму. Яго памеры складаюць 3,6 х 2,4 х 1,7 см (даўжыня х шырыня х вышыня). На паверхні злітка маюцца сляды тэрмічнага ўздзеяння ў выглядзе спёкшайся масы. Намі была ўзятая частка гэтага “нагару” для правядзення аналізаў. Вага вырабу складае 72,4 г. Музейны шыфр і калекцыйны нумар – “СГЭМ КП 3489”.  (гл. мал 6)

Мал. 6. Злітак каляровага металу (1)

Другі злітак мае выгляд палачкі, якая патоўшчаная на адным канцы і сплошчаная – на другім. Яго памеры наступныя: 10,2 х 1,9 х 1,6 см (даўжыня х шырыня х вышыня). На патоўшчаным канцы сячэнне трапецападобнае, другі канец – сплошчаны, завостраны. Вага – 127,5 г. Музейны шыфр і калекцыйны нумар – “СГЭМ КП 3487”.  (гл. мал. 7)

Мал. 7. Злітак каляровага металу(2)

Трэці злітак у выглядзе бруска прамакутнай формы. Яго памеры складаюць 9,3 х 3,3 х 0,95 см (даўжыня х шырыня х вышыня). Злітак у профілі па даўжыні дваякавыгнуты. Краі крыху скругленыя. Па перыметры з абодвух бакоў нанесены прадольныя барозны. Вага складае 195,1 г. Музейны шыфр і калекцыйны нумар – “СГЭМ КП 3488”. (гл. мал. 8)

 Мал. 8. Злітак каляровага металу (3)

Чацвёрты злітак у выглядзе бруска прамакутнай формы. Яго памеры складаюць 10,4 х 3,1 х 1 см (даўжыня х шырыня х вышыня). Злітак у профілі па даўжыня выгнуты. Краі крыху скругленыя. Па перыметры з абодвух бакоў нанесены прадольныя барозны. Вага складае 244,4 г. Музейны шыфр і калекцыйны нумар – “СГЭМ КП 3486”. (гл. мал. 9)

Мал. 9. Злітак каляровага металу (4)

«Скарб ювеліра», які быў выпадкова выяўлены ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці ў 2020 г. трэба лічыць менавіта «скарбам», улічваючы яго склад і характар размяшчэння рэчаў. Нягледзячы на адсутнасць у яго складзе спецыяльных інструментаў, якія выкарыстоўвалі старажытныя рамеснікі-ювеліры, ён, на нашу думку, з’яўляецца менавіта «скарбам ювеліра», бо ўсе рэчы – бронзавыя зліткі, бранзалеты, спражка і фрагмент вырабу прызначаны для выкарыстання ў якасці сыравіны пры вытворчасці рэчаў з каляровых металаў, пра што таксама сведчаць сляды ломкі, рэзкі і «забору» металу.

Два самыя вялікія зліткі з’яўляюцца ўнікальнымі і па форме не маюць пакуль аналагаў сярод знаходак з помнікаў трэцяй чвэрці I тыс. н.э. на тэрыторыі Усходняй Еўропы.

Зыходзячы з складу ўпрыгожванняў і дэталяў касцюму, «скарб» трэба звязваць з прадстаўнікамі калочынскай ці банцараўска-тушамлінскай супольнасцяў, датуецца ён шырока – V–VII стст.

У 2020 г. была агледжана паляна ў лесе, на якой быў знойдзены “скарб”. На агаленнях глебы археалагічныя матэрыялы зафіксаваны не былі. Шурфоўка не праводзілася. Больш дакладна ўстанавіць культурную прыналежнасць і гістарычны кантэкст з’яўлення «скарбу ювеліра» з Госціна дапаможа правядзенне далейшых археалагічных даследаванняў у рэгіёне.

Археалагічныя артэфакты з “скарба ювеліра” захоўваюцца ў ДУ “Старадарожскі гісторыка-этнаграфічны музей” (г. Старыя Дарогі, вул. Пралетарская, 31)."

                                                           Прыблізнае месца знаходкі скарба