ДАСЛЕДАВАННІ

         Да ХІХ стагоддзя археалогія, як гістарычная дысцыпліна яшчэ не склалася на беларускіх землях. Значных даследаванняў у часы існавання Рэчы Паспалітай не праводзілася. Але агульныя ўзгадванні пра некаторыя аб'екты, такія, як курганы і старажытныя гарадзішчы, можна знайсці ў нарысах і апісаннях шэрагу вандроўнікаў і аматараў даўніны ХVI - XVIII стагоддзяў, як мясцовых, так і іншаземных (Даніэль фон Бухаў, Ян Ласіцкі). Згодна розных паведамленняў, такія магнаты, як Радзівілы, Сапегі, Тызенгаўзы і іншыя мелі ўласныя калекцыі старадаўнасцей.

      Нейкіх звестак пра археалагічныя мерапрыемствы на тэрыторыі Старадарожчыны ў ХVI - XVIII стагоддзях не існуе. Але, безумоўна, жыхары гэтых зямель раз пораз знаходзілі старажытныя рэчы, бачылі ў вялікай колькасці курганы і гарадзішчы, чулі і перадавалі аб іх нашчадкам раней пачутыя паданні, складалі новыя. Напрыклад, шмат дзе ў Беларусі, знойдзеныя каменныя сякеры, сяляне называлі "перуновымі стрэламі" і лічылі, што менавіта пры дапамозе іх бог Пярун вынішчаў нячыстую сілу на зямлі.

      Толькі ў ХІХ стагоддзі, калі беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі, тут пачынаецца развівацца археалогія, дзе на аматарскім, а дзе і на прафесійным узроўні. На вялікі жаль, так званыя "любители древности", да якіх можна аднесці памешчыкаў ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў і "чорнакапальнікаў" ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў незваротна для нас знішчылі як матэрыяльныя, так і інфармацыйныя пасведчанні аб гістарычным мінулым на нашай зямлі. Памешчыкі лічылі прэстыжным мець уласныя калекцыі старажытных рэчаў і выхваляцца імі перад гасцямі. "Чорнакапальнікі" у сваю чаргу шукалі ў курганах і гарадзішчах незлічоныя багацці. Яны давяралі паданням мясцовых жыхароў аб тым, што старажытныя пахаванні, курганы - гэта шведскія ці французскія могілкі, дзе, разам з пахаваннямі вайскоўцаў, павінны знаходзіцца скарбы. Такія "аматары" пошукаў багаццяў руйнуюць і сёння гістарычныя помнікі на беларускай зямлі.

       Свой адбітак у разбурэнне помнікаў старажытнай гісторыі адыграла і гаспадарчая дзейнасць людзей. Але, як сёння прызнаюць археолагі, не вельмі інтэнсіўнае індустрыяльнае жыццё на Старадарожчыне дазволіла закансерваваць многія помнікі гісторыі дзеля далейшага вывучэння.

       Значны след у вывучэнні жыцця старажытных людзей на тэрыторыі Беларусі пакінула ХХ стагоддзе, а менавіта, з'яўленне беларускай нацыянальнай навукі. На жаль, Старадарожчыну, у параўнанні з некаторымі іншымі месцамі нашай краіны, археолагі наведвалі не так шмат. І ўсё ж, дзякуючы ім, на гэты момант складзена агульнае ўяўленне аб жыцці нашых прашчураў на тэрыторыі раёна ў самыя аддаленыя ад сучаснасці перыяды гісторыі.