Меч XV стагоддзя са Старых Дарог (малюнак з кнігі Анатоля Кірпічнікава)
У Маскве ў Дзяржаўным Гістарычным музеі Расіі сёння захоўваецца меч, пра які гаворыцца, што ён быў знойдзены ў Старых Дарогах Мінскай губерні . Звесткі і кароткія апісанні гэтай зброі далі ў сваіх кнігах вядомыя савецкія спецыялісты Марыя Дзянісава “Русская зброя ІХ – ХІХ ст.ст.” і Анатоль Кірпічнікаў “Старажытнаруская зброя”. Менавіта зыходзячы з гэтых работ і дадаткаў да іх зрабілі свае высновы сучасныя беларускія навукоўцы – Мікалай Плавінскі і Юры Бохан ды іншыя. Доступа пабачыць адзінкавуя каштоўную знаходку з нашай краіны і папрацаваць з ёй ужывую ў фондах музея сёння ў іх няма, як, напэўна, і вярнуць рэч у Беларусь.
На сённешні дзень вядома, што меч быў знойдзены ў1911 годзе ў зямлі каля станцыі Старыя Дарогі. Не вызначана, каля якой станцыі - чыгуначнай, на месцы сучаснага райцэнтра, ці шашыйнай, у вёсцы з такой жа назвай. І тая і другая станцыі ў тыя часы ўжо існавалі. Таксама вядома, што старажытны меч быў набыты на аўкцыёне ў Маскве, пасля чаго быў перададзены ў музей.
У сваім паведамленні Марыя Дзянісава ўзгадвае месца знаходкі мяча, як “…возле г. Бобруйска в селе Старая Дорога”, а Анатоль Кірпічнікаў як “Старая Дорога Минской губернии»
Вёска Старыя Дарогі з’яўляецца адной з найбольш старых у раёне. Першы ўспамін пра яе прыпадае на 1524 г. Чыгуначная станцыя ўзнікла ў 1896 г. Таму, верагодней за ўсё, меч са Старых Дарог быў знойдзены каля вёскі, ці каля яе ваколіц.
Паведамленне аб мячы з Дзяржаўнага Гістарычнага музея Расіі (1911 г.)
Даследчык Даленга –Хадакоўскі ў 1819 годзе каля вёскі Старыя Дарогі ўбачыў прыкметы вялікага землянога замка. На яго думку ён належыў дрыгавічам. Нават, калі меркаваць, што выяўлены замак выконваў важныя функцыі ў час існавання старажытнарускай дзяржаўнасці, то нельга выключаць, што і пазней, у перыяд ВКЛ, у гэтым месцы існаваў значны населенны пункт. У такім разе, верагодна, знойдзены меч мог належыць каму–небудзь з мясцовых жыхароў, абаронцаў ці захопнікаў.
У сувязі са знаходкай можна вылучыць некалькі версій. Першая звязана з будаўніцтвам у 1-й палове шашы Масква – Варшава і далейшым выкарыстаннем яе, як трасы міжнароднага значэння. Шаша праходзіць праз тыя і другія Старыя Дарогі. Зброя магла быць знойдзена пад час будаўніцтва, калі мясцовым сялянам дзеля пракладвання дарожнага насыпу трэба было капаць ў ваколіцах і весці да аб’екта зямлю. Нехта з іх, пры знаходцы мяча, мог перадаць яго кіраўніцтву, а тыя – далей. Таксама рэч маглі падараваць якому небудзь навукоўцу, ці аматару археалогіі, калі ён ехаў па ўжо існуючай шашы і спыніўся на адпачынак на паштовай станцыі ў вёсцы Старыя Дарогі.
Другая версія таксама звязана з чыгуначкай, якая была пракладзена да сучаснага райцэнтра ў 1896 годзе з боку Асіповіч, а з 1901 года будавалася ў бок Урэчча. Будаўніцтва шашы і чыгункі на тэрыторыі тагачаснай Старадарожчыны адбывалася праз дрыгву, таму будаўнікам патрабавалася шмат зямлі з ваколіц. Яе капалі паблізу. І недзе тут знайшлі дадзены аб'ект.
Згодна з трэцяй версіяй меч мог быць выпадкова знойдзены пад час нейкай археалагічнай экспедыцыі па за межамі вывучаемага аб’екта ці быць перададзены мясцовымі жыхарамі яе кіраўніку. Знаходку нельга было зафіксаваць да таго месца, якое даследвалі. Таму, верагодна, проста пазначылі : “Старая Дарога Мінскай губерніі”
Як вышэй узгадвалася, тэрыторыю Старадарожчыны, як часткі Бабруйскага павета, даследваў Зарыян Даленга-Хадакоўскі ў 1-й чвэрці ХІХ стагоддзя. Пазней, ён перадаў некаторыя свае матэрыялы ў Маскву. А ў 1844 годзе паведамленне пра населены пункт Дарогі, як вельмі старажытны, было надрукавана ў 7- м нумары “Русского исторического сборника” пад рэдакцыяй прафесара М. Пагодзіна. Тут ужо ўзгадваюцца Дарогі ў сувязі са слядамі старажытнай вялікай каменнай царквы ў месцы, дзе рэчка Гарадзянка ўпадае ў рэчку Арыжню. Узгадванне вялікай каменнай царквы – прызнак існавання тут значнага населеннага пункта, які маглі, акрамя Даленгі – Хадакоўскага, зафіксаваць іншыя даследчыкі. Разам з вывучэннем дадзенай мясцовасці, яны маглі нейкім чынам трапіць на меч.
Нельга выключаць і той магчымасці, што нехта з жыхароў, сам будучы, у Маскве перадаў зброю ў «Музей имени Его Императорского Высочества Государя Наследника Цесаревича» (сучасны Дзяржаўны Гістарычны музей Расіі), створаны ў 1872 годзе ці членам Маскоўскага археалагічнага таварыства (існавала з 1864 года).
Характарыстыка мяча наступная: агульная даўжыня — 105 см., даўжыня рамбічнага ў сячэнні клінка з гранню — 81 см. Шырыня клінка складае 4 см да крыжавіны і 1,7 см у трох сантыметрах ад вастрыя. Чаранок рукаяці, шырынёй 1,8 см. ля крыжавіны, плаўна звужаецца да навершша. Навершша дыскападобнае, тыпу G. Крыжавіна простая, са злегку пашыраннымі канцамі, тыпу 5 (?); даўжыня яе складае 21,3 см. Меч належыць да тыпу XVa, хаця адносна плаўнае звужэнне клінка да штыха надае яму пэўнае падабенства з тыпам XVII” – адзначаў навуковец Юры Бохан.
Меч са Старых Дарог, згодна з клісіфікацыяй Эдварта Аўкшота, Юры Бохан вызначыў як колючы паўтараручны. Але характарыстыка "грамтоны", дадзеная «Музеем имени Его Императорского Высочества Государя Наследника Цесаревича», фіксуе, што зброя была як колючай, так і рубячай. Такія мячы набылі попыт тады, калі стала цяжка прабіваць ці рэзаць удасканаленыя рыцарскія даспехі і параніць саперніка можна было толькі дакладным колючым ўдарам. Час выкарыстання такой зброі ХІV – XV стагоддзі.
Наверша тыпа G, згодна з класіфікацыяй – просты дыск, звычайна з крыху пукатымі паверхнямі. Тып 5 крыжавіны чымсці нагадвае гальштук – бабачку. Перакрыцці вельмі плоскія і пашыраюцца ў канцах.
Вялікую значнасць мячу са Старых Дарог надае прысутнасць на клінку выбітая выява, вядомая як ”пасаўскі ваўчок”. Такіх экспанатаў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, як вызначыў вядомы даследчык зброі Анатоль Кірпічнікаў, было зафіксавана на 1960-я гады толькі два. Адзін з іх належыў князю Даўмонту, які кіраваў Псковам з 1266 па 1299 гады. “На лезвии меча Довмонта (как и клинка из Старой Дороги)— «пассауский волчок», выбивавшийся на оружии примерно с ХIII века. Совершенно точную аналогию нашему мечу удалось отыскать на одном рыцарском изображении 1299 года. Меч Довмонта, единственный из сохранившихся до ныне древнерусских клинков, имеет свою «биографию» Пазней, у 1977 годзе кароткі меч, корд з “пасаўскім ваўчком” быў знойдзены каля беларускага горада Ліда.
У часы сярэднявечча лепшыя мячы вырабляліся ў гарадах Заходняй Германіі. Каб прадэманстраваць паходжанне зброі з рук выдатнага майстра і адпаведны знак якасці, у ІХ – Х стагоддзях збройнікі пачынаюць свае вырабы неяк пазначаць. Падробка арыгінальных рэчаў у тыя часы вельмі жорстка караліся цэхавымі і гарадскімі законамі. Майстры з заходненямецкага горада Пасаў, якія лічыліся ў Еўропе ХІІІ – ХV стагоддзяў аднымі з самых лепшых спецыялістаў, на клінку рабілі таўро бягучага ваўка.
Аналагічны старадарожскаму меч князя Даўмонта з "пасаўскім ваўчком" у Пскове.
Мяркуецца, што такі знак якасці пасаўскія збройнікі перасталі рабіць недзе ў 1500 годзе. На законных падставах яго да пачатку ХVІІ стагоддзя выкарыстоўвалі майстры іншага нямецкага горада – Залінгена. Але ў залінгенскіх спецыялістаў воўк меў раскрытую пашчу, у пасаўскіх – не.
"Пасаўскі ваўчок"на мячы са Старых Дарог
На мячы са Старых Дарог маецца выява ваўка з закрытай пашчай. Значыць, ён быў зроблены ў горадзе Пасаў да 1500 года.
Эдварт Аўкшот і ншыя даследчыкі зброі зрабілі выснову, што такія мячы, як старадарожскі тыпу XVa, вырабляліся недзе ў 1350-я – 1420-я гады, а тыпу XVІІ – у 1335 – 1425 гадах. Але гэта не азначае, што зробленая недзе ў ХІV –ХV стагоддзях зброя магла не ўжывацца і пазней, у ХVІ і нават у ХVІІ стст., як у вайсковых, так ў рытуальных і цырыманіяльных мэтах.
Улічваючы тое, што, зафікаваны ў Дзяржаўным Гістарычным музее Расіі "грамтоный меч" са Старых Дарог – рэч як сёння, так і ў ранейшыя часы вельмі каштоўная і вельмі дарагая ў грашовым вызначэнні, адразу можна сказаць, што належыць ён мог заможнаму чалавеку, шляхціцу ці магнату, а магчыма і еўрапейскаму рыцару, трапіўшаму сюды па ваенных справах (крыжаку ці наёмніку). Магчыма, гэта – трафей, захоплены нашым земляком пад час нейкай бітвы з заходнееўрапейскім супернікам. Нельга выключаць, што гэта бітва магла быць Грунвальдскай.
На тэрыторыі сучаснай Старадарожчыны нейкіх буйных бітв у ХІV –ХVІІ стагоддзях навукоўцамі не зафіксавана, як гарадоў і буйных рэзідэнцый феадалаў. Толькі засталіся народныя паданні і незразумелыя назвы мясцін.
Савецкі даследчык старадаўняй зброі Марыя Дзянісава адзначае: “Пры археалагічных раскопках на тэрыторыі Расіі знаходзяць часам мячы XIV – XV стагоддзяў, якія дазваляюць судзіць аб іх форме ў гэты перыяд. У Дзяржаўным Гістарычным музеі ёсць узоры мячэй, якія адносяцца да гэтага часу. Клінкі гэтых мячэй вузкія, ромбавіднага сячэння, набліжаныя да шпагі. Крыжавіна і рукаяць значна даўжэй, чым у больш ранніх мячэй, набалдашнік шарападобнай формы Падобныя мячы былі знойдзены каля г. Бабруйска у сяле Старая Дарога” З апошняга сказа вядомага навукоўца вынікае, што меч са Старых Дарог – не адзінкавы, а іх два ці некалькі. Калі гэта не памылка, тады можна зрабіць выснову, аб тым, што іх з’яўленне ў нашых месцах – не выпадковасць, а вынік нейкіх значных гістарычных падзей, пра якія пакуль нічога не вядома. І калі ж такіх унікальных мячоў, ці іх фрагментаў больш за аднаго, які ж тады іх лёс?
Мяркуемае месца знаходкі старадарожскага мяча (Карта Шуберта)