ДАСЛЕДАВАННІ ЗАРЫЯНА ДАЛЕНГІ-ХАДАКОЎСКАГА

Карта Шуберта

 У раённую кнігу "Памяць" не патрапілі звесткі пра вынікі даследчай дзейнасці на тэрыторыі Старадарожчыны першага афіцыйнага ў Расійскай імперыі археолага, ураджэнца Случчыны, Зарыяна  Даленгі - Хадакоўскага (1784 - 1825). Напалову навуковец, напалову летуценнік, ён неаднаразова бываў у нашым краі. Вынікам яго даследаванняў сталі ўзгадванні ў артыкулах і справаздачах некаторых населенных пунктаў Старадарожчыны, якая ў пераважнай сваёй большасці ўваходзіла ў Бабруйскі павет Мінскай губерні. Так, у сваім артыкуле "Адшуканні датычна рускай гісторыі" ад 1819 г. Даленга - Хадакоўскі паказваў на наяўнасць каля вёскі Старыя Дарогі слядоў вялікага старажытнага гораду. Акрамя таго, ён лічыў, зыходзячы з нейкіх уласных меркаванняў і высноў, што першапачаткова цэнтр племянога саюза дрыгавічоў размяшчаўся на тэрыторыі сучаснай Старадарожчыны, а не ў раёне сучаснага Турава. Ён пісаў: "Я бачыў ў Бабруйскім павеце у сяле Старых Дарогах (бо ёсць і Новыя) старажытны земляны замак, то можна згадзіцца, што тут пачатак гэтых драговічаў (дрыгавічоў)". На жаль, разведкі, праведзеныя мясцовымі краязнаўцамі, плёну не прынеслі. Слядоў чалавечай дзейнасці, як і слядоў старажытнага паселішча часоў існавання Тураўскага княства Х - ХІІІ стагоддзяў, у  раёне вёскі Старыя Дарогі знойдзена не было. Але, зыходзячы з ландшафтных асаблівасцей мясцовасці, можна меркаваць, што рэшткі замка, якія адкрыліся першаму ў Расіі археолагу, знаходзіліся на паўночным захадзе ад населеннага пункта. 

       Адной з прыкмет незвычайнасці гэтай мясціны можа быць наяўнасць тут урочышча з загадкавай назвай Князеў Студзень, пазначанай на адной з ваенных савецкіх карт. Як пісаў у іншых сваіх паведамленнях Даленга - Хадакоўскі, слова "князеў" магло выкарыстоўвацца славянамі ў дачыненні да вельмі важных стратэгічных аб'ектаў. 

Акрамя таго ў сваім артыкуле Даленга - Хадакоўскі ўзгадвае аб убачанных ім каля Новых Дарог фрагментах падмурка старажытнай мураванай царквы, што для Паўднёвай Беларусі, згодна яго слоў, вялікая рэдкасць.

Узгаданы даследчык не заўсёды дакладна называў месцы сваіх раскопак ці ўвогуле іх не называў, але беларускі археолаг Людміла Дучыц сцвярждае, што існуе вялікая доля верагоднасці правядзення даследванняў і на землях нашага раёна. Справа ў тым, што ён цікавіўся старажытнымі помнікамі ў басейне Пцічы, бо па гэтай рацэ ішло адгалінаванне шляху "з варагаў у грэкі".

      У сваім пісьме Каролю Чарноцкаму ў 1821 годзе даследчык выказвае меркаванне аб існаванні ў раёне вёскі Горкі гарадзішча. Вось толькі сёння нават неўтаймаваная фантазія не дазваляе хоць прыблізна меркаваць, дзе яно знаходзілася.

    Матэрыялы навуковай дзейнасці пазней былі перададзены прафесару гісторыі Маскоўскага універсітэта Міхаілу Пагодзіну (1800 -1875), які даў высокую адзнаку даследванням Даленгі - Хадакоўскага і надрукаваў матэрыялы па іх выніках ў 7 томе зборніка Рускага гістарычнага таварыства за 1844 год. Там напісана наступнае: "Дороги мъстечко (старое) въ Бобруйск. повет - близъ Городища что при ръчке Городзянкъ, текущей въ Оризну; съ прав. стор. здъсь видны остатки каменной церкви, что есть ръдкостью в здъшнем краъ, и гостинецъ поросшій лесом, бывшій нъкогда изъ Глуска въ Слуцкъ. Вероятно сіе мъсто было главной волостію, по которй назывались Дороговичи, или Драговичи, одного наречія съ Кривичами."

        Даленга - Хадакоўскі шмат цікавіўся тапанімікай і фальклорам славянскіх народаў, на падставе якіх рабіў свае высновы аб нейкіх гістарычных падзеях. Яго працы з цікавасцю вывучаў пісьменнік Мікалай Гогаль.

         Але  многія з навукоўцаў ставяць пад сумненне некаторыя высновы даследчай дзейнасці Зарыяна Даленгі - Хадакоўскага. Сабраны археалагічны матэрыял, як і інфармацыю, верагодна, ён так таксама перадаў прафесару Пагодзіну.

Яшчэ адным вынікам дзейнасці Даленгі - Хадакоўскага стала неверагодная папулярнасць у гэты час сярод памешчыкаў і інтэлігенцыі, правядзенне пошукаў помнікаў старажытнасці і іх вывучэння, асабліва курганоў Х - ХІІ стагоддзяў. Гэта прывяло да адваротных вынікаў. Так, некаторыя землеўласнікі, не валодаючы хоць нейкімі археалагічнымі ведамі, у пошуках скарбаў ці проста "диковинных предметов старины", прымушалі сваіх прыгонных раскопваць курганы, вымаць усё іх начынне. Пасля чаго цікавае, на іх погляд, забіралася ў асабістую калекцыю, а непатрэбнае выкідалася. Такім чынам, шмат важнай, цікавай інфармацыі было згублена для навукі ў ХІХ стагоддзі.

 

“Тое самае знойдзем … у Дарогах”  "Разыскания касательно русской истории" (29 липца 1819 г.)

“У старажытным мястэчцы дарагавічоў (драгавічоў) пры рацэ Гарадзенцы, якая цячэ пасярэдніцтвам Арызны у Пціч з правага боку ў Бабруйскім павеце…, - таксама вядомы гарадзішчы”. “Гістарычная сістэма Хадакоўскага” (1823 – 1824)

“Вярнуўшыся адтуль, я маю намер падацца памежжам славян з лівамі, латышамі, Літвой аж да Райгараду ў Каралеўстве Польскім, потым праз Старыя Дарогі ў Бабруйскім павеце…”  Лукашу Галамбеўскаму (23 сакавіка 1820)

“Каля Райцы і Скорак, над рэчкай Белакапыткай, таксама павінна быць гарадзішча. Як і каля Горак і Слуцка” пісьмо Каролю Чарноцкаму (22 снежня 1821 г.)

“Уласнікі паселішча Старых Дарог у Бабруйскім павеце і Сполы – мястэчка на рацэ Споле ў Звеніградскім павеце, абяцалі даставіць мне падрабязнае апісанне гэтых пунктаў першапачатковых драгавічоў і палян.” “Праект навуковага падарожжа па Расіі для тлумачэння старажытнай славянскай гісторыі” (18 сакавіка 1820)

"Дороговичи - по возвращеннии Минска, Изьяславля, Логойска и Борисова полочанам, остаются, впрочем бесспорно. Я видел в Бобруйском повете в селе Старых Дорогах (ибо есть и Новые) древний земляной замок, то можно согласиться, что здесь начало сих драговичей или дороговичей". "Разыскания касательно русской истории" (29 липца 1819 г.) 

Аднавярстовая карта Беларусі 1910 г.