У 1892 годзе ў № 9 «Весніка археалогіі і гісторыі» выйшла справаздача нейкага невядомага Мікалая Мышанкова аб даследваннях курганных пахаванняў Бабруйскага павету, у якой аўтар распавядае об сваёй археалагічнай дзейнасці на тэрыторыі Навадарожскай воласці ў 1888 годзе. Магчыма, ён з'яўляўся сваяком палажэвіцкай памешчыцы Ліліі Мышанковай. Прозвішча Мышанкова фігуруе ў сувязі з адкрыццём у Пятровічах (невядома, Бабруйскіх ці Старадарожскіх – В. Ю.) адзінай у Расіі школы хмеляводства.
У адрозненні ад М. Янчука, М. Мышанкоў апісвае кожны курган, характар пахавання нябожчыка і знойдзеныя артэфакты. Вывучаныя ім старажытныя насыпы ён назваў навадарожскай групай.
Увогуле Мікалаем Мышанковым у Навадарожскай воласці Бабруйскага павету было раскапана і даследавана чатырнаццаць курганоў. Аб некаторых рытуальных асаблівасцях, рэштках і знаходках даследчык пакінуў падрабязную інфармацыю. У курганах каля вёсак Макарычы, Кармазы і Лагі М. Мышанкоў знайшоў тыя ж самыя спосабы пахавання, што і раней узгаданы М. Янчук каля Языля. У старажытных пахаваннях разам з касцякамі быў выяўлены попел. Гэта, як і ў выпадку з вынікамі даследванняў Янчука, сведчыць аб суіснаванні ў людзей таго часу паганскіх, так і адначасова хрысціянскіх традыцый. Акрамя таго, у адзінкавых курганах былі знойдзены сляды дрэва, якое спарахнела. Гэта паказвае на пахаванні нябожчыкаў у трунах, чаго не рабілася да гэтага, і што ў сваю чаргу прымушае меркаваць пра ўмацаванні ўжо на гэтых землях хрысціянскай рэлігіі. Труны маглі рабіць у выглядзе калод – даўбёнак.
Пры апісанні пахавальнага інвентару М. Мышанкоў паказвае на тое, што ў некаторых з курганоў ён даволі бедны і абмяжоўваецца глінянымі гаршкамі і простымі прыладамі працы. Але ж у той самы час у іншых ён убачыў сярэбраныя, медныя і шкляныя ўпрыгажэнні, якія трапілі у гэтыя мясціны з іншых зямель. Гэта – пярсцёнкі, як суцэльныя вітыя, так і з дроту, пацеркі з карычнявай масцікі, упрыгожаныя белымі і сінімі папярочнымі палоскамі, медальён, шарыкі з напаянай зерню, бранзалеты і шмат іншага. Даследчык падкрэсліваў, што падобныя знаходкі былі выяўлены і ў іншых паўднёвых раёнах Беларусі і адзначаў, што старажытныя жыхары нашых зямель былі прадстаўнікамі аднаго племені ці племяннога саюза. Таксама навуковец, зыходзячы з багацця і характару пахаванняў падкрэсліваў, што ў людзей таго часу ўжо існавала сацыяльная няроўнасць.
Акрамя таго Мікалай Мышанкоў распавядаў, што за некалькі гадоў да яго навуковай акцыі у 1888 годзе памешчыкамі, “аматарамі старажытнасцей” было раскапана дзесяць курганоў каля вёскі Будзенічы, дзе былі знойдзены ідэнтычныя курганам каля вёсак Макарычы і Кармазы прыкметы і знаходкі. Але ніхто нічога з капальнікаў не фіксаваў.
Сёння невядома, дзе апынуліся знойдзеныя артэфакты, ці ў нейкім музеі, ці ў прыватнай калекцыі аднаго з “аматараў даўніны”. Між тым невядома і аб лёсе знойдзеных рэчаў самім Мышанковым каля вышэй узгаданых вёсак.
Калі рабіць агульную выснову па выніках раскопак М. Янчука і М. Мышанкова, можна казаць, што імі былі даследаваны прадстаўнікі адной племянной групы а дакладней - дрыгавічы. Гэта падцвярждае характар пахавальнных традыцый і падабенства рытуальнага інвентара.