Пра непажаданых аматараў вывучэння дрыгавіцкай спадчыны на Старадарожчыне, памешчыкаў, узгадваў яшчэ адзін даследчык ХІХ стагоддзя Мікалай Мышанкоў, які праводзіў раскопкі на нашых землях у 1886 годзе. Ну а за два гады да яго наведалі тэрыторыю тагачаснай Старадарожчыны этнограф, антраполаг, археолаг Мікалай Янчук (1859 - 1921) і антраполаг Канстанцін Ікаў (1859 - 1895). Яны, як толькі патрапілі ў цэнтральныя рэгіёны Беларусі, апантанна сталі займацца даследніцкай працай, выцягваючы любыя прыхаваныя данныя аб яе жыхарах і кладучы іх ў агульны кош ведаў пра беларусаў, іх мінулае і тагачаснае, пачынаючы ад самай старадаўняй гісторыі і фальклору і скончаючы вывучэннем антрапалагічных адрозненняў беларусаў ад прадстаўнікоў іншых славянскіх груп (антрапалогія - навука, якая вывучае працэс развіцця чалавека і чалавецтва пад уплывам прыроды - В. Ю.). Навукоўцы наведалі некаторыя вёскі нашага края, а каля Языля арганізавалі археалагічныя раскопкі курганоў, якія былі насыпаны дрыгавічамі. А ў 1889 годзе Мікалай Янчук выдаў кнігу па "Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 годзе)". Яе арыгіналы знаходзяцца ў маскоўскай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна і Прэзідэнцкай бібліятэцы імя Б. М. Ельцына. Дарэчы, у кніжцы можна знайсці шмат этнаграфічнага матэрыяла з некаторых вёсак тагачаснай Старадарожчыны. Узгадваецца аўтарам таксама і камень каля вёскі Паставічы з выбітымі на ім крыжам і старажытнарускімі надпісамі.
М. Янчук і К. Ікаў яшчэ у тыя засы зафіксавалі знаходжанне каля Языля наяўнасць трох могілак, якія, між тым, і сёння існуюць у вёсцы. На адных з іх і былі праведзены раскопкі старажытных курганоў.
А зараз звернемся да інфармацыі аўтара, якую ён пакінуў у кнізе: "Пры мне раскапана шэсць вялікіх курганоў, у тым ліку і той, які знаходзіўся за мяжой могілак, а таксама адзін маленькі. У апошнім нічога не знайшлося, акрамя вельмі малой колькасці вуглёў и парэшткаў спаленых костак, якія былі не на дне кургана, а блізка ад паверхні і неяк збоку. У беларускіх і літоўскіх курганах нярэдка знаходзілі ясныя прыкметы старажытнага пахавальнага звычаю, менавіта спальвання памёрлых: адкапывалі нават рэшткі вогнішча з абпаленымі косткамі, ці посуд з попелам ад абпаленага нябожчыка. і г.д. Але ў дадзеным выпадку цяжка ўбачыць падобныя прызнакі і вось чаму. Ва ўсіх астатніх курганах, якія тут знаходзяцца, выяўлена па аднаму шкілету, пры тым, у некаторых, прыблізна на палове вышыні, паказывалася сажа. Таму трэба думаць, што ў маленькім кургане таксама быў шкілет, але ён паспеў канчаткова спарахнець і пераўтварыцца ў прах, ці таму, што гэты курган больш старажытны за іншыя, ці таму, што ў ім было закапана дзіця, чым можна патлумачыць і меньшую велічыню кургана".
Мікалай Янчук паведамляў, што вакол курганоў былі бачны канаўкі, адкуль бралі зямлю для насыпу. Знойдзеныя шкілеты пакладзены на захад, у бок, дзе спыняецца дзень, памірае сонца і, адпаведна са старажытным светапоглядам, сканчываецца жыццё. Яны былі пакладзены на ўзроўні матэрыка, а не пакладзены, як у больш позні час, у выкапаныя ямы. Каля касцякоў пахаваных людзей даследчык знайшоў попел. Гэта сведчыць аб тым, што пахаванні рабіліся на мяжы Х - ХІ стагоддзяў, у той час, калі хрысціянства яшчэ не ўмацавалася, а паганства яшчэ не адышло. Са з'яўленнем хрысціянства целы людзей, якія памёрлі, ўжо не спальвалі, а проста засыпалі зямлёй, пазней сталі капаць для іх ямы. Агонь з'яўляўся галоўным атрыбутам паганства, які, на іх думку, меў ачышчальную моц.
Менавіта ў гэты пераходны перыяд нашы продкі перад пакладаннем нябожчыка на зямлю распальвалі вогнішча і на ўжо халодныя вугольчыкі клалі цела суродзіча.
Пры вывучэнні знаходак Мікалай Янчук звярнуў увагу на тое, што ў адным з курганоў, які належыў жанчыне, былі знойдзены чатыры сярэбраных пярсцёнкі, а таксама шкляныя пацеркі. Апошнія, пра што ўжо сёння добра вядома, з'явіліся ў нашых землях з далёкіх замежных тэрыторый. І сам навуковец, не валодаючы тымі дадзенымі, якія ў нашы дні ёсць у яго сабратоў - даследчыкаў, яшчэ ў ХІХ стагоддзі зрабіў выснову аб наяўнасці кантактаў, прамых ці ўскосных, мясцовага насельніцтва з прадстаўнікамі іншых краін. У другіх курганах знаходкі былі небагатыя.
Акрамя таго, Янчук зафіксаваў даволі незвычайны метад народнага лекавання, які, на яго думку, меў старажытныя карані. Пад час раскопак аднаго з курганоў каля Языля да даследчыкаў падышла мясцовая жанчына і папрасіла даць зуб адкапанага нябожчыка, які жыў недзе ў Х - ХІ стагоддзі дзеля таго, каб прыкласці яго да сваёй шчакі пад час болю ўласнага зуба. У тыя часы такое было немагчыма, таму лекаваліся зёлкамі, замовамі, малітвамі, рознымі народнымі сродкамі.
Як ужо казалася, Янчук не імкнуўся вызначыць, да якога племяннога саюза належылі жыхары, якія насялялі тую ці іншую тэрыторыю. Ён проста разам з Ікавым канстатаваў вынікі даседванняў. Выкарыстоўваючы археалагічныя і антрапалагічныя дадзеныя, навукоўцы знайшлі як падабенства беларусаў з прадстаўнікамі іншых славянскіх плямёнаў, так і некаторыя адрозненні. У сваёй кнізе Янчук выказаў пажаданне на дзяржаўным узроўні зафіксаваць усе старажытныя аб'екты і сачыць за іх станам.
Ну і ўжо напрыканцы пра акцыю Мікалая Янчука і Канстанціна Ікава трэба прыгадаць такую кур'ёзную асаблівасць. Даследчыкі вымяралі чарапы як адкапаных нябожчыкаў, так і тагачасных жыхароў беларускіх вёсак. Ну і калі з першымі не існавала ні якіх праблем, дык жывыя людзі выяўлялі агрэсію. Яны лічылі, што падобныя вымярэнні могуць іх сурочыць, прынесці шкоду здароўю.
Яшчэ адным помнікам старажытнасці і эпіграфікі, зафіксаваным Мікалаем Янчуком на Старадародчыне, стаў камень каля в. Паставічы
"Немалымъ уваженіемъ и почитаніемъ польуются также камни съ надписями, въ особенности если надпись непонятна для народа. Такіе памятники называются „писанными камнями". Мне встретился такой камень по дороге изъ г. Слуцка въ Бобруйскъ въ Новодорожской волости, близь деревни Пастовичи. Онъ довольно большихъ размеровъ полукругомъ, покрытъ высеченными надписями, которыя никому до сихъ поръ, равно какъ и мне , не удалось прочесть. Около сего крестъ, на камне икона."
Н. Янчук “По Минской губернии” (Заметки из поездки в 1886 году)
Москва 1889