КРЫВАЛЬЦЭВІЧ МІКАЛАЙ МІКАЛАЕВІЧ

Крывальцэвіч Мікалай Мікалаевіч

(нарадзіўся 1 студзеня 1958)


Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства, кандыдат гістарычных навук.

Нарадзіўся, паводле афіцыйных дакументаў, 1 студзеня 1958 года. Сапраўдны Дзень нараджэння - 5 снежня 1957 года. Месца нараджэння - В. Канстанцінаўка (да 1960-х гг. Сярэдзібор) Любанскага раёна Мінскай вобласці. У 1982 годзе скончыў гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ім. М. Горкага, а ў 1987 годзе - аспірантуру па спецыяльнасці "археалогія" Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

У 1991 г. у Інстытуце археалогіі НАН Украіны абараніў дысертацыю кандыдата гістарычных навук “Бронзавы век цэнтральнай часткі беларускага Палесся” (навуковы кіраўнік – доктар гістарычных навук Л. Д. Побаль).

Сфера навуковых інтарэсаў:

З 1985 г. праводзіць самастойныя археалагічныя даследаванні. Раскопкамі вывучыў больш за 30 старажытных паселішчаў і магільнікаў. Адкрыў некалькі соцень новых археалагічных помнікаў на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі. Асноўная тэма даследавання - позні неаліт і бронзавы век Паўднёвай Беларусі (III - пачатак I тыс. да н.э.). Вывучае праблемы: культурнай ідэнтыфікацыі, перыядызацыі і храналогіі помнікаў позняга неаліту і бронзавага веку, гаспадарчай дзейнасці і асваення прыродных рэсурсаў, гандлю, абменных і камунікацыйных шляхоў, развіцця пахавальнай абраднасці, сацыяльнай структуры, асобных пытанняў вераванняў, мастацкай культуры, тэорыі археалогіі, музейнай археалогіі. Прапанаваў новы варыянт культурна-храналагічнай ідэнтыфікацыі, перыядызацыі і абсалютнай храналогіі паўднёвабеларускіх помнікаў позняга неаліту і бронзавага веку, абгрунтаваў новыя ідэі па праблеме культурных зменаў на тэрыторыі Беларускага Палесся ў III - пачатку I тыс. да н. э., вылучыў некаторыя групы і тыпы помнікаў, тыпы старажытных вырабаў, элементы і традыцыі заходне-цэнтральнаеўрапейскіх, а таксама стэпавых і лесастэпавых культур у неаліце ​​і бронзавым веку Беларусі, вызначыў некаторыя асаблівасці сацыяльнай структуры і пахавальных абрадаў, старажытныя камунікацыйныя і абменныя шляхі III — II тыс. да н.э., распрацаваў гісторыю развіцця гандлю ў першабытны час на тэрыторыі Беларусі і інш. Актыўна працуе ў сферы выратавальных археалагічных даследаванняў у зонах будаўніцтва. У 1988 г. разам з іншымі спецыялістамі ў якасці археолага-эксперта ўдзельнічаў у эксгумацыі месца масавых расстрэлаў 1930-ых - 1941 гг. ва ўрочышчы Курапаты каля Мінска, апублікаваў шэраг артыкулаў і з'яўляецца суаўтарам некалькіх манаграфій па выніках вывучэння курапацкіх магіл.