Кліменя Людміла

...Час ад часу сустракаеш у жыцці людзей, у якіх нібы заўсёды гучыць у душы своеасаблівая музыка, мелодыя іх лесу. У адных гэта песня - сумная, у другіх - летуценная, а ў нейкага і бесшабашна-вяселая...

У Людмілы Іванаўны Клімені гэта чысты, пранізлівы напеў аб любві да Радзімы, да дзяцей, да сваёй педагагічнай працы. Ён гучыць у кожным яе вершы, адлюстроўваецца ў выразе яе добрых вачэй, чуецца ў пералівах шчырай гаворкі.

Паэзія ўвайшла ў яе жыцце з самага дзяцінства. У невялічкай вёсачцы Канатоп Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці нарадзілася яна ў вялікай сям'і, дзе гадаваліся пяцера дзетак. Маці - Марыя Рыгораўна Шчарбук, была настаўніцай у малодшых класах, сялянскай гаспадыняй і ў той жа час - паэткай. Маленькая Людачка на свой дзень нараджэння атрымлівала ад мамы віншаванні ў вершах.

Мабыць, пад уплывам матулі паступіла Людміла ў Пінскае педагагічнае вучылішча імя Пушкіна, затым скончыла БДУ (гістарычны факультэт). Пачынала працаваць у Брэсцкай вобласці, потым - у вёсцы Закальное Любанскага раёна. I вось ужо 11 гадоў плённа працуе ў Салігорскай сярэдняй школе № 11. Плённа, таму што не проста вядзе ўрокі ў пачатковых класах, а вучыць дзяцей любіць беларускую мову, прыроду, арганізавала лялечны тэатр "Церамок", у якім артысты - самі дзеткі. Свой педагагічны вопыт Людміла Іванаўна абагульніла ў навуковай працы "Роля беларусазнаўства ў выхаванні і развіцці творчай і нацыянальнай свядомасці асобы вучня пачатковых класаў у сучаснай школе". Не так даўно Л.І.Клімені прысвоена званне "Настаўнік вышэйшай катэгорыі". І есць за што! Дзеці з яе 2"Б" не толькі паглыблена вывучаюць англійскую мову, але і праходзяць курс развіцця творчага мыслення, удзельнічаюць у тэматычных вечарынах, якія Людміла Іванаўна арганізоўвае, самі пішуць вершы ў створаным настаўніцай клубе "Расінка". Да того ж выконваюць ролі ў лялечнай інсцэніроўцы беларускай народнай казкі "Добры розум - вялікая сіла". Так што школьнае жыцце вакол Людмілы Іванаўны кіпіць і бурліць...

Мо таму школа займае такое вялікае месца ў яе вершах. Яна піша аб вучнях і настаўніках, аб тым, што з'яўляецца яе наваколлем кожны шчаслівы дзень. А ў тым, што яна - чалавек шчаслівы, вы можаце упэўніцца, прачытаўшы верш "Сябе шчаслівай адчуваю..."

I галоўны падмурак яе шчасця - гэта сям'я: муж Мікалай Міхайлавіч, горнарабочы ачышчальнага забою 2-га рудніка, і дзеткі - васемнаццацігадовы Руслан, студэнт трэцяга курса горна-хімічнага тэхнікума, Віталь, што вучыцца ў дзевятым класе, і дачушка Алена, сямікласніца. Дарэчы, апошняя, як некалі сама Людміла Іванаўна ад

сваёй маці, пераняла ад яе любоў да паэзіі, ужо друкуецца ў дзіцячых выданнях... 

Творы Л.Клімені

Книги


У часопісах і зборніках


Пра творчасць Л. Клімені