Касцёл святога Роха.
Гісторыя касцёла пачынаецца ў 1433 годзе. Тады ўпершыню прыгадваецца ў гістарычных дакументах вёска Груздава. Назва гэта дайшла да нас праз некалькі вякоў з тых далёкіх і трагічных дзён, калі паміж вёскамі Палачаны, Капачы і Груздава адбылася бітва паміж дружынамі князёў Свідрыгайлы і Жыгімонта. Бітва была такая крывавая, што даліна стала барвовай, а поле і сення называецца Чырвонай валокай.
Легенда расказвае, што адзін з уцалелых рыцараў доўга блукаў па навакольных густых лясах, пакуль не явіўся яму абраз найсвяцейшай Марыі панны, які вывеў яго да беднай хаты мясцовага селяніна, і той даў яму прытулак. У падзяку за такую ласку багаты рыцар даў селяніну лесу для яго сыноў, і такім чынам вьрасла вёска Блудава. Лічыцца, што легендарным рыцарам быў Андрэй Саковіч. Быў ён намеснік полацкі, уладальнік многіх маёнткаў, у тым ліку і маёнтка Аборак.
У 1443 годзе Саковіч пабудаваў у гэтым маёнтку касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Троіцы ў размешчаным за 1,5 вярсты ад сядзібы Груздове пры дарозе праз паселішча. Такім чынам, ужо тады ўзнікла падвоеная назва парафіі – Груздова – Аборак.
У 1475 годзе сын фундатара Багдан значна павялічыў фундуш касцёла.
На гэтым жа месцы ў Груздове ў1720 годзе была ўзведзена драўляная святыня. А ў Аборку, у цэнтральнай частцы маёнтка, на скрыжаванні галоўных вуліц пабудавалі драўляную капліцу з цудадзейным абразом святога Роха, які лічыўся апекуном маёнтка.
У другой палове ХVIII стагоддзя на гэтыя мясціны абрушылася нашасць, якая рэзка павялічыла колькасць пахаванняў каля касцёла ў Груздове. Мабыць з жаданнем пасунуць святыню з “халерных могілак” і звязаны яе перанос у 1778 годзе на месца капліцы. Ажыццявіў гэта князь Францішак Агінскі, кухмістр літоўскі. Цудадзейны абраз святога Роха выратаваў тутэйшае насельніцтва ад халеры, ён застаўся ў новым касцёле. Ды і сам касцёл атрымаў імя святога Роха. Поўная тагачасная назва касцёла такая - касцёл Найсвяцейшай Троіцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі панны і святога Роха.
Святы Рох.
Папа Ян Павел II сказаў, што “святыя з’яўляюцца людзьмі васьмі блаславенняў”. Што гэта азначае? Перад усім тое, што яны прагнуць справядлівасці і іх часта пераследуюць. Гэта ім належыць Валадарства Нябеснае і гэта яны будуць названыя сынамі Божымі. Хоць яны і былі звычайнымі людзьмі і часта да канца сваіх дзён змагаліся са спакусамі і слабасцямі – эгаізмам, высакамернасцю ці выбуховым характарам, - “уся іх чалавечнасць пранікнута святлом Хрыста.” Цяпер, знаходзячыся ўжо каля самай Крыніцы гэтага святла, яны хочуць, каб святло Хрыста пранікла ў нашыя душы. Менавіта таму Ян Павел II назваў іх пасрэднікамі паміж небам і зямлёй. “Гэта, дзякуючы ім, Бог аб’яўляецца і становіцца бачны, а таксама прысутны сярод нас.”
Гісторыя культу святых пачынаецца ў сярэдзіне 11 стагоддзя. Спачатку ўшаноўвалі хрысціянскіх мучанікаў, якія далі самае высокае сведчанне веры – сваё жыццё. Пашану аддавалі таксама вернікам, якія ў часы пераследаванняў мужна зносілі катаванні, зняволенне і выгнанне; Апосталам, бо яны былі першымі сведкамі Хрыста, а таксама аскетам і цнатлівым асобам у сувязі з іх надзвычайным наследаваннем Хрыста.
Кананізацыя людзей, годных гэтага, здзяйсняецца і сёння. Але колькі на самай справе існуе святых – ведае толькі Айцец Нябесны. Кожны са святых з’яўляецца для нас прыкладам. Усведамленне іх існавання надае нам сілы, прыклад іх жыцця і веры, змагання са слабасцямі, вытрымкі ў цярпеннях вельмі дапамагае ў штодзённым жыцці.
Пра святога Роха захавалася няшмат дакладных звестак. Пачынаючы з ХV стагоддзя, культ яго як апекуна пры заразных хваробах распаўсюдзіўся ў многіх краінах. У некаторых мясцовасцях яго залічваюць нават да 14 заступнікаў у цяжкіх жыццёвых абставінах.
Рох – з франц.roche(“скала”). Раней не звярталі ўвагі на дату народзінаў, большую вартасць надаючы фактам з жыцця святых. Вядома, што жыў гэты святы на пачатку ХIV стагоддзя, паходзіў з Манпелье (партовы горад на поўдні Францыі). Яго бацькі былі багатымі і вельмі набожнымі, яны доўгі час не мелі дзяцей, свайго адзінага сына Роха яны вымалілі ў Бога праз шчодрую дабрачыннасць.
Паводле легенды св. Рох нарадзіўся са знакам крыжа на грудзях. Ён рана застаўся сіратою. Кіруючыся евангельскай парадай:”Калі хочаш быць дасканалым, ідзі,прадай усё, што маеш, і раздай бедным, і будзеш мець скарб у небе”(гл. МЦ 19, 21), малады Рох раздаў усю маёмасць бедным і, як жабрак, з кіем у руцэ пілігрымам пайшоў у Рым. Па дарозе, у мястэчку Аквапэндэт яго напаткала эпідэмія чумы і ён застаўся дапамагаць хворым. Як узнагароду за самаахвярнасць Бог адарыў яго дарам аздараўляць хворых на чуму, чынячы над імі знак крыжа.
Праз 3 гады Рох выбраўся на радзіму, але па дарозе зноў затрымаўся ў П’яцэнзе з-за эпідэміі чумы і сам захварэў. Каб не займаць ложак у шпіталі, ляжаў знясілены ў шалашы за горадам. Сабака прыносіў яму штодзённа ежу. Потым яго знайшоў гаспадар сабакі і пачаў дапамагаць яму. Калі Рох цудоўным чынам, мяркуюць, што з дапамогай анёла, выздаравеў, ён прадоўжыў шлях у Францыю, але на мяжы быў затрыманы памежнымі вартаўнікамі і зняволены як шпіён. Яго катавалі падчас допытаў.
Катаванні і 5 пакутлівых гадоў у халодным падзямеллі зрабілі сваё і св. Рох цяжка захварэў і памёр. Легенда падае, што ў вязніцы дзе памёр св. Рох знайшлі картку з надпісам “Той, каго закране зараза і хто будзе прасіць паратунку ў св. Роха як у свайго заступніка і апекуна, ачуняе.
Толькі пасля смерці справядлівасць узяла верх – жыхары роднага горада Манпелье забралі цела св. Роха і пахавалі яго ў парафіяльным касцёле. Пазней рэліквіі св. Роха былі перанесены ў Венецыю (1485 г.), дзе і сёння іх можна бачыць у касцёле, пабудаваным дзеля ўшанавання святога.
Культ св. Роха вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Досыць частыя эпідэміі, якія збіралі багатае жніво смерці і спусташалі цэлыя вёскі , паспрыялі развіццю пашаны да св. Роха як апекуна хворых менавіта пры эпідэміях. Усяго ў гонар св. Роха пабудавана ва ўсім свеце 3000 касцёлаў.
У нашых славянскіх краінах св. Роха шанавалі найперш як апекуна жывёлы. У дзень св. Роха жыхары збіраліся перад касцёлам і прыводзілі хатнюю жывёлу, каб атрымаць блаславенне святара, якое павінна было забяспечыць жывёле здароўе.
Св. Рох таксама з’яўляецца апекуном падарожнікаў, аптэкараў, урачоў, агароднікаў, шпіталяў, вязняў і хатняй жывёлы, таксама хворых на чуму, халеру, шаленства, пры хваробах ног.
На абразах св. Роха звычайна малююць як маладога пілігрыма з падарожнаю кайстраю, альбо як жабрака. Часта на абразах прысутнічае сабака з боханам хлеба ў зубах, які карміў хворага святога і залізваў яму раны, альбо хворыя на чуму, якіх святы Рох аздараўляе. Яго атрыбутамі з’яўляюцца анёл, сабака, торба пілігрыма, картка з надпісам. На фотаздымках Святы Рох з гравюры 1480 года і з карціны Л.Бэчы.
У народнай традыцыі дзень св. Роха, 16 жніўня, лічыўся пачаткам восені, таму ўсё збожжа стараліся абмалаціць да гэтага дня, каб яно добра захоўвалася зімой і каб яго хапіла да новага ураджаю. У гэты дзень усе вернікі моляцца за ўсіх хворых, таксама просяць святога Роха ахоўваць хатнюю жывёлу.
У ХIХ стагоддзі тэрыторыю касцёла абнеслі бутавай агароджай з трохпралётнай брамай з чырвонай цэглы і бутавым абрамленнем.
За апсідай касцёла над склепамі роду Дадэркаў у 1880ыя г.г. быў узведзены каменны “грабовец.” Дадэркі сталі ўладальнікамі Аборка ў 1794 годзе, з гэтага роду паходзіў першы біскуп Мінскай дыяцэзіі Якуб Дадэрка.
Дадэрка Якаў Ігнацій(1751-24.12.1829.)
Першы мінскі рымска-каталіцкі епіскап. Нарадзіўся на Вільні. Сваё служэнне пачаў у езуітаў, потым доўгі час служыў у Вільні настаўнікам семінарыі, прыходскім святаром, прафесарам права ў акадэміі. З 1792 займаў пасаду епіскапа-суфрагана; 28.4.1798 прызначаны мінскім епіскапам. У 1810 заснаваў у Мінску Таварыства дабрачыннасці, распачаў будаўніцтва дома для бяздомных, сірот, жабракоў і невылечных хворых. У 1812 годзе прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці Полацкай езуіцкай акадэміі. Прыхільнасць Дадэркі да Напалеона 1 у час Айчыннай вайны 1812 года, прадузятасць у адносінах да праваслаўнай царквы выклікалі гнеў Аляксандра I, які перадаў Дадэрку на суд мітрапаліта С.І.Богуш-Сестрынцэвіча 16.05.1816 . Ён быў пазбаўлены пасады і адпраўлены з Мінска на Вільню пад нагляд луцкага біскупа, дзе і памёр.