Мая маці жыла на Смаленшчыне, у Заходнюю Беларусію ўцякала ад вайны. Край быў партызанскі. Калі партызаны забівалі немца, выкатвалі ўсю вёску, палілі. Былі страшэнныя баі. Рэчка Сотня каля іх вёскі была пасля бою чырвоная. Людзі кучамі забітыя ляжалі, і нашы, і немцы.
Людзі галадалі: елі лебяду, лісты ліпы, мёрзлую бульбу, канюшыну, ягады, грыбы. Ішлі жабраваць. Хатулёк у руку і на вакзал. Там можна было што з рэчаў памяняць на яду. Там і пачула, што тут людзі лягчэй жывуць і паехала ў белы свет. З вакна поезда убачылі хлебныя нівы са знаёмай ды і выйшлі на станцыі Палачаны папытаць шчасця. Пайшлі прасіць есці. Папалі да Паўлоўскай Лізы. Яна вынесла па кубку малака і па лусце хлеба. Мужыкоў у вёсцы не было, былі на фронт забратыя. Рабочыя рукі былі патрэбны. Папрасіліся пераначаваць. Сталі працаваць на людзей за яду ды начлег. Нюра ўсё ўмела. Каму жала, каму касіла.
Сталі вяртацца мужыкі. Фама Сямёнавіч Паўлоўскі вярнуўся з трудавой арміі. Сын яго Генюсь быў растраляны, жонка загінула пад абстрэлам. Нюра жыла у Гарцуновічаў, паблізу. Пазнаёміліся, сышліся, нарадзілі мяне.
Пры Польшчы бацька меў 4 гектары зямлі, каня, карову, цялушку, свіней, бальшое хазяйства. Чалавек ён быў вельмі добры, дазваляў людзям строіцца на сваёй зямлі.
У 1948-ым годзе бацька памёр. Маці асталася ў хаце нікім з яго сёстрамі. Работала, як вол.
У 1949-ым годзе сталі калхозы. Усё забралі: увесь інвентар і гумно разабралі.
Тынкевіч Віктар Іосіфавіч быў удавец. Дзеці ў яго ўсе павыраслі, хораша выглядаў, акуратны быў. Маці Тынкевіча прыжыла яго ад пана Пуцяты. Пан даў усім сваім прыжытым дзецям адукацыю, купіў па палавіне хаты, зямлі. У Тынкевіча было 3 гектары зямлі, ён скончыў 7 класаў польскай школы.
Маці была прыгожая. Яны пазнаёміліся. Пасватаўся. Яна сагласілася.
Віктар Іосіфавіч быў спецыялістам на малацілцы, рабіў на ёй з напарнікам у дзве змены. Малацілка засарылася мякінай. Ён яе пачысціў і сабраў тую мякіну ў хутумку, у якой насіў свой перакус, прынёс дадому, індыкі яе любілі. У нас жыла кватарантка з дзевачкай. Яна гэта ўбачыла і здала яго. Прыйшоў участковы са свідзецелямі, папярэдзіў. Яна настаяла каб саставілі акт. Пасадзілі на 8 год з канфіскацыяй. Усё апісалі. Маці падала на перасуд. 8 гадоў аставілі, а канфіскацыю адмянілі. Сядзеў у Архангельску. Пакуль ён сядзеў, маці працавала ў калхозе і вечарам убірала школу.
Я помню там быў вялікі стол з зялёным сукном. На ім стаялі шахматы і шашкі. Я сядзела на чорным скураным дзіване і гуляла. Прыйшоў дадому пехатой з Маладзечна. Прынёс шкатулку з дрэва, з інкрустацыяй саломкай.
Маці працавала ў калгасе на розных работах.
Садзілі как –тагыз, расліна такая падобная на малачай, з каранёў рабілі каучук. На балоце касілі сена. Балота калыхалася. Сена на жэрдках выносілі на сухое места праз рэчку. Калі прапускаў хто адзін дзень, здымалі цэлы тыдзень трудадней.
Сталін памёр. Адседзеўшы 5 год, Тынкевіч вярнуўся.
У калхоз не пайшоў. Абідзеўся, што ніхто не заступіўся за яго, і маці не пусціў. Маці ісключылі з калхоза і абрэзалі зямлю да агарода.
Не ведаю, як бы мы выжывалі. На шчасце, ў Беразінскім пачалі стройку, і ён пайшоў туды. Там быў ОРС, і Віктар працаваў у хлебапякарні качагарам. Можна было танна купіць, а то і так забраць, бракаваны хлеб ці батон. Ён пашыў сумку з кірзовых ботаў і насіў у ёй хлеб. Называў яе “савецкі свіран”.
Маці работала на хазяйстве: індзюкі, куры, свінні, карова, пускалі кварцірантаў у адну комнату.
Тынкевіч быў хворы на почкі пасля цюрмы. Пражыў нядоўга. Увосень 1958года ён памёр, на Ўздзвіжанне.
Віктар Іосіфавіч быў вельмі добры чалавек, любіў людзей. Ведаў вёску і любіў, усюды браў мяне з сабой, многа расказваў цікавага.
Маці пайшла працаваць прачкай у бальніцу. Потым Язерская пазвала яе на ферму. Зарплата там была 30 рублёў, з надбаўкамі атрымлівалася 60-70. Ферма развальвалася, холад, каровы стаялі на навозе, ён змярзаўся. Паілі ўручную, ганялі на вадапой к жалезнаму карыту. З прорубі чэрпалі ваду і зноў навязвалі. Кароў было па 16 на даярку, даярак 7-8. Трэба было ўручную падаіць, працадзіць, занесці ў “Красный уголок” ( там у другой палавіне збіралі малако), здаць, памыць цадзілку, адкінуць навоз, пачысціць кароў скабёлкамі, прынесці з гумна корм вязкамі, а ветрам здувала, раздаць яго. Раздаць сілас, муку – усё ўручную. Даілі зімой 2 разы, улетку – 3. Мы, як маглі, дапамагалі. Так яна працавала 16 год, потым пайшла на пенсію.
Сярод аднавяскоўцаў, імёны якіх на слыху, людзі назвалі Здзіславу Мянцюк. Сваю першую карціну гэта жанчына намалявала ў 54 гады. "Я i сама не думала, што атрымаецца, — расказвае самадзейная мастачка, ― “Рука быццам сама пацягнулася да пэндзля. Я ж ніколі не вызначалася здольнасцямі да малявання. Што шыла прыгожа, гэта прауда". Жанчына мае каля 300 работ. У асноўным гэта кветкавыя кампазіцыі, нацюрморты, пейзажы. Асобныя з ix выстаўляліся ў мясцовай бібліятэцы. Карціны – яе другое жыццё. Прапануем з імі пазнаёміцца.