Чаплинская Евгения Фоминична

Запісала Чаплінская Я.Т. са слоў Шаўчэнка Сцепаніды Зіноўеўны з.в.Літва.

Пра “достопримечательность” – славутасці гістарычнага значэння эпохі ВКЛ.

18-19 в. Помнікі катакомбаў Дэдэрка ў Аборку. (1740-1829 гг.)

У 1980 годзе ездзіла ў Аборак, каб пазнаеміцца з дамашнімі ўмовамі сваіх вучняў. Тады ж паказалі мне дзеці руіны касцела, помнік Дадэркам і катакомбы.

Помнік уразіў мяне мастацкімі вартасцямі. Толькі чытаючы каліграфічную вязь надпісаў, усвядоміла, што жывем на тэрыторыі іменна гэтага Княства. На помніку выява гербу падзеленага на 4-ы часткі, на якіх месяц, лісток канюшыны, лук са стралой і яшчэ штось. Над гербам карона, якую можна было адлюстроўваць толькі асобам, якія мелі заслугі перад дзяржавай.

Пахаваны тут біскуп (Мінскі, і два сакратары з судзебнай калегіі).

Надумалася – жылі ў горадзе Вільні, ды ў Мінску, а спачыць захацелі на радзіме. Пашанцавала мне сустрэць жанчыну, якая расказала што ведала. Гэта Косарава Браніслава Чаславаўна. (гэта яе ўнучка загінула трагічна ля цэрквы ў Лапінцах). З яе слоў запісала: “У Аборку быў маентак Дэдэркаў. Старая пані жыла тут да вядомых падзей 1939 года. У верасні гэтага года выехала ў Вільню. Яе (Косаравай) бацька працаваў у гэтым маёнтку.

Яшчэ расказвала, што ў 1942 годзе Касцел урачыста адзначыў 500-годдзе, значыць заснаваны быў у 1442 годзе. Запомніла гэта, бо ксендз вывесіў плакат з гэтай лічбай (вось што значыць наглядная агітацыя!). Касцел насіў імя святога Роха. Саветы закрылі касцел у 1951 годзе, што вывезлі ў Краснае, што так і прапала. Да сення не могуць знайсці абраза святога Роха.

Звон ніхто з мясцовых не хацеў знімаць. Прывезлі хлапцоў-шабашнікаў. Катакомбы разбурылі ў 1949 годзе.

Магу яшчэ дадаць, што пасярэдзіне адлегласці, ад канца (ці пачатку) Палачан да быўшага буракапункта, чуць воддаль ад дарогі (на поўнач) есць сляды земляных інжынерных збудаванняў, (якіх там называлі рэдуты ці як), правільнай геаметрычнай формы насыпы, парослыя дзёрнам. Гэта след вайны, а вось якой 1914 ці 1812 трэба б было школе даследваць.

*** Хутка два гады, як у касцёл быў прызначаны малады ксёндз Сяргей Бараўнёў. Сёння руіны разабраны і на фундаменце ўстаноўлены крыж-помнік касцёлу, адноўлена магіла загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны, “грабовец” сям’і Дадэркаў ачышчаны ад смецця і чакае сваёй чаргі на аднаўленне, могілкі таксама набылі прыстойны выгляд.

Касцёл “пераехаў” у ранейшы будынак калгаснай канторы. Ксёндз распачаў будоўлю новага касцёла. Святыні, схаваныя у прыхаджан, вярнуліся на сваё мейсца, але абраз святога Роха не захаваўся. Яго намаляваў мясцовы самадзейны мастак Раман Іванавіч Стужынскі, і зараз абраз займае пачэснае месца ў новым прыгожым касцёле.

Пякарская Яніна, бібліятэкар, аб настаўніцы – пенсіянерцы і мясцовым краяведзе Чаплінскай Яўгеніі Фамінічне.

Пра гэтую добрую, сціплую жанчыну можна гаварыць бясконца.

Сутнасць яе жыцця – рабіць дабро людзям “Самае важнае, што ні сабе прыдбаў, а чалавеку зрабіу”, лічыць Яугенія Фамінічна-Чаплінская (Белановіч у дзявоцтве).

Нарадзілася яна 13 верасня 1925 года у вёсцы Маршалкі Валожынскага раёна. Вучылася ў Валожынскай семігодцы, паступіла ў Віленскую гімназію, скончыла адзін клас, пачалася вайна. Быў 1939год. Пасля працягвала вучобу ў Лідскім педвучылішчы. 20 год працавала настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Маршалкі, затым з 1967 года па 1981 у Палачанскай сярэдняй школе, а яшчэ 4 гады, ўжо будучы на заслужаным адпачынку, ў Літвянской школе.

Чым яна асаблівы чалавек? Сваёй любоўю і спагадай да людзей, да роднага краю, да сваей малой радзімы. Не адзін дзесятак гадоў аддавала яна цеплыню свайго добрага сэрца дзецям, навучыла іх самааддана любіць родны край, вёску. Запісвала яна легенды, паданні, песні, абрады, адна і са школьнікамі. Яўгенію Фамінічну па праву можна лічыць краязнаўцам нашых мясцін. Яна хавальніца фальклорных запісаў усяго наваколля.

Трэба чуць як прыгожа і паэтычна распавядае яна пра дзяўчат, якія пелі ў час зажынак ці дажынак, пра маладых хлопцаў, якія летнім вечарам, “спацыруючы” па вуліцы, спявалі вельмі прыгожа на некалькі галасоў пра Агату, якая седзячы за прасніцай, склала прыпеўку, і першай слухачкай была маленькая Геня.

“Было лета, было лета,

А цяпер ўжо зіма

Раней з мілым я сядзела

А цяпер сяджу адна”.

Здавалася б нічога дзіўнага, а на самой справе ў гэтую прыпеўку жанчына ўлажыла сваё жыццё, душу і сум.

Будучы маладой, Яўгенія Фамінічна вельмі любіла пагаварыць са старымі. Ад іх вее спакоем, мудрасцю. У іх няма зайздрасці, яны могуць столькі цікавага расказаць, яны многае помняць.

Калі падышоў час пайсці на заслужаны адпачынак, яна баялася, не ўяўляла сябе без працы, але колькі ўсяго паспела зрабіць за гэты перыяд і пазнаць.

Яўгенія Фамінічна друкавала работы свайго фальклорнага гуртка ў часопісе “Роднае слова”, у газеце “Наша слова”, у “Народнай газеце”, працавала над слоўнікам беларускіх самабытных словаў. Апалагетыка (абарона) – дзе беларускае слова не падобна ні да якіх словаў.

Вельмі многа матэрыялаў Яўгенія Фамінічна перадала Генадзю Каханоўскаму, беларускаму гісторыку і краязнаўцу, вяла з ім перапіску, аб чым сведчаць шматлікія лісты.

Яўгенія Фамінічна вельмі цяжка перажывала страту мужа. Але адна дзяўчынка дала ёй касету духоўнай тэматыкі, і тады гэта вельмі добра на яе падзейнічала. Сыны Лёня і Вася купілі ёй іоніку, многія песні яна цяпер выконвае пад свой акампанемент. Нядаўна нават сама напісала музыку да песні. Прачытала ў часопісе верш, вельмі ёй прыйшоўся да спадобы.

“Так хорошо с душой открытой,

С душой искренней простой,

Без мысли злобной и сокрытой –

Идти молиться в храм святой.”

Любімы паэт – Максім Багдановіч, любімы спявак – Данчык ( Багдан Андрусішын).

Многія гады Яўгенія Фамінічна з’яўляецца карыстальнікам Палачанскай сельскай бібліятэкі. Больш за ўсё яе цікавіць фальклор, а таксама духоўная літаратура.

Апошнім часам Яўгенія Фамінічна працавала над перакладам кніжкі для самых маленькіх з чэшскай мовы. Гэта кніжачка дасталася ёй ад яе матулі. Маці таксама была настаўніцай , у польскай школе. Прыйшлося добра і доўга папрацаваць над перакладам, але яна вельмі хацела даведацца, што чытала яе матуля, па якіх кніжках вучыла сваіх дзетак.

У канцы гутаркі Яўгенія Фамінічна пажадала, каб мы не адрываліся ад сваіх каранёў, ад культурнай і духоўнай спадчыны, каб належным чынам ацэньвалі ўсё, што дасталося нам ад бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Бо каб паважаць сябе, трэба перш за ўсё паважаць народныя традыцыі, вывучаць і захоўваць нацыянальную культуру.

Ліст Генадзя Каханоўскага да Чаплінскай Яўгеніі Фаманічны.

Добры дзень, глыбокапаважаная Яўгенія Фамінічна!

Сардэчнае дзякуй Вам за старанна сабраны Вамі наш беларускі фальклор, наш нацыянальны скарб духоўнай культуры!

На вялікі жаль , ня ўсе яшчэ яго цэняць як належыць. А тут усё наша жыццё, гісторыя, радасць і трагедыя. Асабліва каштоўны каляндарны фальклор – гэта “хрыбет” сялянскай ідэалогіі.

Вось пасля нашай з Вамі гутаркі па тэлефоне да мяне прыязджаў археолаг Міхась Ткачоў. Ён таксама сказаў, калі б ён не стаў археолагам, то стаў бы фалькларыстам. Нават нумізмат В.Н.Рабцэвіч звярнуўся да фальклору, бо там, аказваецца ёсць, і пра даўнія манеты, пра меры і г. д.

Словам, для ўсіх гэта неацэнны скарб. Вось чаму ў нас ужо даўно сфарміраваўся фальклорны архіў, каб быў для ўсіх даступны. Вось і Вашы запісы таксама паступяць у гэтую скарбонку. Мы ўсе ў гэтым зацікаўлены.

Сёння раніцай у мяне быў Мікола Язэпавіч Лазар. Ён мне расказаў пра Феліцыю Скірмунт. Яна таксама запісвала фальклор. Наймала жаць жыта тых жанчын, хто ведае і спявае беларускія песні. Гэта сястра Рамана Скірмунта, што ўваходзіў у кіраўніцтва БНР. Яна варожа адносілася да паланізацыі краю. Для мяне гэта было нечаканасцю.

Археолаг Міхась Ткачоў расказваў, як ён вёў раскопкі ў Воўчыцах, каля Высокага, дзе быў пахаваны апошні польскі кароль Станіслаў Панятоўскі, беларус па паходжанню. Аж да 1946 года ніхто не чапаў яго саркафаг, які стаяў пад мясцовым касцёлам. А тады людзі палезлі выцягваць з труны ўсё, што можна. Узламалі труну з арэхавага дрэва. Ён быў высокі чалавек. Жонка дырэктара школы собрала гузікі, бо надта блішчэлі, выдзірала брыльянтавыя камні. Словам, М.А.Ткачову ўдалося адшукаць толькі рэшткі: абутак, гольфы, шпоры і яшчэ нейкія дробязі. Каралеўскую карону ўхапіў мясцовы каваль. Як толькі нап’ецца гарэлкі, надзяе карону і танцуе, як вар’ят. А тады з’ехаў у Карэла-Фінскую ССР і там памёр у1956 годзе. Ні дачка, ні сын ужо нічога не ведаюць пра тую карону. М.А.Ткачоў усё сабраў у кучу, зрабіў прыгожую шкатулку і перадаў усё гэта ў Гродна, у музей. Дачуліся палякі. Бралі ў яго інтэрв’ю. Сталі пісаць усе польскія газеты. Нават пішуць кнігу. Ткачоў перадаў шкатулку ў Кракаў. Цяпер там ганаровая вахта стаіць. Вось такая гісторыя апошняга польскага караля.

З павагай і падзякай Генадзь Каханоўскі. (09.05.1990 г.)