***
Мая маці была палачанская. Адэля Тарасаўна Бурачонак. Бацька – Бельскі Іосіф Рыгоравіч працаваў настаўнікам ў Рэдзькавічах. У 35-ым годзе памёр. Мне было 4 гады. І мы з маткай прыехалі ў Палачаны да бабулі Амілі.
У яе было паўгектара ворнай зямлі і сенакос. Жылі не багата.
Вёска была невялікая. Там, дзе цяпер Гарошкава хата, ужо было поле Свінтарэцкага. Там, дзе зараз жалезнадарожны магазін, у 38-ым годзе па пятніцах быў базар. З Лебедзева прыязджаў магазін, таргавалі ўсякім таварам. Там, дзе жыў раней лётчык, была школа на 2 канцы. Было 4 класы. Пасля пераходзілі вучыцца ў Гарадзілава, таксама бясплатна, а далей ужо плацілі.
У першую змену вучыліся 1 і 2 класы, а пасля абеда – 3 і 4. Настаўнічалі Русакоўскія. Ён быў дырэктар, а яна вучыла. Мы вучылі польскі язык і літаратуру, арыфметыку, гісторыю, геаграфію, граматыку.
***
Калі прыйшлі саветы, дырэктара школы пасадзілі, а жонку-настаўніцу саслалі ў Сібір, за тое што пры Польшчы настаўнічала. Паехала яна туды з маленькімі дзецьмі. Потым пісала сюды. Адзін па дарозе памёр, дык прыйшлося яго з поезда выкінуць, нават пахаваць няможна было.
Вучыць нас стаў Аляксандр Якаўлевіч Гойка, ён пры Польшчы быў дзякам у Груздаве, потым стаў на Бога брахаць і стаў у школе настаўнікам.
Нас адкінулі на клас ніжэй, бо мы не ведалі рускай мовы.
З вёскі пачалі вывозіць людзей, хто больш трохі зямлі меў, хто лепш жыў. Мая цётка была замужам за паліцыянтам, вывезлі ў 40-ым годзе ўсю сям’ю разам з дзецьмі і стогадовай старой, сястры не далі папрашчацца. Яшчэ людзей вывозілі.
***
Калі прыйшлі немцы, нас зноў перавялі на клас ніжэй, бо мы ня ведалі нямецкай мовы. Мы яе сталі вучыць, ну, як там стол па нямецку, ці дошка, яшчэ вучылі беларускую мову.
Там, дзе была наша школа, зрабілі лагер для военнапалонных. Там, дзе мы вучыліся, жылі немцы, а ў другім канцы здзекаваліся над палоннымі, пад хатай каго закрывалі. Палонныя рабілі на пуцях. Яны паміралі галоднай смерцю. Немцы ахоўвалі чыгунку, пастроілі там бункер.
Школа стала ў жыдоўскай хаце, Іцка, Нэвух, Гдаль, Хайка, Соня. Нэвух рабіў у кузні. Хата стаяла там, дзе потым аптэка была. Тая хата згарэла. Жыдоў вывезлі ў гета ў Гарадок, там забілі.
Немцы, як прыйшлі ў вёску, пыталіся, ці далёка Масква. Яны рассяліліся па хатах, дзе было чысцей.
Магазінаў не было. Жылі сваёй гаспадаркай. Гналі самагонку, прама на дварэ, немцы не забаранялі. Ноччу хадзіць па вуліцы і паліць святло было нельга, стралялі. Занавешвалі вокны. У вялікім доме на рагу вуліц, была ў іх кухня, яны туды хадзілі з кацялкамі.
Арыштавалі камсамольцаў і растралялі каля Легановай трубы. Садоўскіх, Генюся Паўлоўскага, Легана, Ліды Харашэвіч брата, дваіх з Груздава. Гэта было на Акцябрскія. Мы былі ў школе, пачулі, як страляюць, і Ліда адразу, плачучы, пабегла дадому. Вясной, як снег сышоў, каровы не хацелі там хадзіць, біліся, кроў чулі.
Каля вакзала былі баракі фірмы “Кох”. Яны хадзілі ў гражданскай адзежы, людзей туды ганялі на работу
Як немцаў пагналі, на станцыі стаў працаваць лестрансхоз. 45-46-ыя гады. Грузілі лес, вазілі.
Зрабілі сельпо. А ў 1949-ым годзе ўтварыўся калхоз. Мая маці ў калгас не пайшла, а я ўступіла, нічога туды не здавала, нічога ў мяне не было.