Груздава – старажытнае паселішча, якое ўзнікла пры былой паштовай дарозе з Вільні на Заслаўе. У пісьмовых крыніцах згадваецца з XIV ст. Узнікненне ж першага Груздаўскага храма звязана з гісторыяй яўлення цудатворнай іконы Божай Маці.
Бліз вёсак Груздава і Капачы, паміж двума курганамі знаходзіцца раўнінная мясцовасць, некалі названая Чырвонай Валокай. Паводле старажытнага падання, такую назву поле мае з часоў княжых міжусобіц, калі "брат паўставаў на брата і бацька на сына". У 1433 г. сышліся ў сечы лютай князі Жыгімонт Кейстутавіч і Свідрыгайла.
Паводле падання, у той бітве ваяваў рыцар Андрэй Саковіч. Яго імя не аднойчы сустракаецца ў гістарычных дакументах. Ён займаў высокія дзяржаўныя пасады, меў талент ваяводы і дыпламата. Прадстаўнікі роду Саковічаў валодалі маёнткамі і пушчамі на Віленшчыне, у Ашмянскім і Мінскам паветах.
Груздаўскае паданне апавядае, што пасля бітвы на Чырвонай Валоцы поле было засеяна целамі забітых. Цяжка паранены быў і Андрэй Саковіч. Страчваючы прытомнасць, ён заўважыў побач з сабой ікону божай Маці, узяў яе ў рукі і з апошніх сіл прыціснуў да грудзей.
На наступны дзень на месца бітвы прыйшлі сяляне, каб сабраць і пахаваць целы забітых. Яны знайшлі параненага рыцара і, прыняўшы яго за памерлага, хацелі адабраць ікону, але ім гэта не ўдалося. І тады князь падаў прыкметы жыцця. Сяляне перавезлі яго ў вёску, дзе паранены хутка паправіўся.
Андрэй Саковіч з удзячнасцю прыняў дапамогу сялян, але пры гэтым быў перакананы, што абавязаны сваім выратаваннем міласціваму заступніцтву Прасвятой Багародзіцы. Тады ён даў абяцанне пабудаваць храм у гонар Богамаці. Спачатку Андрэй Саковіч паставіў на месцы свайго выратавання капліцу, дзе і змясціў святую выяву.
Пазней каля капліцы рыцарам была збудавана царква, куды і перанеслі ікону. Гэтыя факты пацвярджаюцца Літоўскім летапісам, які паведамляе, што ў 1432-1440 гг. А.Саковіч сапраўды з'яўляўся старастай смаленскім і "спадчыннікам Груздаўскім". У 1444г. ён выступае як апякун храма Святой Троіцы ў в.Груздава.
У наступным будынак Груздаўскай царквы неаднаразова падвяргаўся разбурэнням і адбудоўваўся ізноў. Аднак, галоўная храмавая святыня, ікона Божай Маці, больш за 500 год захоўвалася ў алтары як запрастольная. Мясцовыя старажылы распавядаюць, што раней да іконы прыязджалі паломнікі не толькі з Беларусі, але і з еўрапейскіх краін.
Груздаўская ікона Божай Маці адносіцца да тыпу "Адзігітрыя", мае падабенства з вядомай на Віленшчыне старажытнай Трокскай іконай Багародзіцы. Маці Божая выяўлена франтальна, правай рукой трымае на каленях Немаўля, а левай - галінку з трыма кветкамі. Немаўля Ісус правай рукой бласлаўляе, у левай трымае скрутак. Па меркаванні гісторыкаў, такая іканаграфія мела распаўсюджванне ў XVIст. Святкаванне іконы здзяйсняецца штогод 15 ліпеня па новым стылі.
*** З другой крыніцы вядома, што ўладальнік Груздава Дадэрка на свае сродкі пабудаваў праваслаўную царкву Ражства Багародзіцы ў 1761 годзе. А ў 1871 годзе на месцы разбуранай мураванай уніяцкай царквы была пабудавана драўляная царква ў гонар Рызапалажэння Прасвятой Багародзіцы ў Влахерне. Груздава належала тады памешчыку Ходзьку. У канцы ХІХ стагоддзя тут працавала царкоўна-прыходская школа.
Царква з’яўляецца помнікам народнага дойлідства з элементамі архітэктуры классіцызму, хаця ярка выражанага стылю ўсё ж не мае. Храм складаецца з бабінца (прамавугольная частка перад малітоўнай залай для “аглашэнных”, жадаючых хрысціцца), малітоўнай залы, алтара і званіцы. Над уваходам на двух слупах размешчаны хоры.
З 1869 года царква была прыпісана да Палачанскай і прыход называўся Груздава-Палачанскім.
Прастольнае свята – 15 ліпеня “Груздаўскае Пятра”. Мусіць, таму ў некаторых крыніцах і ў кнізе Кулагіна “Праваслаўныя храмы на Беларусі” царква памылкова названа Пятра-Паўлаўскай.
Вось вытрымкі з дакладной запіскі ўпаўнаважанага Савета па справах рускай праваслаўнай царквы пры Маладзечанскім аблвыканкаме Казакова «О праздновании храмового праздника в приходе деревни Груздово Молодечненского района Молодечненской области 15 июля 1954 года»:
«К двум часам дня в деревне Груздово собралось посетителей разного пола и возраста свыше 2000 человек. В церкви находилось до 500 человек, внутри церковной ограды также находилось около 500 человек, а за оградой в разных местах находилось около 1000 человек. Подвод одиноких и парных находилось около 100, велосипедов, лежащих и прислоненных к ограде церкви, было свыше 100, мотоциклов было свыше 5, а легковая машина БТ 36-97 за церковью подвезла двух женщин с девочкой дошкольного возраста и высадила их, в церкви заметил, что обе женщины и ребенок брали свечи и активно исполняли все религиозные требы.
Службу в церкви возглавил благочинный Маевский и вместе с ним служили все остальные священники… На протяжении всей службы священники выступали с проповедями трижды. Содержание проповедей посвящалось религиозному празднику, нравоучению любви к близким и изливались призывы к вере в Бога и Христа и другая галиматья». (Вось так. Сачылі за ўсім, што адбывалася, а заклік любіць бліжняга называўся – “галиматья”! Чаго ж чакаць ад цяперашняй маралі і чалавечых каштоўнасцей?!).
Урэшце рэшт у 1962 годзе Груздаўская царква была зачынена, а калгас выкарыстаў памяшканне для сховішча мінеральных угнаенняў і выглядала яна так, як на здымку. У пачатку 90-х гадоў царкоўная абшчына ў Груздаве была адноўлена.
На сродкі вернікаў царква адрамантавана. Зноў заняў сваё месца цудадзейны абраз Прасвятой Багародзіцы. Дарога ад Груздава да Яхімоўшчыны, мінаючы стары Аборак, праз новы вядзе ў Палачаны. На здымках Груздоўская царква і цудатворны абраз Маці Божай, які выратаваў ад смерці Андрэя Саковіча у 1433 годзе.