Наталлья Сцяпанўна напісала кнігу «Старыя расказвалі ...» ў якой сабраны цікавыя матэрыялы аб гісторыі вёскі. Кніга захоўваецца ў Палачанскай бібліятэцы.
Есць нешта такое ў Палачанскай зямлі, што сее і прарошчвае ў сэрцах людзей акрамя светлага пачуцця Радзімы, глыбокую цікавасць да яе гісторыі.
Па ўсім свеце раскідаў лёс палачанцаў. Спачатку ехалі яны аж да Амерыкі на заробкі, яшчэ за царом. Пасля вывозілі іх немаведама за што ў Сібір, а з Сібіры зноў па ўсёй зямлі адпраўлялі. Высылалі іх у Казахстан. Самі ехалі яны, хто на цаліну па рамантыку, хто па грошы. Ехалі ў розныя канцы: хто па размеркаванні, хто па каханне, але куды б ні закінуў іх лёс, не забываліся на родную зямлю. Памятаюць і тыя, хто з’ехаў, і тыя, хто застаўся дома, многа цікавых гісторый і расказваюць іх адзін другому. З гэтых гісторый ведаем мы мінулае сваёй вёскі, і не прачытаеш гэтага а ні ў якіх падручніках.
Палачаны і мая вёска. І хоць я пражыла за яе межамі большую частку свайго жыцця, толькі тут я дома, кожнае дрэва, кожная травінка прыбаўляе мне сілы, і замірае кожны раз сэрца, калі гляджу ці то ў зорнае неба ўначы, ці то на гронкі бэзу пад вакном. Такіх больш нідзе няма.
Пакуль мы маладыя, мы не задумваемся аб тым, як многа родны кут можа значыць для нас, але з цягам часу мы ўсё больш разумеем, што ён і ёсць тое, з чаго мы пачаліся і будзе гэтым да самага скону. Колькасць людзей, якія прыклалі руку і сваё сэрца да стварэння гэтай кнігі ёсць гэтаму галоўны доказ. Так не хочацца спыняцца. Яшчэ столькі цікавага не расказана, не даслухана, не запісана. Лёс кожнага чалавека – гэта маленькі падручнік гісторыі. Давайце будзем плесці далей яе карункі. І няхай месцам сустрэчы і зборам будзе бібліятэка.
Зусім маладзенькая прыехала мая маці ў чужы край, палюбіла вёску і яе людзей, збірала яе гісторыю. Нажаль, з той гісторыі амаль нічога не захавалася ў школе. Ніколі не жыла сваім жыццём. Заўсёды хвалявалася за ўсіх, бегла дапамагчы і падтрымаць. Імкнулася быць карыснай людзям. Год змагалася за вадаправод, сабрала цэлы том перапіскі з чыноўнікамі, нарэшце перамагла – радыё дапамагло. Потым змагалася за поручні на высокім ганку магазіна. Цяпер пажылыя людзі ўспамінаюць яе добрым словам, трымаючыся за іх. Яна любіла людзей і аддавала сябе ім. У яе сэрцы для ўсіх было мейсца. Гэта шчырае сэрца ўмела любіць і спачуваць, балела за ўсіх і не вытрымала.
Яе вучні былі частымі гасцямі ў хаце. Усім яна была рада, захоўвала іх пісьмы і паштоўкі. Любіла пайсці ў школу, удыхнуць яе паветра, але апошнім часам не хадзіла. Атмасфера цеплыні знікла са школы.
У апошні яе вечар сустрэчы яе любімы клас праз 40 год пасля выпуску прыходзіў да яе. Яна вельмі хвалявалася чакаючы іх, і хвалявалася правёўшы.
Яна памёрла, як і жыла, у палёце. Гэта кніга і аб ёй, бо ўсе, з кім я гаварыла аб кнізе, ўспаміналі маю матулю.
У апошні шлях яе праводзіла ўся вёска, здалёк прыехалі выпускнікі. На могілкі яе занеслі на руках. Было так цяжка, але сэрцы нашы поўніліся гордасцю за маці. Яна пражыла сваё жыццё цяжка, але прыгожа.
Дзякуй табе за ўсё, мама.
Наша гісторыя вёскі складаецца з аповядаў розных людзей, запісаных рознымі карэспандэнтамі ў розны час.