Сморгонец Софья Александровна

*** Усё жыццё жыву ў гэтай хаце, толькі пастроек было больш: гумны, канюшня. Бацька дзяржаў выязных коней, вазіў пошту, яшчэ вазіў Карабан, па чарзе вазілі. У Пруды, Івянец, Пяршаі, усюды. Адтуль бралі пасажыраў. У Палачанах толькі была станцыя, ехалі адсюль у Вільню і ўсюды. Каля станцыі пасажыры сыходзілі.

У нас было 12 га зямлі за чыгункай, 3 га сенакосу.

Дзяцей было пяцёра: 4 дзеўкі і брат. Брат вучыўся на свяшчэнніка ў Вільні, не даўчыўся, у 39-ым годзе веру звярнулі.

Мы хадзілі ў школу. Тыя, хто на гасударственнай службе быў, добра грошай палучалі. Мая сястра Ніна шыла. У мяне былі прыгожыя сукенкі, валёнкі, туфлі, сандалі. А дзеці бедна адзяваліся: саматканыя плацці, лапцікі. Нас са школы вадзілі глядзець магілу Свінтарэцкага ў парку, вадзілі ў двор, вучылі, як што рабіць.

Жаніўся Каролік, з Варшавы вёз маладую праз Маладзечна. Мы зрабілі браму, перанялі з хлебам-соллю. Валя Крукова яму букет давала. Каролік хлеб палажыў, цвяты маладой панёс. 25 злотых даў людзям, і ўсе тры дні гулялі. У Палачанах быў пастарунак, 6 паліцыянтаў. Яны яго перанялі каля гміны, ім даў 10 злотых.

*** Май брат быў начальнікам станцыі. Арыштавалі. 5 месяцаў да вайны сядзеў ў Маладзечне за паліціку з Адзькам Кулікоўскім. Перад вайной асуджаных пасадзілі ў вагоны і павязлі ў Сібір, яго адпусцілі, быў яшчэ не асуджаны. Як брата арыштавалі, былі падводы, нас вывозіць падрыхтаваны. Садоўскі Восіп рабіў у сельсавеце, перапярэдзіў, каб мы ўцікалі. Дзве сястры ўцяклі, а я засталася, бацька быў хворы.

*** Вайна пачалася. Самалёты наляцелі., гудзяць. Каля нас былі мужчыны. Колі Садоўскага бацька быў у немцаў у пляну, ён пазнаў, што гэта немцы. Ехалі на машынах, на матацыклах, на танках. На першым адзін сказаў: “Дзень добры, панове, ці далёка Москва?”

Многа іх ішло. Усё ішлі, ішлі. Чыстыя, красівыя. Умываліся каля студні, смяяліся, не думалі, што іх у Расіі закантуюць. Рассяліліся па хатах. У нас жылі 6 чалавек, на афіцэраў вучыліся. Галоўны начальнік, обер лейтэнант з дзяншчыком стаяў у хаце Барыса Траскевіча. Мы, дзяўчаты, хадзілі па чарзе ім палы мыць і рыбу, гародніну чысціць. Яшчэ ганялі на работу, мы капалі бункер. Стомімся, горача было, станем перадыхнуць, немцы наругаліся, пясок на галаву сыпалі.

*** У той хаце, дзе стала школа, раней жыла сям’я: Нэвух, Гдаль… Іх вывезлі ў Гарадок і там забілі. Хайка адна асталася, у нас хавалася. У адной палавіне немцы, у другой Хайка за занавескай. Потым яна пайшла сваіх паглядзець і не вярнулася.

Арыштавалі камуністаў, загналі пад трубу, застрэлілі.

Двух Садоўскіх: Юзю і Сашку, Осіпа і Герасіма. Сталі забіраць камсамольцаў: з Груздава Божка Ніну, Гайко, дзяк палачанскі і груздаўскі, Ліды Харашэвіч брата, Ніну Леганову, Ніну Фалей, Шчуцкага Івана Іванавіча сына, Генюся Паўлоўскага і Фомку Паўлоўскага, Косцю Паўлоўскага з Груздава, Фёдара Валынца застрэлілі. Стралялі па даносах.

Там, дзе школа была, зрабілі лагер: сталбы высокія, калючая провалака клеткамі.

У адным баку – немцы, што да дарогі, у другім палонныя. Усё абнеслі калючым дротам і ахоўвалі. Нікога не падпускалі, толькі дзяцей не чапалі. Дык тыя ім хоць што есці пад калючку кідалі. Яны паміралі. Іх закопвалі адразу за лагерам. Пасля вайны выкопвалі, вазілі ў Маладзечна перазахоўвалі. Тры магілы былі, мы за імі глядзелі: Карабаніха, Бельская і я.

Палонных ганялі на работу, сустрэнем, кінем ім хлеба, а яны кучай за ім. Немцы іх тады палкамі.

На пасху разрышылі ў царкве для пленных стол. Сабралі ежы два вазы.

Крэсны ход ішоў на кладбішча магілы свяціць, яны глядзяць у клеткі, абросшыя, чорныя, страшныя, людзі гэтыя.

*** У вайну каля нашай хаты стаялі 3 машыны, нейкія немцаў запасы. Немцы, як адступалі, загадалі, каб сабраліся мужчыны і папорцілі іх. Зрабілі. Маці ў балоце не хавалася, была ў хаце, баялася, што згарыць. Немцы машыны падпалілі і не давалі тушыць, стралялі. .

А на апошняй танцы немец ехаў, сказаў: "Матка, тушы".

*** З-за ракі партызаны білі, гарэў Аборак, на Літву страляюць. А мы ў балоце хаваліся. Мой дваюрадны брат Валодзя камандаваў, куды падаць.

Партызаны мокрыя з балота на нашым узгорку паселі. Бацька ім дзяліў булку хлеба, кусок сала.

Немцы пайшлі. Быў голад. Мы варылі кожны дзень чыгун картошкі, раздавалі, хто прасіў. Многа людзей хадзіла. Фядотаў з Кабылак казаў: “Як злезлі з поезда на станцыі, галодныя, і паляцелі па вёсцы. Людзі іх кармілі.

*** У калгас мы ўступілі. Я першая ў ведомасці. Во мне Ніна Станевіч аткрытку прыслала.

Цяжка рабілі, лён у гумнах білі праткамі, лямпу пасярэдзіне паставім, і ўсе ў круг, і білі.

Как – тагыз каля рэчкі рос, як адуванчыкі, такі. Церабілі, карэнне адрывалі і здавалі. Дзень і ноч рабілі. Дзеці кінем дома і на работу. Адзін раз мой Владзя маленькі аж у Аборак адзін зайшоў.

Клуба ў нас не было пасля пленных. Мы танцавалм ў Фалея Колі бацькі. Ён прывез з Германіі, з плена ішоў, белы акардзеон.