Гісторыя каменнага крыжа.
Калі едзеш з Палачан у вёску Зоранька, побач з дарогай ля вялікага дрэва можна ўбачыць упрыгожаны белым ручніком каменны крыж з кветкамі ля падножжа. Месца гэта заўсёды добраўпарадкаванае.
Як сцвярджае маладзечанскі краязнавец і экскурсавод Валерый Бурэнь, гэты камень-крыж з даўніх часоў быў абярэгам для жыхароў навакольных вёсак. Людзі верылі, што ён надае сілу перажыць войны і эпідэміі, бароніць ад хвароб і няшчасцяў. Таму шанавалі святыню як жывую істоту. Калі шанаванне працягваецца і цяпер, сваю задачу пасланец мінулых стагоддзяў выканаў. А для нашых сучаснікаў незвычайны помнік з’яўляецца сімвалам любові да роднай зямлі.
Па дарозе з Палачан у Зораньку, за паўтара кіламетра ад вёскі з правага боку дарогі нібы вырастае з зямлі высечаны з валуна ружовага колеру каменны крыж, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.
У пашпарце аб’екта ўказаны яго “ўзрост” — позняе сярэдневякоўе. Яго вышыня – 1,2 метры, шырыня па гарызантальнай папярочцы – метр. На фасадзе зверху добра чытаюцца высечаныя літары “З” і “S”. Акрамя таго, на папярочцы і вертыкальнай частцы ёсць пашкоджаныя надпісы.
Зверху крыжа – прамавугольнае паглыбленне памерам 4,2 на 2 сантыметры глыбінёй 7 сантыметраў. У ім мы ўбачылі некалькі манетак, прычым не толькі беларускіх… А на самім крыжы павязаны ручнік, да яго прымацаваны штучныя кветкі
Згодна з кнігай “Памяць”, пісьмовае ўпамінанне аб ім было ў кнізе Ф.В.Пакроўскага “Археалагічная карта Віленскай губерні” (Вільна, 1893 г.): “В волости есть камень, имеющий вид креста, но без всяких надписей; находится он теперь на третьем месте; первоначально же он лежал около дер. Кобылок. В народе существует вера в целебную силу этого камня: местные больные, в надежде получить исцеление, обыкновенно приходят сюда и кладут на камень разные подаяния”. Мясцовымі краязнаўцамі запісаны розныя гісторыі паходжання каменнага крыжа, некаторыя з іх нават змешчаны ў інтэрнэце. Наколькі гэтыя факты адпавядаюць рэчаіснасці, дакладна сказаць немагчыма.
Па адной з версій, крыж – надмагільны помнік (у старажытныя часы людзі нярэдка завяшчалі пахаваць сябе на сваёй зямлі). На старых картах часоў вайны з Напалеонам 1812 года гэты каменны крыж быў намаляваны на ўскрайку лесу ў трох дубах. У яго верхнюю частку быў прымацаваны каваны металічны крыж. У пачатку мінулага стагоддзя ля Палачан пачалі будаваць чыгунку, дубрава пайшла пад сякеру, зямлю раздалі людзям. Пры раскарчоўцы адзін з сялян выкапаў валун у выглядзе крыжа, далей ад граху вывез яго на зямлю пана. Прайшоў час, па наваколлі папаўзлі чуткі, што з зямлі вырас каменны крыж, людзі сталі прыходзіць да яго з дарамі. Пану не спадабалася, што людзі топчуць яго зямлю, ён звярнуўся да ксяндза з Аборка. Вырашылі перавезці валун, ды не атрымалася. Так ён і застаўся стаяць. Захавалі людзі і прозвішча таго, хто пасадзіў ля каменя дзве ліпы (цяпер засталася адна) – Рыгор Карабель. Калісьці побач з крыжам стаяла вёска Дзярноўка, але пры адступленні французскіх войскаў яе спалілі.
Ёсць іншая версія. Жыхарка вёскі Груздава, ураджэнка Зоранькі Ніна Станевіч памятае гэты крыж з маленства. Ад вясковых старажылаў яна неаднойчы чула, што быццам бы гэты крыж паставілі ў час адступлення ў 1812 годзе французы на тым месцы, дзе закапалі нарабаванае золата. Аднак потым крыж перамясцілі. Людзі казалі, што двойчы сюды прыязджалі французскія экспедыцыі, але нічога не знайшлі.
Ніна Аляксандраўна памятае і жалезны крыж, які вянчаў камень. Дарэчы, калі была аграномам гаспадаркі “Палачаны”, яна зрабіла ўсё магчымае, каб помнік старажытнасці пакінулі на месцы, калі вялі новую дарогу з Палачан у Зораньку. Па плане валун хацелі перанесці, але Ніна Аляксандраўна настаяла, каб дарогу адвялі на метр-паўтара ад святыні.