Клара Лявонцьеўна Філіпава, Ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы, у мінулым бібліятэкар, потым старшыня Палачанскага сельскага савета.
У 50-я гады я жыла ў Палачанах, працавала загадчыцай сельскай бібліятэкі і старшынёй сельскага Савета дэпутатаў. У 1953 годзе стала камуністкай. У Палачанах, непадалёк ад жывёлагадоўчай фермы, знаходзіліся тры баракі, гэта месца называлася “панскі двор”. Пры панскай Польшчы там жылі трынаццаць сем’яў, якія былі панскімі парабкамі. З прыходам Савецкай улады былыя парабкі сталі калгаснікамі, працавалі на гэтай жа ферме. Як дэпутат сельскага і раённага Саветаў, член райкама партыі, неаднойчы бывала ў гэтых людзей і ведала пра цяжкія ўмовы іх жыцця. Жыллё прыйшло ў непрыгоднасць. Патрэбна было ці рабіць капітальны рамонт, ці будаваць новыя дамы. Не раз я звярталася да кіраўнікоў раёна аб дапамозе ў выдзяленні лесаматэрыялаў і пазыкі. Але былі спасылкі на недастатковую колькасць выдзеленых для раёна будматэрыялаў, хаця і абяцалі нешта выдзеліць... Ішоў час, але ўсё заставалася на месцы.
Пачула, што ў адным з баракаў з Аргенціны вярнуўся да сям’і мужчына. Пры панскай Польшчы ён паехаў на заробкі, пакінуўшы жонку з дзецьмі. Пачалася вайна, і ён застаўся за мяжой. Неяк вечарам зайшла да іх пагутарыць з прыезджым. Тое, што я ўбачыла, вывела мяне з раўнавагі. Дзень быў дажджлівым. У вільготным і халодным пакоі сядзеў на лаўцы Аляксей Вікенцьевіч Канановіч і збіраў у міску і вядро ваду, што лілася са столі. У мяне сэрца сціснулася ад такога малюнка. І чамусьці стала сорамна перад ім, перад усімі людзьмі, што жылі тут.
Некалі, пры памешчыку, баракі заўсёды рамантаваліся, а зараз мы, выходзіць, нічые, – на яго вачах з’явіліся слёзы.
Ішла дадому вельмі сумная. Думала аб тым, што вярнуўся чалавек з-за мяжы дадому, меў надзею, што сям’я жыве пры новай уладзе лепш, чым раней. Але хата пасля яго ад’езду праз гады ператварылася ў памяшканне, непрыгоднае нават для жывёлы.
...І вось я за трыбунай. У прэзідыуме кіраўнікі раёна. Ведала, што будуць крыўдзіцца на мяне, але сказала праўду. Сяргею Восіпавічу Прытыцкаму, відаць, запомнілася маё выступленне, бо ў перапынку падышоў да мяне, каб удакладніць дэталі. Пасля выступлення дэлегатаў ён узяў заключнае слова, быў заклапочаны, усхваляваны:
–Тут выступала старшыня Палачанскага сельскага савета Філіпава. Гаварыла шчыра, вобразна і красамоўна .Відаць набалела на душы , калі ў прысутнасці сваіх кіраўнікоў расказала праўду. І правільна зрабіла. Ці ж стануць людзі шанаваць і паважаць Савецкую уладу, калі не будзе клопату аб іх жыцці. А гэта ж галоўнае ў нашай рабоце. Мы змагаліся за гэта з буржуазна-памешчыцкай Польшай, у час Вялікай Айчыннай вайны.
Сергей Восіпавіч нагадаў камуністам аб неабходнасці больш увагі ўдзяляць людзям, іх патрэбам.
– Калі мы хочам, каб нам паверылі, каб за намі ішлі, рабіце ўсё для людзей, служыце ім.
Гэтыя словы я запомніла на ўсё жыццё і старалася заўсёды рабіць так, як ён прасіў і адначасова загадваў.
Калі канферэнцыя закончылася, ён звярнуўся да мяне:
– Не хвалюйся, старшыня, абавязкова дапаможам.
Яго абяцанне ў хуткім часе было падцверджана канкрэтнай справай. Кіраўнікі раёна пабывалі на месцы. Былі выдзелены матэрыялы, беспрацэнтная пазыка. І сёння па вуліцы Савецкай, паблізу могілак, стаяць пабудаваныя тады дамы...
* * *
Прыехаўшы ў Палачаны, Сяргей Восіпавіч першым чынам зайшоў у сельсавет: усе нашы выступаючыя былі ўжо ў зборы.Сяргей Восіпавіч яшчэ пажартаваў:
– А ці не будзе нас болей чым слухачоў
Тым часам са школы, дзе павінен быў праходзіць вечар,прыбегла Ніна Станевіч:
– У зале ўжо не то што сесці, стаць няма дзе, столькі народу.
Сапраўды, вяскоўцы пакінулі (да часу) толькі вузенькі праход каля сцяны (каб маглі прайсці выступаючыя), які адразу ж запоўнілі, ледзьве мы падняліся на сцэну. Прысутныя горача віталі госця, але ён знакам папрасіў спыніць апладысменты, і я пачала вечар. Мы ўшанавалі памяць тых, хто аддаў жыццё ў барацьбе за Савецкую ўладу ў гады заходнебеларускага падполля, у дні Вялікай Айчыннай вайны. Затым выступіў былы парабак Мечыслаў Станіслававіч Стоцкі, якога ўжо няма ў жывых. Ён расказаў, як жылося пры польскіх панах, як цярпелі ад голаду і холаду дзеды і прадзеды і сам ён з сям’ёй, як шчасліва мяняецца жыццё яго дзяцей, за што ён удзячны Савецкай уладзе.
Усхваляваным было і выступленне адной з першых камсамолак сельсавета Ніны Леган, якая ўступіла ў рады ВЛКСМ у 1940 годзе. Яна гаварыла пра сваіх сяброў –камсамольцаў Івана Легана і Генадзя Паўлоўскага, пра мужнасць юных патрыётаў, якіх забілі фашысты ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Маладое пакаленне пяцідзесятых прадстаўлялі Ніна Станевіч, член кукурузаводчага звяна і лепшая звеннявая льнаводчага звяна Тэрэза Клімашэўская. Затым дарагога госця віталі піянеры.
Нарэшце атрымаў слова Сяргей Восіпавіч. І, як на тое ліха, нешта здарылася з падачай току: раз, другі гасла святло. Але цішыня стаяла ў зале такая, што дыханне можна было чуць.
А Сяргей Восіпавіч пачаў з успаміну аб адным са сваіх выступленняў, калі вось так жа давялося гаварыць у поўнай цемнаце. Было гэта ў 1934 годзе, калі ён разам з іншымі таварышамі-падпольшчыкамі ўдзельнічаў у рабоце партыйных, камсамольскіх форумаў Савецкай Беларусі. Аднойчы далі слова яму.
– Зараз выступіць прадстаўнік КПЗБ таварыш Янек, – аб’явіў старшыня, і ў зале было выключана святло. А запалілася яно, калі на трыбуне ўжо нікога не было. Прысутныя разумелі: падпольная барацьба патрабуе канспірацыі.
Хутка Сяргей Прытыцкі зноў вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У студзені 1936 года на пасяджэнні Віленскага акруговага суда ён страляў у агента дэфензівы Стральчука. Сяргей Восіпавіч расказаў, як цяжка было выявіць здрадніка. Прабраўшыся ў рады камсамола Заходняй Беларусі, ён працяглы час умела маскіраваўся. Калі выпадкі правалаў у партыйных і камсамольскіх арганізацыях учасціліся, стала відавочным, што дзейнічае праватар. Супаставіўшы факты, выйшлі на інструктара падпольнага ЦК камсамола Заходняй Беларусі Стральчука. Падазрэнне вырашылі праверыць: Стральчуку прапанавалі паехаць на вучобу ў Мінск. Адчуўшы няладнае, пераходзіць граніцу ён не стаў, а знік: іншага выйсця ў яго не было. Стала ясна, што падазрэнне мае глебу. І ва ўсе падпольныя камітэты было разаслана паведамленне, што Стральчук – правакатар.
Тут здраднік і паказаў сябе ў адкрытую: стаў выдаваць канспіратыўныя кватэры, вядомыя яму паролі. Апазнаваў затрыманых на вуліцы камсамольцаў і камуністаў, якіх ведаў у твар, удзельнічаў у допытах і катаваннях, выступаў на судовых працэссах у якасці галоўнага сведкі. У выніку яго здрадніцкай дзейнасці былі арыштаваны сотні падпольшчыкаў, разгромлены многія раённыя і асобныя акруговыя аргаізацыі.
Правакатара вырашана было знішчыць. Але паліцыя ахоўвала свайго агента.
Патрэбен быў смелы, рашучы чалавек, гатовы аддаць жыццё ў імя рэвалюцыйнай справы. Чалавек, які ў выпадку правалу мог мужна трымацца на допыце і перад судом.
Выбар паў на Cяргея Прытыцкага, вернасць якога справе партыі, стойкасць і вытрымка прайшлі праверку пры першым арышце, у 1933 годзе.
Калі, даведаўшыся аб дні працэсу, у якім выступаў Стральчук, Сяргей Прытыцкі, якому было тады 23 гады, па падробленаму пасведчанню члена фашысцкай ваеннай арганізацыі “Стшэлец” , пранік у залу, аказалася што Стральчук ужо выступіў. 27 студзеня быў новы працэсс над студэнтам Віленскага ўніверсітэта, дзе зноў павінен быў даваць паказанні Стральчук.
Напярададні Сяргей Прытыцкі пайшоў у лес і праверыў, як дзеінічаюць пісталеты: іх было ў яго два. Вечарам сустрэўся з сябрам, сакратаром ЦК камсамола Заходняй Беларусі Мікалаем Дворнікавым, (падпольныя клічкі “Роберт”, “Герасім”).
Назаўтра з самай раніцы накіраваўся ў суд. Прасядзеў да 15 гадзін. Толькі пасля перапынку выклікалі ў якасці сведкі Стральчука.
У зале стаяла цішыня. Ад паказанняў яго залежыў лёс падсудных. Калі ён назваў іх агентамі бальшавікоў, Прытыцкі, выхапіўшы пісталеты з кішэняў, кінуўся да правакатара і націснуў абодва куркі. Прагучалі выстралы. Пачалася неразбярыха. Прытыцкі для надзейнасці яшчэ двойчы выстраліў у здрадніка, які паваліўся на падлогу. Толькі пасля гэтага кінуўся да выхаду, але, выскачыўшы з залы, быў акружаны шпікамі і паліцэйскімі. Убачыўшы пісталеты, яны адступілі да сцяны і нават рукі паднялі. Але, ачухаўшыся, сталі страляць услед і паранілі ў левы бок, шыю і руку.
– Ніхто не думаў, што выжыву, – расказваў Сяргей Восіпавіч. – Пасля аперацыі два месяцы ляжаў у турэмным шпіталі. А потым перавялі ў камеру для смяротнікаў.
Допытамі яго даймалі аж да чэрвеня. Крыўдна было даведацца, што не забіў правакатара, а толькі параніў у галаву і руку, кулі ў корпус не дасягнулі мэты, бо правакатар насіў пад пінжаком панцыр. Пасля выстралаў у судзе Стральчук знік: гаварылі быццам страціў розум і памёр. Больш пра яго не чулі.
У чэрвені 1936 года Віленскі суд прыгаварыў Прытыцкага да пакарання смерцю праз павешанне. Тым часам у Польшчы распаўсюджвалі лістоўкі з фатаграфіямі Прытыцкага і патрабаваннямі адмяніць пакаранне. У турмах палітзняволеныя аб’явілі галадоўку. Праходзілі мітынгі, дэманстрацыі. Імя яго прагрымела не толькі ў Польшчы. Удзельнікамі магутнай хвалі пратэсту супраць пакарання Сяргея Прытыцкага смерцю, сталі савецкія людзі. Кампанія ў абарону яго развярнулася ў многіх краінах. І прагрэсіўныя сілы перамаглі. Пакаранне смерцю было заменена пажыццёвым зняволеннем.
– Так я зноў размінуўся са смерцю, ад якой у першы раз выратавалі ўмелыя рукі хірурга, а ў другі раз – воля народных мас.
Нехта з залы запытаў:
– А вам не страшна было ісці на смерць?
– Каму хочацца паміраць? Але, ідучы на заданне, я ведаў у імя чаго ахвярую. І гэта было даражэй за жыццё, – адказаў Сяргей Восіпавіч.
Канец зняволенню Сяргея Восіпавіча і канец панскаму прыгнёту ўсіх жыхароў Заходняй Беларусі паклаў вызваленчы паход Савецкай Арміі ў верасні 1939 года.
З залы зноў і зноў узнімаліся рукі, гучалі пытанні. Сяргей Восіпавіч адказваў, дзякаваў за ўвагу, а яго не адпускалі са сцэны.
А потым выступалі з канцэртам дзеці, школьнікі. Сяргей Восіпавіч па іх просьбе сфатаграфаваўся з імі. Вось яна, гэта фатаграфія.
Дараваць сабе не магу, што не здагадаліся сфатаграфавацца з ім і мы, дарослыя.
Адкрытасць, шчырасць, з якой паводзіў сябе Сяргей Восіпавіч, радасць, што ён прыехаў і, здаецца, не шкадуе аб патрачаным часе (гэта адчувалася па яго настроі) надалі мне смеласці запрасіць яго на вячэру..
– Вячэраць, дык вячэраць,- весела згадзіўся Сяргей Восіпавіч.
Ад хвалявання не магла знайсці сурвэту, давялося пакрыць стол газетай. Паставіла немудроныя стравы.
– Не хапае галоўнага, – жартаўліва сказаў госць, акінуўшы вокам застолле, – хлеба, гаспадынька, не бачу.
Я павярнулася да шуфляды, дзе павінен быў ляжаць хлеб і ўспомніла, што забылася прызапасіць яго.
Паціху ад гасцей давялося бегчы сярод ночы да суседзяў Бурачонкаў: тут, на шчасце, гаспадыня аказалася больш запаслівай і выручыла мяне.
Ледзь не да раніцы працягвалася размова. Сяргей Восіпавіч расказваў пра бацькоў, братоў, пра жонку і дачок. Успамінаў, як пасля прагляду кінафільма “Чырвонае лісце” малодшая ўсё пыталася, што сталася з дзяўчынай, з якой яго вянчалі ў кіно, чаму ён пакінуў яе. Давялося тлумачыць, што гэта мастацкі вымысел, сюжэтны ход, прыдуманы сцэнарыстам. А дачка не верыла.
Сяргей Восіпавіч шмат жартаваў, смяяўся. Цень набег на яго твар, калі ўспомніў пра братоў, якіх да таго часу ўжо не было ў жывых, з сумам сказаў, што прозвішча Прытыцкіх хутка знікне, бо сёстры і дочкі прадоўжаць род, але іх дзеці ўжо будуць насіць іншыя прозвішчы.
Развіталіся, калі ўжо днела. Гляньце. Раніца займаецца. А спаць зусім не хочацца, – сказаў Сяргей Восіпавіч і дабавіў, што даўно ўжо не адчуваў такой маральнай раўнавагі і задавальнення. Свабодныя сядзенні ў машыне былі заняты кветкамі, якія падарылі Сяргею Восіпавічу калгаснікі, дзеці, настаўнікі.
Ён не забыў расказ Ніны Леган пра сяброў-камсамольцаў, і яго садзейнічанню палачанцы абавязаны тым, што быў пастаўлены ў Палачанах памнік патрыётам.. Радзіма-маці смуткуе аб сваіх загінуўшых сынах. Слова ў Сяргея Восіпавіча ніколі не расходзілася са справай. І ніколі не адрываўся ён ад людзей, ад іх зямных малых і вялікіх клопатаў. Праз многа год, калі Сяргей Восіпавіч быў ужо сакратаром ЦК КПБ, давялося мне звярнуцца да яго за садзейнічаннем ва ўладкаванні на работу ў Мінску дачкі загінуўшага салдата і партызанкі.
Паролем, які адкрыў мне дзверы яго кабінета, была назва нашага Маладзечна, якому Сяргей Восіпавіч аддаў шэсць гадоў жыцця. Як ні мала было ў яго часу, распытаў пра сям’ю і пра дзяцей, работу. Тут жа пры мне даў адпаведныя распараджэнні наконт дзяўчынкі, клопат пра якую прывёў мяне да яго.
Такім ён застаўся і тады, калі быў выбраны Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Сапраўдны камуніст, народны прэзідэнт, такім ён застаецца ва ўдзячнай памяці людзей, якіх любіў, якім служыў усё сваё жыццё.