Запомнілася жыхарам вёскі Чарлёна 22 чэрвеня 1941 года, калі пачалася вайна. Ім давялося быць відавочцамі падзей, якія разгарнуліся на ваенным аэрадроме паблізу іх вёскі. Менавіта нашы лётчыкі разам з пагранічнікамі першымі ўступілі ў бой з ворагам, які напаў на нашу краіну ў гэты дзень. Не ведалі тады чарлёнцы прозвішчаў адважных сокалаў, але ў гераізме іх ўпэўніліся.
…22 чэрвеня 1941 года ў 3 гадзіны 55 мінут у 16-ым скарасным бамбадзіровачным палку была аб’яўлена баявая трывога. Да самалётаў СБ падвезлі авіябомбы рознага прызначэння. Ужо чуваць было, як варожая авіяцыя бамбіла чыгуначны мост праз Нёман ля Мастоў.
У 5 гадзін 45 мінут над аэрадромам з’явіўся варожы самалёт. Зрабіўшы круг, ён паляцеў на захад. Камандзір палка прымае рашэнне пераляцець на запасны аэрадром.
Першым узляцеў экіпаж капітана А. С. Пратасава, у які ўваходзіў штурман А. К. Ярулін і стралок-радзіст Бесарабаў.
На самалёт Пратасава накінулася некалькі нямецкіх самалётаў.
З зямлі ўбачылі, як рухнуў уніз адзін варожы самалёт. Потым бачылі, як Пратасаў накіраваў сваю машыну на варожы бамбардзіроўшчык. Пры сутыкненні абодва самалёты ўзарваліся ў паветры.
Восенню 1940 года на аэрадром вёскі Чарлёна перабазіраваўся 127-ы знішчальны авіяполк. У гэтым палку была эскадрылля, камісарам якой з’яўляўся А. С. Данілаў.
У ліку першых у паветры з пачаткам ваенных дзеянняў узлятае і “Чайка” А. С. Данілава. Першы бой экіпаж прыняў у небе над Гроднам.
Потым у баі над вёскай Каўшова Данілаў збіў два варожыя самалёты, адзін з іх згарэў, другі упаў у балота. Вёска Каўшова ў нейкіх дзесяці кіламетрах ад Чарлёны, таму жыхары ўсё гэта бачылі.
Потым чарлёнцы былі відавочцамі апошняга бою “Чайкі”. Яна ўжо была прабіта ў некалькіх месцах. Адна куля трапіла і ў камісара. Толькі гадзіннік у нагруднай кішэні выратаваў яму жыццё.
Але ныла параненая нага. Потым была паранена галава і рука. У цяжкім стане лётчыку нейкім чынам удалося пасадзіць самалёт за вёскай Чарлёна. Але выбрацца з машыны не ўдалося.
Усё гэта бачыў жыхар вёскі Іван Андрэевіч Лапа. Ён звярнуўся да суседкі Сцепаніды Сцяпанаўны Гурбік. Удваіх яны вызвалілі лётчыка і даставілі з цяжкасцямі ў хату Гурбік.
Усе, хто назіраў за боем з зямлі, палічылі, што Данілаў загінуў.
Аб гэтым паведаміла газета “Красная звезда”. Быў выдадзены Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджванні Данілава ордэнам Леніна (пасмяротна). Бацькі атрымалі пахавальную.
Але герой першага дня вайны не загінуў. Яго выратавалі сяляне вёскі Чарлёна.
Пасля выздараўлення А. С. Данілаў вярнуўся ў строй і да канца вайны зрабіў 97 баявых вылетаў. На яго рахунку яшчэ 9 збітых варожых самалётаў. Зноў ваяваў над Беларуссю ў саставе эскадрыллі “ Нармандыя-Нёман ”. Да ордэна Леніна прыбавіўся ордэн Чырвонага Сцяга. Закончыў вайну пад Берлінам.
Пасля вайны ён не парываў сувязей з Чарлёнай. Вучням школы падараваў фотоальбом.