Гісторыя памятае тыя часы, калі ў кожнага жыхара на слыху былі словы: губерня, генерал, губернатар, памешчык, князь, маёнтак, сядзіба.
У нашым XXI стагоддзі гэтыя словы можна сустрэць толькі ў падручніках гісторыі. Сучасны свет знайшоў замену ім, але гісторыя служыць дзеля таго, каб памятаць. Памятаць і нагадваць нам аб мінулым.
XVIII стагоддзе – стагоддзе воін і палітычных крызісаў. У 1795 г. адбыўся III падзел Рэчы Паспалітай, па якім Заходняя частка Беларусі была далучана да Расійскай імперыі.
Гісторыя не мінула і наш Мастоўскі край. За дваццаць кіламетраў ад горада Масты знаходзіцца вёска Глядовая. Мінавіта ў ёй у тым далёкім XVIII стагоддзі князямі Сапегамі быў пабудаваны маёнтак Чарлёна. Але ў канцы стагоддзя ў сувязі з палітычнай сітуацыяй маёнтак Чарлёна 2 жніўня 1799 года быў набыты ў асабістую маёмасць Пінскім Кашталянам Францішкам Любецкім з роду Друцкіх- Любецкіх. Менавіта з гэтага імені пачынаецца векавая гісторыя маёнтка Чарлёна князёўДруцкіх – Любецкіх.
Пасля смерці Францішка маёнтак дастаўся як радавая спадчына яго сыну – Сапраўднаму Таемнаму дарадчыку і Ордэнаў Кавалера князю Ксаверыю Францавічу Друцкаму-Любецкаму. Пачатак XIX стагоддзя маёнтак складаўся з двух фальваркаў / Чарлёна і Лаўна / 4 вёсак/ Чарлёна, Лаўна, Харціца, Русінаўцы/. Агульная плошча маёнтка – 3643 дзесяціны, гадавы даход складаў 6345 рублёў серабром. У цэлым, у маёнтку пражывала 1795 чалавек. Што характэрна: працаздольнымі лічыліся грамадзяне ад 14 да 60 год. Асноўны збыт хлеба, лесу, розных вырабаў адбыўся ў г.Гродна, а на суднах па р.Нёман у г. Коўна і замежны Кенігсберг.
У 1892 г. пры Аляксандры Ксавер’евічу Друцкім-Любецкім у маёнтку быў адкрыты вінакурны завод №3. Неабходна адзначыць, што ў Скідзелі быў адкрыты вінакурны завод №8.
З 1896 года Уладзіслаў Аляксандравіч Друцкі-Любецкі становіцца ўласнікам маёнтка Чарлёна. Маёнтак уключаў фальваркі: Чарлёна, Лаўна, Юшкоўшчына, Марынін, Русінаўцы. У маёнтку меліся вінакурны завод, два ветраныя млыны, цагельны завод у вёсцы Лаўна, паром ў вёсцы Лунна.
Гадавая сума прыбытку з усіх маёнткаў складала 5 000 000 рублёў. Толькі кошт маёнтка Чарлёна складаў 1 500 000 рублёў.
Апошнім уладальцам маёнтка была жонка Уладзіслава княгіня Марыя Здзіславаўна Друцкая-Любецкая, народжаная графіняй Замойскай. У хуткім часе пачалася Першая сусветная вайна, княгіні прыйшлося пераехаць са сваімі дзецьмі ў Варшаву. Менавіта тут, у натарыуса на вуліцы Рыссяй №1, яна аб’явіла акт дамоўленасці на права ўласнасці маёнтка Чарлёна памешчыку- двараніну Івану Уладзіслававічу Жукоўскаму, пражываючаму ў г.Гродна.
Так заканчваецца векавая гісторыя маёнтка Чарлёна і князёў Друцкіх-Любецкіх на Мастоўшчыне.