Гэта было 17 снежня 1942 года. Дзень жорсткай расправы фашыстаў з жыхарамі вёскі.
Іх было больш за 300. Яны ўсіх жыхароў сагналі ў хату Юльяна Якаўлевіча Кармана.
З прысутных вяскоўцаў выбралі групу людзей. Іх вывелі на вуліцу і пагналі капаць ямы. Адна была выкапана ў выглядзе канавы ўздоўж дарогі з Чарлёнкі на Каралі. Другая – на вясковых могілках у форме прамавугольніка.
Потым пад канвоем сталі гнаць жыхароў да канавы. Там прымушалі раздзявацца. Адзенне адразу палілі. А голых гналі да другой ямы. Калі чарлёнкаўцы прыбліжаліся да яе, раздаваліся выстралы з пісталетаў.
Былі расстраляны некаторыя жыхары суседняй вёскі Шчара, а таксама з Галубоў, Курылавіч, якіх паймалі фашысты. Іх напаткаў лёс жыхароў Чарлёнкі.
У гэты трагічны для вёскі Чарлёнка дзень абарваліся жыцці 80 чалавек рознага ўзросту. Таму пазней не было ў каго ўдакладніць імёны і гады нараджэння загінуўшых.
Кажуць, што першай да ямы падвялі Мялешка Настассю Ігнатаўну. Калі раздаўся стрэл і трыццацігадовая жанчына ўпала ў яму, з крыкам “ма – ма!” у яму скокнула яе 9 – гадовая дачка Яўгенія.
У дзень расстрэлу загінулі 80 – гадовая Аляксандра Якаўлеўна Крывіцкая,
76- гадовы Іван Ануфрыевіч Ярмак, 75 – гадовы Ілья Пятровіч Новік, 74-гадовая Антаніна Якубаўна Новік, 72 – гадовая Марыя Якаўлеўна Мялешка .
Загінулі цэлыя сем’і: Чартка Уладзіміра Міхайлавіча з пяццю дзецьмі, сярод іх гадавалы Сямён і нядаўна народжаная Ніна; Мялешкі Рыгора Мікалаевіча з чатырма дзецьмі; Благуна Аляксея Мікалаевіча і іншыя.
Загінулі ні ў чым невінаватыя дзеці: Доста Леакадзія 1942 г.нар., Благун Леанід 1939 г.нар.,Благун Уладзімір 1940 г.нар., Благун Марыя 1941 г.нар., Новік Настасся 1940 г.нар., Танчык Аляксандра 1940 г.нар., Чарток Вольга 1941 г.нар., Чарток Яўгенія 1941 г.нар. да рэчы, дзяцей ва ўзросце да двух гадоў не стралялі, а кідалі ў яму жывымі.
Драматычна склаўся лёс сям’і Піліпа Васільевіча Досты. Ён і яго жонка Сцепаніда Сцяпанаўна лічыліся ў актывістах, жонка да вайны працавала сакратаром Малькавіцкага сельсавета. Праўда, іх ніхто не выдаў немцам, але яны абое пры складаных варунках стараліся не быць дома. Усе сцвярджалі, што пры любых цяжкіх абставінах дзяцей чапаць не будуць.
Калі сталі гаварыць аб магчымай аблаве, П.В. Доста разам з жонкай і старэйшым сынам Піліпам сышлі з дому, а траіх сваіх дзяцей Марыю, Клаву і Віцю аставілі з бабуляй, назаўжды развіталіся з роднымі і аднавяскоўцамі зімовым марозным днём, на другім годзе вайны.
Засталіся лічаныя жыхары. Так, Аляксей Новік пайшоў у партызаны, а пасля вызвалення стаў франтавіком. На жаль, на фронце абарвалася жыццё гэтага мужнага чалавека.
Уцёк з дому ў лес Антон Сцяпанавіч Чарток. Недалёка ад месца расправы ён залез на сасну, таму стаў відавочцам гэтай жудаснай трагедыі.
Вясной уцалелыя жыхары Чарлёнкі сабраліся разам, адкапалі забітых вяскоўцаў, паклалі іх радочкам, абклалі дошкамі і зноў закапалі. На гэтым месцы паставілі крыжы. Пазней на месцы пахавання быў устаноўлены помнік – абеліск