На берагах Нёмана ў старажытнасці расло шмат дубоў, меліся прыгожыя гаі з палянамі. На адной з іх узнікла пасяленне, якое назвалі Дубна. А вось пра час узнікнення сказаць цяжка. Наогул, на берагах Нёмана людзі знайшлі сабе прытулак ў старажытныя часы. Архіолаг Л. Клейн у 50-я гады пры абследаванні Нёмана выявіў па абодва берагі селішча з рэшткамі печаў. Калі там сталі жыць людзі, сказаць адназначна не магчыма. Дубненсія грунты успамінаюцца ў “ Пісцовай кнізе Гродзенскай эканомікі ”, складзенай у 1557 г. Пры апісанні сяла Панямонне (Занёманск) сказана: “ Першая бакавая мяжа пачынаецца пад ракою Нёман, уздоўж на поўнач ля засценку да валокаў, дадзеных гэтаму сялу, і ля грунтаў дубненскіх, заканчваецца ля валок Малых Сцяпанішкаў ”. Трэба меркаваць, што вёска Дубна ўжо ў XVI ст. існавала як аселае пасяленне. А не апісана яна ў пісцовай кнізе таму, што вёска была прыватнаўласніцкая. Аб тым, што Дубна старадаўняе пасяленне, сведчыць легенда. Царква, якая ёсць у Дубна, не першая. Намнога раней у вёсцы існавала драўляная царвка. Згодна з легендай яна правалілася ў зямлю і на яе месцы ўтварылася возера, якое да гэтага часу называецца Царкоўным.
На самой справе магло адбывацца вось як.
Сапраўды, царква была, толькі разбурылася хутчэй за ўсё ў выніку нейкай воднай стыхіі. Праз стагоддзі Нёман намнога паправеў. Воды ракі падмылі і царкву, якая абрушылася ў ваду. А ў пойме Нёмана, толькі ўжо зараз, на левым беразе ўтварылася возера.
Землі Дубна адносіліся да ўрадлівых. Акрамя зернавых, вяскоўцы значную ўвагу надавалі вырошчванню агародніны. Асабліва ўрадлівай была цыбуля. У кнізе “ Гродзенская губерня ” адзначалася, што ў Дубна вырошчваюць цыбулю не толькі для сябе, але і на продаж. Амаль на працягу года прадавалі дубенцы цыбулю на кірмашах, у тым ліку і ў Гродне. Так як Дубна размяшчалася ў даволі зручным месцы, то вёска з даўніх пор была буйным населеным пунктам.
У 1883 г. налічвалася 100 дамоў, пражывала 590 жыхароў. Вёска Дубна з’яўлялася цэнтрам вобласці, пазней гміны. У 1862 г. тут адкрылася народнае вучылішча. Была ў вёсцы і пошта.