На беразе Нёмана вялікая брацкая магіла, на якой устаноўлены помнік са скульптурай “Смуткуючая маці”. Вакол пануе мёртвая цішыня, асабліва зімой, калі Нёман пакрываецца белай коўдрай. Толькі вецер-свавольнік кранае галінкі бярозак, якія растуць на магіле. Калі настане вясна, прырода абуджаецца. Дрэўцы на магіле пакрываюцца зялёнымі лісточкамі. Яны безупынна гамоняць, быццам расказваюць аб трагедыі, якая напаткала жыхароў гэтай вёскі. На помніку высечаны словы:
“Тут пахаваны 970 жыхароў вёскі Княжаводцы, па-зверску забітых нямецка-фашысцкімі захопнікамі 23 ліпеня 1943 года”
У другім месцы яшчэ адна магіла, у якой пахавана больш як 300 княжаводскіх сялян.
Нямногім жыхарам вёскі ўдалося вырвацца з лап забойцаў. І кожны з іх з болем у сэрцы ўспамінае той страшэнны дзень 23 ліпеня 1943 года.