“… Гаварылі ўвесь час, што будуць біць княжаводцаў, але мы ўсё не верылі. І вось раз мая свякроўка ўстала і гаворыць:
- Уставайце, ужо Княжаводцы ачапілі.
Мы ўсталі, глянулі цераз акно – немцы стаяць адзін ад аднаго, як ад сценкі да сценкі. Мой муж гаворыць:
- Пайду я дзе-небудзь схаваюся, пайду, нібы па сечку каню…
“… Гаварылі ўвесь час, што будуць біць княжаводцаў, але мы ўсё не верылі. І вось раз мая свякроўка ўстала і гаворыць:
- Уставайце, ужо Княжаводцы ачапілі.
Мы ўсталі, глянулі цераз акно – немцы стаяць адзін ад аднаго, як ад сценкі да сценкі. Мой муж гаворыць:
- Пайду я дзе-небудзь схаваюся, пайду, нібы па сечку каню…
І я так падпаўзла да яго. Леглі мы адно да аднаго і ляжым…
І чула я, лежачы ў разоры, як ішлі людзі. Адна суседка заплакала¸ але яны не крычалі на яе, а нешта ёй усе ціхенька гаварылі. А пасля яны зайшлі да мае свякроўкі, я чула, як яны бралі яе, свякроўку маю. Потым яшчэ адзін немец, як забраў свякроўку маю, загаварыў па-нямецку:
- Пайду фарзухан.
Зайшоў у хату, паглядзеў і пайшоў.
Тады прыгналі людзей з суседніх вёсак – браць наша дабро, якое засталося. Выгналі каровы. Падышла наша карова, стала над намі і чмыша. А мы баімося, каб хто не заўважыў, чаго яна тут спынілася. Потым тыя людзі, што былі з лапатамі, прыйшлі і адагналі нашу карову, а нас – не заўважылі.
Антон мой кажа:
- Людзей закопваць пайшлі.
І яшчэ нам усё не верыцца. Чуем мы, як з нашай хаты ўсе бяруць, як сячкарню ўзялі на дварэ, плуг. Барану шукалі. Пасля паехалі, сціхла ўсё зноў, і мы думалі, што ўсё ўжо супакоілася. А пасля ўжо – стральба, стральба, стральба!.. І з кулямёта стралялі, і так па адным, і з аўтаматаў. Мы ляжым, а потым бачым – усё гарыць! Ужо наш дом гарыць і суседні за намі гарыць… Адзін наш сусед, Коўш Мікалай, неяк увечары зайшоў да нас і гаворыць:
- Як будуць нас калі-небудзь запальваць, дык я залезу пад печ. Запаляць хату,
разгарыцца добра, дык тады ў дыме я выскачу і пабягу, і ўсё будзе ў парадку.
Ён так потым і зрабіў. Калі запалілі ўсе хаты, каля таго дома, дзе ён пад печ схаваўся, сталі немцы нешта гаварыць. Бо яны так рабілі: дом падпаляць і стаяць кругом, чакаюць. Коўш залез пад печ, а немцы запалілі яго хату і стаяць. Тады ён выбег з агню, і яго злавілі. Гэта людзі расказвалі з другіх вёсак, каторыя падвозчыкі. На ім былі гумовыя боты, немцы загадалі зняць іх. Сцягнуў ён адзін, сцягнуў другі, і тады яму ззаду ў голаву стрэлілі. Казалі людзі, што закапалі яго ў той вялікай яме, разам з усімі, але збоку.
Стаялі яны каля хат, пакуль усё дазвання не згарыць. Як жа там уседзіш, пад тым прыпечкам!.. Усе яны былі ў нямецкай форме, у плашчах, у такіх пярэстых, і ў касках усе.
Было гэта дваццаць трэцяга ліпеня – якраз сённяшнім днём. Нават пятніца была таксама. У сорак трэцім…”